«Лукашэнка — жорсткі дыктатар. Я лічу, што Амэрыка павінна супрацьстаяць дыктатарам», — заявіў на ўчорашняй сустрэчы з выбаршчыкамі штату Нэвада кандыдат на прэзыдэнта ЗША ад рэспубліканскай партыі Джон Маккейн.

Як паведамляе мясцовая прэса, такая заява была зроблена ў адказ на рэпліку жыхаркі гораду Спаркс. Тая выказала занепакоенасьць далейшым лёсам сваёй кампаніі, якая праз гандлёвыя санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі ня можа працягваць дачыненьні з важным для яе партнэрам у Беларусі і таму рызыкуе збанкрутаваць. Нэвадзкая бізнэсоўка спыталася ў Маккейна, як той зьбіраецца весьці замежную палітыку, каб ня шкодзіць амэрыканскім інтарэсам.

Адказваючы на пытаньне, кандыдат на прэзыдэнта ЗША паспачуваў выбарніцы, аднак зазначыў, што падтрымлівае санкцыі супраць «дэспатычнай улады прэзыдэнта Лукашэнкі».

Паводле назіральнікаў, у кампаніі канкурэнта Маккейна Барака Абамы беларуская тэма дагэтуль фактычна не фігуруе, як, дарэчы, і расейская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?