У калонцы на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА рэдактар аддзела газеты «7 Дзён» Алена Яловік параўнала ўчорашні «Марш недармаедаў» з разборкамі ў шматдзетнай сям'і.

«Учорашнія мітынгі — гэта хутчэй спроба не дамовіцца, а толькі пагоршыць канфліктную сітуацыю. Барабаны, маскі, труны — такое ўражанне, што ўвесь гэты антураж узяты са змрочнай п'есы пад назвай «Майдан», — палохае Яловік.

Далей яна піша, што, маўляў, на самай справе акцыі былі вельмі нешматлікімі. Прычына гэтага, па яе думку, у тым, што «народ разумее — літаральна крок аддзяляе балаган і цырк ад рэальнай бучы і пагромаў, якія ў адно імгненне ператвораць краіну ў суцэльны хаос. Нядзіўна, што на тых, хто на «маршах недармаедаў» горда крочыць пад яркімі палітычнымі лозунгамі, людзі коса пазіраюць».

Выказалася Яловік і пра ўчорашнія затрыманні:

«З нагоды так званага брутальнага затрымання анархістаў. Згодна з заканадаўствам Беларусі і іншых краін удзельнікам мітынгаў забаронена хаваць твары пад маскамі або марлевымі павязкамі. Нельга таксама «ўжываць якія-небудзь прадметы і сродкі, якія могуць абцяжарыць апазнанне чалавека». Акрамя літары закона, здаровы сэнс таксама падказвае, што калі падобны Дарт Вэйдар у чорным пхне вашага сына ці дачку — міліцыя дапамагчы не зможа, таму што бессэнсоўна на прасторах Сусвету шукаць чалавека без твару. Да таго ж «недзіцячыя гульні» анархістаў, нахабных у апошні час ад беспакаранасці, больш нагадваюць не крэатыўнае ўяўленне, а звычайнае бязмежжа!»

Далей калумністка заўважае, што «дыялог паміж народам і ўладай ідзе поўным ходам»:

«Першым заўсёды прымірэнне пачынае наймацнейшы. Улада зрабіла крок насустрач: ДЗЕЯННЕ ДЭКРЭТА ПРЫПЫНЕНАЕ, ІДЗЕ ІСТОТНАЯ ДАПРАЦОЎКА І ПЕРАПРАЦОЎКА ЯГО ПАРАГРАФАЎ [аўтарскае напісанне — НН]. Па ўсёй краіне наўпрост і адкрыта размаўляюць персанальна з кожным канкрэтным чалавекам».

Пад «дыялогам» яна, як вынікае з далейшых выказванняў, мае на ўвазе выпадкі, калі людзям даводзіцца даказваць, што яны маюць права не плаціць збор, а таксама ўчорашні выхад да пратэстоўцаў у Магілёве дэпутата Марзалюка.

У завяршэнне Яловік выказвае надзею, што «іншыя ўдзельнікі гэтых сямейных разборак павядуць сябе гэтак жа мудра, страсці ўлягуцца і незадаволенасць паступова спадзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?