Аўтар: Павел Дарохiн, vk.com/polyhtony.

Колькасць затрыманых ці аштрафаваных за ўдзел у мірных сходах пратэсту дасягнула 204 чалавек за 15 дзён сакавіка. Праваабаронцы вядуць спіс анлайн ТУТ. Некаторых адарвалі ад працы, вучобы на 13—15 дзён.

Сёння адкрыўся новы кірунак ціску: караюць СМІ за паведамленне аб пратэсце. Партал Тут.бай атрымаў папярэджанне нібыта за артыкул пра Украіну. Але вы ж разумееце… А рэдактарку сайта Kraj.by будуць судзіць за абвестку пра акцыю «недармаедаў» у Маладзечне.

Сказала, як звязала карэспандэнту «Нашай Нівы» жанчына гадоў 55 у Пінску: «Во сістэму пабудавалі: і б'юць, і плакаць не даюць».

Так за два тыдні вярнулі краіне імідж саўковага запаведніка і дыктатуры ў цэнтры Еўропы, куды і заязджаць страшна. Каб жа вы так працаваць умелі, як вы ўмееце людзей хапаць.

Нагадаем, што спускавым кручком для масавых пратэстаў стала прыняцце Дэкрэта аб дармаедстве. Але глыбінная прычына заключаецца ў эканамічным адставанні Беларусі ад суседніх краін Цэнтральнай Еўропы. ВУП скараціўся на 6,6% за два апошнія гады, і працягвае падаць сёлета, а рэальныя даходы людзей упалі на 7% за мінулы год. У рэгіёнах людзям няма работы, многія сем'і выжываюць толькі за кошт выезду мужчын на заробкі ў Расію.

* * *

Артыкул 35 Канстытуцыі Беларусі: «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру