Сьцягі, улёткі, налепкі. Міліцыянты, кадэбісты, ідэолягі. Кайданкі, асфальт і адарваныя пагоны. Містэр Бін адпачывае… Упартасьцю адной дзяўчыны малы горад усьведамляе абсурднасьць існага парадку. Пра сваё ціхае пакліканьне піша Наста Азарка зь Нясьвіжу.

І

Мой начальнік жартаваў, што водпуск мне дасьць на ўсе 15 сутак. Міліцыянты дык і ўвогуле запрашэньне зрабілі: маўляў, калі ласка, будзеш у водпуску, заходзь да нас, падвальчык заўсёды для цябе падрыхтаваны, сардэчна запрашаем.

І вось я ў адпуску...

3 ліпеня. У сярэдзіне дня нашае самабытнае творчае аб’яднаньне «Валошкі» прэзэнтавала свой першы зборнік вершаў «Букет валошак». Сярод слухачоў заўважаю шмат міліцыянтаў — прыйшлі паслухаць мае вершы. Таму я вырашыла ўсё астатняе адкласьці на вечар.

Вакол людзі танчаць, музыка грыміць, міліцыянты, каб не прыцягваць залішняе ўвагі на разборкі, зацягнулі мяне ў кінатэатар... Кожны раз, калі на плошчы штось адбываецца масавае й мяне вылоўліваюць з натоўпу, міліцыянты заўсёды спрабуюць мяне зацягнуць у кінатэатар, каб мірна разысьціся... звычайна гэта ўсё сканчаецца пастарункам, бо я не згаджаюся й ім даводзіцца выклікаць «мошку». За намі пайшлі два хлапцы-ахоўнікі, але на іхняе пытаньне, навошта міліцыянт завалок сюды дзяўчыну, мы ў адзін голас папрасілі іх супакоіцца й не перашкаджаць. Капітан доўга мяне ўгаворваў аддаць яму сьцяг — ён бы тады мяне адпусьціў, мне трэба было так і зрабіць — у сумцы быў яшчэ адзін, але кожны сьцяг для мяне на вагу золата. Дастаць тканіну, пашыць уручную сьцяг ды яшчэ хаваць усё ад дамашніх, таму што ўсё канфіскоўваецца — гэта займае сродкаў і часу. Таму за кожнае палотнішча я літаральна гатовая горла грызьці, нават калі яно ня ўласна маё. Сьвятыняю не гандлююць і не разьменьваюцца.

У кінатэатры былі яшчэ некалькі цётак, працаўніц гэнае установы. І калі афіцэр пачаў мне выкручваць рукі, каб забраць сьцяг, яны пасьпяшылі на дапамогу... толькі ня ведаю каму. «Штовыробіця-адпусьціцядзяўчыну» зьмянілася «супакойся-будзьхарошаюдзевачкай». Кажу ім, каб не перашкаджалі, мы тут самі разьбярэмся. Мішка дакруціў усё-такі рукі й забраў сьцяг, выштурхаў мяне да ўваходу, ахоўнікі адчынілі дзьверы й я сышла.

Недалёка. На замак не было ўжо сэнсу ісьці, хай нават сабе й можна было зрабіць «сюрпрыз» на раніцу, але мне патрэбны былі людзі. Замак абгароджаны ірвом, з аднаго боку насып перакрываў гэную канаву й даходзіў аж да сьцяжынкі. Можна было так залезьці ў двор замка цераз высакаватую агароджу — мне ці прывыкаць скакаць? Але патрэбен быў хаця б адзін чалавек, таму што хоць там усё перарыта-перакапана, у гэныя сьцены ўначы адной мне нейк страшнавата. Удзень зьнянацку хтось быў падвярнуўся пад руку, ды потым чалавек недзе завіс...

Таму я аддала сьцяг у рукі статуі-фантану, каторую летась паставілі за мае штрафы. Гэтыя зёберы ледзь усё не сапсавалі... Хто ня ведае, зёберы — гэта такая тутэйшая моладзевая субкультура аматараў бырла. Я ж кажу — як пабухаць, дык гэта адразу. А памахаць маім сьцягам — пасьля заўсёды калі ласка. Ледзь уратавала. Толькі прыладжваю да статуі — зь цемры вынырывае хтось. Я ў цемры яшчэ нічога ня бачу, адныя абрысы. Здаецца, хлапец у міліцэйскай форме, а разабраць, хто — не магу, хоць трэсьні. Мусіць форму яму крыху сапсавала, бо ў мяне была перавага — я ня бачыла, што гэта міліцыянт, я мела поўнае права пусьціць у ход кулакі, ён абмежаваўся тым, што запрасіў на раніцу ў аддзел. Здрасьце, я прыйшла здавацца, так хіба?

