У Беларусі ў выхадныя будзе ветрана, дажджліва і халаднавата, паведаміла БЕЛТА намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.

фота Юліі Бальцэвіч

«Вясна сёлета ранняя. Тэмпературны рэжым амаль на месяц апярэджвае каляндар. Сярэдняя тэмпература паветра за першую палавіну сакавіка склала ад плюс 2 градусаў на паўночным захадзе да 6 цяпла на паўднёвым усходзе рэспублікі і была на 6-9 градусаў вышэйшай за норму для гэтага часу, — адзначыла Святлана Рыбакова. — Снежнае покрыва сайшло, але на вадаёмах яшчэ захоўваецца ледастаў з праталінамі і закраінамі, з-за цёплага надвор'я актыўна разбураецца ледзяное покрыва. Выходзіць на лёд нельга, таму што ён нетрывалы і рыхлы».

У пятніцу, 17 сакавіка, ноччу ў некаторых раёнах чакаецца туман, магчымы слабы галалёд. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 2, днём паветра прагрэецца да 5-11 градусаў.

«У гэтыя выхадныя характар надвор'я зноў пагоршыцца, неба зацягне воблакамі, будуць ападкі, узмоцніцца вецер, а тэмпературны фон панізіцца. 18-19 сакавіка тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца пад уплывам атмасферных франтоў, што змяшчаюцца з паўночнага захаду Еўропы», — сказала Святлана Рыбакова.

У суботу, 18 сакавіка, чакаецца ў асноўным воблачнае надвор'е. На большай частцы тэрыторыі пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай у некаторых раёнах моцныя ападкі, магчымы слабы галалёд і на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад 2 марозу да 3 цяпла. Днём паветра прагрэецца максімум да 8 градусаў.

У нядзелю, 19 сакавіка, на большай частцы тэрыторыі прагназуюцца кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Ноччу і раніцай слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе ад мінус 3 да плюс 2, днём — 1-6 цяпла.

«У пачатку тыдня атмасферныя франты, што змяшчаюцца з Заходняй Еўропы, абумовяць няўстойлівы характар надвор'я», — канстатавала Святлана Рыбакова.

У панядзелак, 20 сакавіка, ноччу пераважна ва ўсходніх і заходніх раёнах, днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Тэмпература паветра ноччу складзе мінус 4 - плюс 2 градусы, пры ясным небе тэмпература паветра можа паніжацца да мінус 6. Днём будзе 1-7 цяпла, па паўднёвым захадзе тэмпература павысіцца да плюс 9 градусаў.

На большай частцы тэрыторыі ў аўторак пройдуць кароткачасовыя дажджы, ноччу і раніцай па паўночным усходзе магчымы мокры снег. Тэмпература паветра ноччу ад 2 марозу да 5 цяпла. Днём чакаецца 3-10 вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да плюс 12.

«Да сярэдзіны наступнага тыдня з ростам атмасфернага ціску і паступленнем цёплых паветраных мас з паўднёвых шырот надвор'е палепшыцца і зноў пацяплее», — сказала Святлана Рыбакова.

У сераду, 22 сакавіка, будзе пераважна без ападкаў, толькі днём у паўночна-заходніх раёнах магчымы кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 3. Днём будзе 6-13 цяпла, па поўдні - да плюс 15 градусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0