Нягледзячы на спажывецкі бум і рост прапановы банкамі доўгатэрміновых крэдытаў, беларусы ашчаджаюць больш, чым трацяць.

Агульная сума ашчаджэньняў насельніцтва на 1 чэрвеня на 2,9 трлн рублёў перавысіла агульную суму крэдытаў, піша газэта «Белорусы и рынок». Такім чынам, насельніцтва фактычна зьяўляецца адной з крыніцай рэсурсаў для банкаўскай сыстэмы і эканомікі ў цэлым.

Асноўную частку ашчаджэньняў складаюць дэпазыты ў нацыянальнай валюце — каля Br8,2 трлн.

Замежнай валюты беларусы захоўваюць каля Br4 трлн. у пераліку на рублі (па стане на 1 ліпеня 2008 году). Пры гэтым доўгатэрміновая валютная запазычанасьць насельніцтва на гэты ж час складае каля Br2628 трлн. у пераліку на рублі. То бок, фізычныя асобы забясьпечылі фінансаваньне валютай суб’ектаў гаспадараньня прыкладна на $1 млрд.

Агульная сума ашчаджэньняў грамадзянаў складае прыблізна 12,3 трлн. рублёў, амаль па 2 мільёны рублёў на кожнага дарослага. Суб’екты гаспадараньня, наадварот, аддаюць перавагу назапашваньню ў замежнай валюце.

У адрозьненьне ад мінулага году сёлета беларусы валюты больш прадаюць, чым набываюць. Адначасова значаная частка валюты вывозіцца банкамі з краіны. Пры гэтым даляраў ЗША вывозіцца больш, а завозіцца ў асноўным эўра, што дае падставы казаць пра выцясьненьне эўрапейскай валютай амэрыканскай.

Пэрспэктывы крэдытнага буму

Накапленьне ідзе поруч са спажывецкім бумам і захапленьнем крэдытамі, найперш на нерухомасьць і аўто. Апошняе адбываецца дзякуючы пашырэньню прапановы банкамі крэдытаў, у першую чаргу доўгатэрміновых валютных. Такім чынам банкі намагаюцца засьцерагчыся ад магчымых рызык, зьвязаных з аслабленьнем беларускага рубля. Адзначаецца, што рост крэдытнай валютнай запазычанасьці хоць і значна саступае запазычанасьці насельніцтва па крэдытах у нацыянальнай валюце, але дэманструе апераджальны рост. Так, за першае паўгодзьдзе 2008 году рост валютнай запазычанасьці фізычных асобаў склаў 34,4% супраць 20,8% запазычанасьці ў беларускіх рублях.

У цэлым запазычанасьць насельніцтва перад беларускімі банкамі ўжо каля году знаходзіцца на першым месцы сярод банкаўскіх актываў. У гэтым фізычныя асобы нават апярэдзілі прамысловыя прадпрыемствы. Прычына — банкі апэратыўна адрэагавалі на папулярнасьць ў насельніцтва гэтай паслугі і пачалі рабіць яе больш даступнай. Аб’ём крэдытаваньня банкамі насельніцтва пакуль яшчэ далёкі ад насычэньня, таму гэты сэгмэнт застаецца вельмі пэрспэктыўным.

Роля дзяржавы ў эканоміцы будзе расьці

Разам з накапленьнямі ў Нацбанку і камэрцыйных банках агульная сума дзяржрэсурсаў у банкаўскай сыстэме краіны складае каля 14 Br трлн. Роля ўкладаньняў у камэрцыйныя банкі сёлета ўзрасла: за пяць месяцаў гэтага году іх доля тут вырасла на 58,2% і склала Br 7,4 трлн. Гэта, а таксама актывізацыя прыватызацыі дзяржмаёмасьці, сьведчаць пра тое, што роля дзяржаўных сродкаў у фінансавай сыстэме краіны будзе толькі ўзрастаць.

Атрыманыя ад продажу аб’ектаў дзяржмаёмасьці і росту зьнешняй запазычанасьці сродкі акумулююцца ў золатавалютным фондзе, які ад пачатку году павялічыўся на 10,4% і складае $7617,5 млрд.

Сямён Печанко, паводле «Белорусы и рынок»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0