Ну й не пайшла. Вяртаюся дадому. Сочнікі тут як тут. Заўсёды, калі я ні выйду на якія свае справы, яны круцяцца на сваёй машынцы побач, катаюцца сьлед у сьлед, яшчэ й праважаюць мяне дахаты да самага пад’езда. Заўсёды адна й тая машына. Дасталі ўжо катацца. Калі не хаваюцца ў сочцы, дык хай бы ўжо падвозілі. Бо іду вось дадому, а яны гойсаюць тут, ці ня зьдзекуюцца — пад’едуць наперад, стануць і чакаюць, покуль я набліжуся, крыху прапусьцяць наперад і пераганяюць, потым зноў чакаюць. І так да самага майго пад’езду.

Дачакалася ночы на Івана Купалу. Дзе ж там. Лепей за ўсё працаваць у звычайныя дні, калі міліцыя не ў баявым стане. Бо не далі нічога ўвогуле, я адно падышла да інфармацыйнае тумбы. А яны мяне за шкірку і ў «мошку « сваю. Літаральна вось так, як я й сказала. Забралі заплечнік, зьдзёршы яго з плячоў. Яшчэ й гыркнулі, што непадпарадкаваньне ўкляпаюць.

Едзем у пастарунак, па дарозе страчаем нашага прапара. Той да мяне — дзе яшчэ вешала? Я кажу, што толькі там, дзе затрымалі, болей нідзе й зьбіралася толькі на тумбах.

— Добра, — кажа. — Но ты жэ міня знаіш, ты знаіш маё атнашэніе к цібе, хай толькі дзе ішчэ убачу...

Ня ўбачыў. У пастарунку ператрэсьлі заплечнік. Падмахнулі пратакол. Пакінулі на ноч. Тваю ць. Мухін і Пынько. Але ці таму што іх было ўдвох, ці таму, што ноч была сьвяточнаю (багатаю на здарэньні, накшталт розных няшчасных выпадкаў з п’янюгамі, каторыя ў п’яным угары цераз вогнішча ня могуць пераскачыць), мяне не чапалі. Дзесь толькі пад раніцу дазволілі мне ісьці дахаты: на разборкі ўжо ні ў кога не было жаданьня пачынаць, бо ўвесь аддзел зажыгаў ноч. Трэба ж адпачыць пасьля тыдня сьвяточнага!

Праз колькі дзён запрасілі ў КДБ на размову. Ну як запрасілі... Прапанавалі сустрэцца, а я ўжо вырашыла, каб сустрэча адбылася на іхняе тэрыторыі. КДБшнік пацікавіўся, трымаючы ў руках копію аплочанага квіточка, які я напярэдадні занесла ў выканкам, дзе я знайшла грошы на аплату штрафу. Немаленькага. А чаго мне хавацца? Вядома ж, такія грошы ў мяне проста так не валяюцца. Крэдыт я таксама не магу ўзяць, таму што нашае прадпрыемства — амаль банкрот і банк забараніў нам набліжацца да яго з гэным пытаньнем бліжай, чым на сто мэтраў. Акрамя таго, у мяне судзімасьць — а гэта яшчэ адна перашкода. Мала, што за палітычны артыкул — судзімая й усё на гэтым. Дык я яму й кажу — пазычыла ў сяброў. Як кажуць, па нітцы са сьвету — кашуля выйдзе. Дык і я гэтак. Таму што быць павіннаю сябрам — гэта нашмат лепей, чым быць павіннаю дзяржаве. Дзе пяць рублёў, дзе дзесяць, дзе дваццаць — вось і назьбірала. А разьлічвацца можна й пазьней, і па рознаму, сябрам свае даўгі я магу й прабачыць, урэшце.

Пра тое, дзе я была 3 ліпеня — службовец ведаў і без праверкі, таму ў тлумачэньнях наконт майго алібі ў сувязі з выбухам не было патрэбы. Адно пацікавіўся, ці ня ведаю я хоць штось пра гэта, ці ня чула, ці ня бачыла. Зайшоў ягоны супрацоўнік, ці то выпадкова, ці то спэцыяльна, убачыў мяне, паказаў фотаробата. Ну й урод жа там намаляваны! Морда, адным словам. А што пра гэта людзі кажуць? Дык і кажуць, што гэта прошукі аднае канторы, ня будзем стукаць у дзьверы. Ізноў ва ўсім вінаваты КГБ? — сьмяюцца. На жаль, на жаль... Разьвіталіся.

