Мінпрацы разаслала на ўзгадненне ў аблвыканкамы, Мінгарвыканкам і іншыя дзяржорганы праект змяненняў у дэкрэт аб дармаедстве. Ліст за подпісам Ірыны Касцевіч накіравалі з паметкай «вельмі тэрмінова!».

Фота Івана Ярывановіча, Tut.by

Жонак (мужоў) вайскоўцаў і маладых спецыялістаў могуць вызваліць ад падатку

Да дармаедаў прапануюць не адносіць жанчын, якія нарадзілі або знаходзіліся пад медыцынскім наглядам падчас цяжарнасці і родаў, а таксама тых, хто ўсынавіў дзіця да трох гадоў. Не трапяць пад дэкрэт вайскоўцы, супрацоўнікі ваенізаваных арганізацый, якія маюць спецыяльныя званні і праходзілі альтэрнатыўную службу.

Паводле праекта змяненняў, дармаедамі не будуць лічыцца і тыя, хто знаходзіўся на псіханеўралагічным дыспансерным уліку, а таксама студэнты дзённай формы навучання ў год паступлення і заканчэння навучальнай установы. Але не змогуць пазбегнуць выплаты збору тыя, хто праходзіў навучальныя курсы (лекторыі, тэматычныя семінары, практыкумы, трэнінгі, афіцэрскія курсы) і праграмы ўдасканалення магчымасцяў і здольнасцяў асобы.

Ад выплаты збору прапануюць таксама вызваліць «жонак (мужоў) вайскоўцаў, якія праходзяць вайсковую службу па кантракце, а таксама жонак (мужоў) маладых спецыялістаў, што прыступілі да працы па размеркаванні або па накіраванні на працу на час іх сумеснага пражывання ў мясцовасці, дзе адсутнічае магчымасць іх працаўладкавання».

Ад падатку змогуць сысці і тыя, хто валодае зямельным участкам незалежна ад яго мэтавага прызначэння і месцазнаходжання.

Выключэнне зробяць толькі для жыхароў абласных цэнтраў і Мінска.

Цяпер ад падатку вызваляюцца толькі жыхары вёсак і гарадскіх пасёлкаў, якія валодаюць зямельнымі ўчасткамі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

«Ад выплаты збору за адпаведны падатковы перыяд вызваляюцца грамадзяне, якія вырошчвалі (выраблялі) прадукцыю раслінаводства (за выключэннем прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслін, іх насення і расады), выраблялі прадукцыю жывёлагадоўлі на размешчаным на тэрыторыі Беларусі (за выключэннем гарадоў: Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў) зямельным участку, прадастаўленым яму (членам яго сям'і) для будаўніцтва і (або) абслугоўвання жылога дома, абслугоўвання зарэгістраванай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй кватэры ў блакіраваным жылым доме, вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, агародніцтва, традыцыйных народных промыслаў (рамёстваў), касьбы і выпасу сельскагаспадарчых жывёл, вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, у выглядзе службовага надзела», - гаворыцца ў праекце змяненняў у дэкрэт.

Ад альтэрнатыўнай службы да догляду інваліда

Не лічыць дармаедамі таксама прапануюць тых беларусаў, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржрасходаў у каляндарным годзе, але ў наступным годзе, калі трэба выплачваць збор, атрымалі інваліднасць (незалежна ад групы, прычыны, даты і тэрміну інваліднасці ў гэтым годзе), былі прызнаныя недзеяздольнымі, праходзілі ваенную службу па прызыву, альтэрнатыўную службу, былі прынятыя на псіханеўралагічны дыспансерны ўлік, выйшлі на пенсію, нарадзілі дзіця альбо глядзелі дзіця-інваліда да 18 гадоў, інвалідаў першай групы або пенсіянераў, старэйшых за 80 гадоў.

Выплата падатку ў растэрміноўку

Мясцовыя саветы дэпутатаў або па iх даручэнні мясцовыя выканкамы па-ранейшаму змогуць вызваляць ад выплаты збору тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

«Устаноўлены заканадаўствам тэрмін выплаты збору, пеняў можа быць зменены ў форме адтэрміноўкі з аднаразовай выплатай сум, растэрміноўкі з паэтапнай выплатай сумы, адтэрміноўкі па выплаце запазычанасці па зборы, пенях з наступнай растэрміноўкай яе пагашэння», - гаворыцца ў праекце змяненняў.

Вярнуць выплачаны падатак за 2015 год можна будзе толькі пасля 1 лістапада

«Ад выплаты збору за 2015 год вызваляюцца грамадзяне, якiя прызнаюцца плацельшчыкамі збору за гэты год», - адзначаецца ў праекце зменаў. Пры гэтым за 2016 год прапануюць вызваляць тых, каго прызналі плацельшчыкам збору за гэты год, але якія выплацілі падатак за 2015 год.

«Грамадзяне, выплацілі збор за 2015 год, маюць права на вяртанне сум заплачанага збору (па iх заяве) пры ўмове, калі яны не прызнаюцца плацельшчыкамі збору за 2016 год. Такое вяртанне ажыццяўляецца падатковымі органамі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, пасля 1 лістапада 2017 года.

Падатак пойдзе на падтрымку дзяцей

Сабраны падатак накіруюць «на фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з падтрымкай (сацыяльнай абаронай) дзяцей».

Складаць спісы тых, хто не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржвыдаткаў ці браў удзел часткова, будзе фармаваць МПЗ і перадаваць дадзеныя ў аблвыканкамы і Мінгарвыканкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?