Былы лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч дастаўлены ў Гаагу. Самалёт з Караджычам вылецеў з Бялграду ў Галяндыю а 4:45 па менскім часе. Дакладная дата пачатку працэсу над Радаванам Караджычам у Гаагскім трыбунале пакуль не называецца.

Тым часам, учора ў сэрбскай сталіцы прайшла шматтысячная дэманстрацыя ў падтрымку Караджыча, якая скончылася масавымі беспарадкамі.

Паліцыянты былі вымушаныя прымяніць сьлезацечны газ, бо дэманстранты пачалі закідваць іх камянямі, бутэлькамі і «кактэлямі Молатава». Па дадзеных паліцыі Бялграду, ня менш за 25 паліцэйскіх і каля 20 звычайных грамадзян атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.

Нагадаем, што Караджыч быў затрыманы 18 ліпеня ў прыгарадзе Бялграда. Па некаторых зьвестках у апэрацыі ўдзельнічалі амэрыканскія і брытанскія спэцслужбы. Як паведамляе сэрбская прэса, Караджыча злавілі дзякуючы ананімнаму званку ў сэрбскую выведку. Спэцслужбы сачылі за ім цягам шасьці тыдняў.

Караджыч хаваўся ад правасудзьдзя больш дзесяці гадоў. Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі абвінавачвае яго ў генацыдзе ў ходзе балканскай вайны 1992 – 1995 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?