У ЗША на 102-м годзе жыцця памёр мільярдэр і філантроп Дэвід Ракфелер-старэйшы — унук нафтавага магната і першага ў гісторыі даляравага мільярдэра Джона Ракфелера. Ён памёр у сне ў сваім маёнтку пад Нью-Ёркам ў Пакантыка-Хілс, піша ВВС.

Getty

Getty

Дэвід Ракфелер-старэйшы нарадзіўся ў 1915 годзе ў Нью-Ёрку. Ён быў малодшым братам 41-га віцэ-прэзідэнта ЗША Нэльсана Ракфелера і 37-га губернатара Арканзаса Уінтрапа Ракфелера.

Дэвід Ракфелер узначальваў дзейнасць сям'і, як у бізнэсе, так і ў філантропіі. На сваё 100-годдзе ён падарыў штату 4 квадратныя кіламетры зямлі, якая прылягала да нацыянальнага парку.

У дзяцінстве Ракфелер жыў у вялізнай раскошы. Калі ён і яго браты хацелі пакатацца на ролікавых каньках уздоўж Пятай авеню ў Нью-Ёрку, за імі ехаў лімузін, на выпадак, калі хлопчыкі стомяцца.

Пры гэтым бацькі выхоўвалі ў дзецях павагу да грошай і пачуцце адказнасці. У дзень дзецям давалі 25 цэнтаў на кішэнныя выдаткі, але яны павінны былі адкладаць частку гэтых грошай на будучыню і на дабрачыннасць.

Дэвід Ракфелер скончыў Гарвардскі універсітэт, а затым абараніў ступень доктара эканомікі ў Чыкагскім універсітэце. У 1942 годзе ён паступіў на вайсковую службу і ў гады Другой сусветнай вайны працаваў на выведку, даслужыўся да звання капітана.

Дэвід Ракфелер з тагачасным прэм'ер-міністрам Ізраіля Голдай Мэір у 1971 годзе. Фота АР.

Дэвід Ракфелер з тагачасным прэм'ер-міністрам Ізраіля Голдай Мэір у 1971 годзе. Фота АР.

Пасля вайны Дэвід Ракфелер удзельнічаў у розных сямейных дзелавых праектах і доўгі час узначальваў Chase Manhattan Bank. Ён таксама быў вядомы як філантроп, які ахвяраваў на дабрачыннасць сотні мільёнаў даляраў.

Chase Manhattan Bank называлі «банкам Ракфелераў», хоць гэтай сям'і ніколі не належала больш за 5% акцый банка.

«Амерыканскі капіталізм аказаў дапамогу большай колькасці людзей, чым якая б то ні было іншая сістэма за ўсю гісторыю», — казаў ён.

Ракфелер выступаў за дапамогу больш бедным краінам, зыходзячы з таго, што іх растучы дабрабыт створыць новых спажыўцоў амерыканскіх тавараў.

У адрозненне ад многіх іншых мільярдэраў, ён не меў нічога супраць падаходнага падатку, кажучы, што проста непрыстойна зарабляць мільён даляраў, а затым марнаваць увесь свой час на пошукі спосабаў пазбегнуць выплаты падаткаў.

Многія гады ён быў старшынёй апякунчай рады нью-ёркскага музея сучаснага мастацтва, які ў 1929 годзе заснавала яго маці. Увесь гэты час ён заклікаў карпарацыі купляць і выстаўляць у сваіх будынках творы мастацтва, а таксама аказваць фінансавую дапамогу музеям.

Яго асабістая калекцыя твораў мастацтва ацэньвалася на 500 мільёнаў даляраў.

Дэвід Ракфелер і Чжоу Эньлай. Фота АР

Дэвід Ракфелер і Чжоу Эньлай. Фота АР

За сваё жыццё Ракфелер сустрэўся з больш чым 200 лідарамі з больш сотні краін, і яго часта прымалі як кіраўніка дзяржавы. Сярод іншых, у 1970-я гады ён сустракаўся з Анварам Садатам, Леанідам Брэжневым і Чжоу Эньлаем. У выніку Chase Manhattan стаў першым амерыканскім банкам, які адкрыў свой офіс у Маскве і Пекіне.

У 1998 годзе Дэвід Ракфелер атрымаў прэзідэнцкі медаль свабоды — адну з дзвюх найвышэйшых узнагарод ЗША для грамадзянскіх асоб.

Яго жонка Маргарэт памерла ў 1996 годзе. У іх было шасцёра дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?