30-га ліпеня ў Менску пачаўся працэс над амэрыканскім грамадзянінам Эмануілам Зэльцэрам, якога абвінавацілі ў падробцы дакумэнтаў ды іншых злачынствах.

Напярэдадні Радыё «Свабода» запісала інтэрвію з братам Эмануіла Зэльцэра Маркам Зэльцэрам, які жыве ў Нью-Ёрку.

Вось што Марк Зэльцэр мяркуе пра крымінальную справу супраць ягонага брата.

«Думаю, гэта робіцца на замову Беразоўскага. Не зьдзіўлюся, калі на працэсе зьявяцца нейкія сьведкі, якіх пашле Беразоўскі».

Карэспандэнт: «А чаму гэта выгадна Беразоўскаму, на вашу думку?»

«Беразоўскаму трэба ізаляваць майго брата, бо ён адвакат Патаркацышвілі. Гэта ж ўсё з-за ягоных грошаў. Не таму што нешта падроблена ці нейкія наркотыкі ў леках. Вялікія грошы! Патаркацышвілі пакінуў тэстамэнт, паводле якога ўсё трэба падзяліць паміж сваякамі. У яго было фактычна дзьве сям’і, дзьве жонкі: Гудавадзэ і Сафонава. І паводле гэтага тэстамэнту нічога Беразоўскаму не застаецца, і адпаведна нічога не ідзе Джозэфу Кею і майму брату. У тэстамэнце дакладна пазначана: 25% адной жонцы, 25% другой жонцы, астатняе дзеліцца паміж маці і дзецьмі. А Беразоўскага там няма. А ён лічыць, што быў пяцідзесяціпрацэнтны партнэр. Папер ён ня можа паказаць ў доказ, бо іх ў яго няма. І вось ён вырашыў.... Канешне, для яго выгадна было б і Кея таксама пасадзіць недзе... Ну, вось знайшоў краіну ў Эўропе...»

Карэспандэнт: «А чаму, паводле вашай вэрсіі, беларускія ўлады дапамагаюць Беразоўскаму?»

«Сьледчыя некалькі разоў ляталі ў Лёндан да Беразоўскага на кансультацыі. Мы пра гэта ведаем. Паміж імі былі электронныя перамовы, ў мяне ёсьць копіі. Гэта замова. Брат прыляцеў у Менск на самалёце Беразоўскага, гэта сам Беразоўскі прызнаў. Брат прыляцеў і быў здадзены КДБ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?