Раніцою мне дахаты тэлефануе кіраўніца нашага літаратурнага аб’яднаньня з жахліваю навіною: таму што мяне бачылі на плошчы са сьцягам, зборнік не пускаюць у людзі, у бібліятэцы вялізныя праблемы, яе самую выганяюць з працы. Тваю ць! Жанчына столькі намаганьняў прыклала, будучы цяжарнаю, цяпер на руках з малою, а за спадніцу трымаюцца яшчэ тры жаўтароцікі, і вось такая я ёй... Трэба штосьці рабіць і рабіць тэрмінова. Гэты ідэоляг — я ня думала, што ён будзе такім помсьлівым. Я не вінавата, што ён так балюча й жорстка рэагуе на крытыку. Але тое, што ён робіць — гэта не па-чалавечаму. Вось так вось, празь іншых людзёў, б’ючы па сумленьню, гэта нізка, подла, жудасна. Уся мая праблема ў тым, што я тут сама сабе арганізатар-выканаўца-пасобнік. Я сама сабе вырашаю, што рабіць, але я больш просты салдат, чым камандзір, фігуральна выказваючыся, я часьцей спачатку страляю, а потым думаю. Гэта мая вінаватасьць, я дапусьціла промах, празь мяне пацярпелі людзі, шмат людзёў, гэта на ўзроўні таго самага выбуху, толькі ў Менску гэта было фізычна, а таму тое можна перажыць. А тут усё на маральным узроўні... Недахоп юрыстаў. Вось дзе ўвесь цьвік, аб які я ўвесь час спатыкаюся. Дакладней, не недахоп, а ўвогуле адсутнасьць іх. Што рабіць? Так проста гэтая праблема не рассасецца, і пакуль я а 7-й гадзіне раніцы спрабавала дастукацца хоць да кагось, хто б даў мне якую параду ў дзеяньнях, вырашэньне прыйшло само сабою. Я сама пайду ў выканкам і запатрабую тлумачэньняў. Я вінавата — карайце мяне, але не чапайце нявінных людзёў! Гэта нячэсна. Гэта няправільна. Так нельга! Другою думкаю прыйшло тое, што я магу яшчэ больш пашкодзіць жанчынам, калі на эмоцыях прыйду ў выканкам. Тым болей адна. Яшчэ раз паўтаруся — былі б тут юрысты... але іх тут няма. Мне патрэбна было параіцца з чалавекам, які б мог насамрэч дапамагчы на хадзе спыніць машыну. Я ніколі ня думала, што мне давядзецца шукаць дапамогі ў чалавека з таго боку барыкадаў, але тут справа датычылася не аднае мяне. Усё вырашылася за паўдня. Валечка мне потым яшчэ раз затэлефанавала й супакоіла, што ўжо ўсё нармальна. І нават паведаміла мне прозьвішча чалавека, каторы замуціў усё гэта. Ну і людзі. Бач ты, адной фіфе не спадабалася тое, што яе нават не запрасілі ў нашае аб’яднаньне -- такую знакамітую, такую таленавітую, і ў зборнік, суадносна, не ўзялі ніводнага ейнага верша, а нейкай там апазыцыянерцы дапамаглі ня тое, што надрукавацца, але й прачытаццца.

Гара з плячоў звалілася. А з ідэолягам я яшчэ пагутару, калі злаўлю такую магчымасьць. Таму што насамрэч, што мне застаецца рабіць, акрамя як вывешваць сьцягі й ляпіць налепкі, калі мяне тут заціснулі гэтак, што й іншым людзям побач проста няма чым дыхаць. Сядзеў, разумееш, сабе гэткім шэранькім кардынальчыкам, нацкоўваў, грузіў, і захацелася яму пагутарыць раптам... я была б ня супраць мець зь ім справу, але пасьля вось такога — нізавошта! Калі вайна — значыць вайна. Усё.

