Не сакрэт, што навукова-тэхнічны прагрэс уплывае на ўсе сферы жыцця чалавека і вядзе да сацыяльных змен у грамадстве. Машыны і механізмы спрадвеку выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы, таму ад узроўню развіцця тэхналогій залежыць сітуацыя ў эканоміцы. Уплыў тэхналогій на працоўны рынак — трывалы працэс, які адбываецца заўсёды.

Але ў апошнія дзесяцігоддзі сталі імкліва развівацца інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, і эксперты мяркуюць, што ў найбліжэйшай будучыні змены працоўнага рынку будуць яшчэ больш радыкальнымі, а некаторыя катэгорыі грамадзян увогуле могуць застацца без працы. Машыны і робаты значна павялічваюць прадукцыйнасць працы. Для вытворчасці ўмоўнай адзінкі прадукцыі патрабуецца менш чалавека-гадзін, таму ёсць рызыка росту беспрацоўя і сацыяльнай напружанасці ў грамадстве.

«Наша Ніва» вырашыла прааналізаваць, якія прафесіі могуць знікнуць ужо ў найбліжэйшы час, ці сапраўды робаты пакінуць людзей без працы, якія негатыўныя наступствы гэта можа мець і што рабіць у гэтай сітуацыі Беларусі. Дапамагаў нам у гэтым праграміст і прадпрымальнік Юрый Мельнічак, які апошнім часам актыўна займаецца нейроннымі сеткамі.

Якія прафесіі знаходзяцца пад пагрозай знікнення?

Згодна са справаздачай Bank of America, ужо да 2025 года робаты будуць выконваць каля 45% вытворчых задач у ЗША (цяпер гэты паказчык крыху большы за 10%). З кожным годам камп’ютары і робаты будуць станавіцца ўсё больш таннымі, даступнымі і простымі ў эксплуатацыі, таму працадаўцы будуць выкарыстоўваць іх усё больш ахвотна.

Сярод прафесій пад найбольшай пагрозай знаходзяцца:

- нізкакваліфікаваныя рамеснікі і чорнарабочыя

- работнікі адміністрацыі і чыноўнікі (так, колькасць чыноўнікаў будзе зніжацца)

- работнікі сельскай гаспадаркі і рыбаводства

- мяснікі і булачнікі — прыгатаваннем ежы будуць займацца пераважна робаты, хаця прафесійныя кухары і высокая кухня не знікнуць

- бухгалтары

- гандлёвыя агенты, тэлемаркетолагі і раздробныя прадаўцы — з кожным годам робаты будуць усё лепш спраўляцца з задачамі распазнавання асобы і больш натуральна камунікаваць з пакупнікамі

- кіроўцы транспарту

- памочнікі юрыста / параюрысты — самі юрысты не знікнуць, але з дапамогай камп’ютараў людзям будзе значна прасцей арыентавацца ў законах

- суддзі ў спартыўных гульнях

- афіцыянты і іншы абслугоўваючы персанал ва ўстановах харчавання і адпачынку.

А хто з высокай доляй імавернасці не страціць працу?

Відавочна, што робаты не змогуць замяніць чалавека ва ўсіх сферах дзейнасці. У прафесіях, якія патрабуюць крэатыўнасці, інтуіцыі, суперажывання і сацыяльнага ўзаемадзеяння ў вялікай колькасці робаты не заменяць людзей. Сярод падобных прафесій:

- навукоўцы: камп’ютары будуць хутчэй апрацоўваць інфармацыю і дапамагаць навукоўцам у даследаваннях, але малаверагодна, што робаты змогуць іх замяніць;

- мастацкія прафесіі, крэатыўныя індустрыі: мастакі, паэты, пісьменнікі, прафесійныя фатографы, сцэнарысты — камп’ютары на прымітыўным узроўні навучыліся пераймаць стыль мастакоў, але ствараць новыя стылі яны не здольныя;

- медыцынскія работнікі;

- сацыяльныя работнікі;

- выкладчыкі — тэхнічныя сродкі будуць усё больш актыўна выкарыстоўвацца ў навучанні, але самі робаты не заменяць выкладчыкаў;

- паліцэйскія, пажарныя, прадстаўнікі сілавых структур і інш.

І што далей?

Такія кардынальныя змены на рынку працы будуць мець вялікія наступствы для эканомікі. З-за таго, што ў першую чаргу знікнуць малааплатныя і нізкакваліфікаваныя прафесіі, ёсць высокая рызыка росту сацыяльнай няроўнасці і напружанасці ў грамадстве.

Але ці сапраўды трансфармацыя рынку працы можа выклікаць катастрофу? Праграміст і прадпрымальнік Юрый Мельнічак мяркуе так на гэты конт:

«У некаторых сферах чалавек ужо замяняецца машынамі. У якасці прыкладу магу прывесці алгарытмічны трэйдынг. У свеце яшчэ шмат прафесійных трэйдараў, але частку іх працы ўжо выконваць спецыяльныя алгарытмы.

Канешне, у першую чаргу аўтаматызацыя «знішчыць» тыя прафесіі, у якіх робаты могуць выконваць неабходную работу лепш, чым гэта робіць чалавек, а таксама там, дзе замена працаўнікоў робатамі прывядзе да эканамічнай выгады.

Мы можам паглядзець на сельскую гаспадарку. Кожны год колькасць занятых у гэтай сферы скарачаецца, а прадукцыйнасць працы, наадварот, расце. З-за механізацыі працы фермеры працуюць усё больш эфектыўна. Гэта не значыць, што гэтая прафесія цалкам знікне. Проста аб’ём прадукцыі, які вырабляецца адным чалавекам, будзе імкліва павялічвацца, таму і неабходнасць у працоўнай сіле будзе скарачацца. Мы не пабачым людзей, якія капаюць бульбу рыдлёўкай альбо вырабляюць дэталі за такарным станком, — гэтага ў масавай вытворчасці не будзе. А ўсё ж і ў сельскай гаспадарцы, і на заводах людзі застануцца.

Калі мы кажам пра рабатызацыю і аўтаматызацыю вытворчасці, гэта ўсё тычыцца не толькі самых развітых краін, але і Беларусі. Таму нам таксама варта звяртаць увагу на ўсе гэтыя працэсы, каб не застацца ў аўтсайдарах.

Прэзідэнт патрабуе давесці сярэдні месячны заробак у Беларусі да 500 долараў, але нам цяжка будзе ўтрымаць гэтыя лічбы, калі мы не падвысім эфектыўнасць працы. І без аўтаматызацыі гэта будзе немагчыма.

Назіраецца яшчэ адна цікавая тэндэнцыя: адставанне адных краін ад іншых будзе толькі скарачацца. Асаблівасць новых тэхналогій (асабліва софтавых) у тым, што яны патрабуюць вялікіх выдаткаў пры стварэнні, але калі такая тэхналогія ўжо створана — яе масавае ўкараненне амаль нічога не каштуе. У дадзеным выпадку трэнд глабалізацыі працуе на нас, і нам варта было б гэтым скарыстацца.

Але відавочна, што такія радыкальныя змены будуць падабацца далёка не ўсім. Некаторыя людзі будуць губляць працу, што будзе мець самыя негатыўныя наступствы. Ужо зараз мы з’яўляемся сведкамі масавых пратэстаў таксістаў супраць Uber. Але гэта, як кажуць у народзе, яшчэ толькі кветачкі, а ягадкі будуць пазней, калі кіроўцаў Uber заменяць беспілотныя аўтамабілі. Таму варта чакаць пэўных праяў «неалудызму», калі частка грамадства, якая страціць працу, будзе актыўна выказваць сваю незадаволенасць.

Але ўсё не так страшна, як можа здавацца. Справа ў тым, што новыя тэхналогіі будуць не толькі «знішчаць» прафесіі, але і ствараць новыя. Тут можна ўзгадаць прамысловую рэвалюцыю, калі машыны і механізмы забралі ў чалавека частку працы. Але ніякай трагедыі не здарылася. Так, нізкакваліфікаванай работы стала менш, але з’явілася і шмат новых прафесій, якія патрабуюць высокай кваліфікацыі. Думаю, што мы будзем зараз назіраць гэты ж самы працэс.

І гэта вельмі добра, таму што ў людзей з’явіцца больш магчымасцей займацца тым, што ім сапраўды цікава. Ужо не трэба будзе працаваць толькі дзеля таго, каб пракарміць сябе. Грошы не будуць з’яўляцца галоўным матывам у выбары прафесіі. А грамадзянін, які займаецца цікавай для яго справай, будзе прыносіць больш карысці для грамадства. І ў гэтым грамадстве будзе больш эканамічна актыўнага насельніцтва, што будзе рухаць нас наперад яшчэ далей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?