ІІ

...У ноч на 16 ліпеня дзяжурылі мае даражэнькія Мухін і Пынько. Пасьля нашае апошняе сустрэчы не прайшло й двох тыдняў, і яны мне тады паабяцалі, што калі я яшчэ раз патраплюся да іх у дзяжурку, то мне будзе вельмі і вельмі весела. Колькі ж ужо можна?.. Таму я вырашыла свой прамэнад перанесьці на наступную ноч. Выйшла. Ну і людзі, ужо кроку ступіць немагчыма. Машына пакруцілася, пагразіла, што выклікае міліцыю, і паехала. Я пасьпела адысьціся на добрыя паўкілямэтра, як з-за паварота вынырвае «мошка», нясецца ў тым накірунку, адкуль я сышла, але, угледзеўшы мяне, рэзка дае па тармазах і падлятае да мяне. Турба, наш самы круты даішнік. Ад такога не ўцячэш нават на гоначным балідзе, ня тое, што пешым. Турба на хадзе адчыняе дзьверцы й загадвае садзіцца ў «мошку». Здрасьце, прыехалі. Навошта? Адмаўляюся, крочу сабе далей. Турба вылазіць сам, даганяе мяне. Не прад’яўляе мне нічога, мяне за руку не схапілі, чаго ад мяне яны хочуць — ня ведаю. Спрабую вырвацца. Капітан заграбастаў мяне ў ахапку й запіхнуў у машыну. У аддзеле яшчэ й сьведкаў прывялі, што яны бачылі, як я малявала й як адбівалася ад даішніка. Насьмяшыла тое, што заяўнікі мяне прынялі за 15-гадовую дзевачку. Выглядаю так? Вялікі дзякуй за камплімэнт — захавалася, значыць, нядрэнна! Склалі пратаколы — акрамя непадпарадкаваньня яшчэ ўкляпалі пашкоджаньне дарогі і хуліганку. Добра, буду чакаць, што з гэтага выльецца. Дзяжурныя не захацелі мяне трымаць да раніцы, бо падвал быў упакаваным. Вырашылі мяне скінуць дадому. Пакуль марудзілі з машынаю, я злавіла момант — брама дворыка была прыадчыненаю. Але ля самае шчыліны мяне перахапіў міліцыянт. Запіхнулі ў машыну, даставілі дадому, з рук у рукі перадалі бацькам. Астачу ночы сяджу й думаю. Гэта было трэцяе затрыманьне. Першае мне прабачылі, але яно мне вылілася ў вайну з ідэолягам. Другое было фактычна ні за што, таму што была закранутаю інфармацыйная тумба — месца, дазволенае мне самім старшынём адміністратыўнае камісіі. Вынікі гэтага затрыманьня яшчэ наперадзе.

І ці ж я буду сядзець і чакаць? Вырашаю рызыкнуць. Выйшла ў наступную ж ноч яшчэ раз, дабіваць тое, што задумала. Машыны ідуць — хай сабе, я тут прыўзбочку, нікому не перашкаджаю. І патрэбна ж было ехаць акурат у гэным накірунку нашаму сёлетняму найлепшаму супрацоўніку міліцыі. Ехаў ён, вядома, не па службе, у яго быў выходны й водарам ад каўнерыка крыху несла. І праехаў бы ён, не зважаючы, але гэта была ягоная дарога — даішнік заўсёды застаецца даішнікам. Спыніўся. Агукнуў. Я па голасе не пазнала, таму не адрэагавала адразу, а калі ён падышоў і схапіў мяне за руку — было ўжо позна казаць, што не маё. Зь ім былі яшчэ левыя хлапцы, якія натуральна ператварыліся ў сьведкаў. Віцька выклікаў патрульных. Пакуль іх чакалі, я спрабавала вырвацца, мы кружыліся нібы ў вальсе ці больш падобна было нават на танга. Я нейк вывернулася й нацэліла распыліцяль хлапцу ў твар. Ён не спужаўся, хоць і крыху паслабіў хватку, гэта я асеклася — Віця такі прыгожанькі, у белае кашульцы, а я яму фарбаю?.. Замінка — і ён перахапіў балончык. А вось і мігалачкі — ляцелі яму на падмогу, нібы адчувалі, што яшчэ хвіліна і тут будзе бойка. Я мела права на яе. Віця быў не пры службе. І калі б ён вырашыў ужыць сілу ці да яго на дапамогу прыйшлі б ягоныя сябры, якія стаялі ля машыны й ржалі, паглядаючы на нас, то без крыві не абышлося б. З «мошкі» павыскоквалі, разьнялі, але... Сарвала нечы бэджык — добра, што не пагон. Спрабуюць вырваць заплечнік — я сцапіла рукі, падсечкаю выбілі раўнавагу. Кульбіт за кульбітам — і вось я ўжо цалуюся з асфальтам. Ня могуць зьняць з плячоў заплечнік, дык расшпілілі яго на мне, прыціснуўшы каленам да дарогі. Паглядзелі, што ён поўны, вырашылі забраць мяне ў аддзел. Ага, на словах, канешне, лёгка, я працягваю выкручвацца — рызыкавала страшэнна, гэтая ноч была ў зьмене даражэнькіх маёраў, мне вельмі не хацелася туды трапляцца, і каб ня Віцька — усё было б акуратна ўкладзена. Заплечнік даўно зьнік у «мошцы», я зноў цалуюся з асфальтам, у мяне выкручаныя рукі, зьверху прыціскае мент. Хтось кінуў прапанову нацапіць кайданкі — гэта ўжо рэальнае непадпарадкаваньне. Пачакалі яшчэ колькі хвілінаў, пакуль самі супакоіліся. Запіхнулі ў «мошку», прывезьлі ў аддзел.

На гэны раз пакінулі на ноч. Пісаць тлумачальную? Зь якога ражна? Хопіць зь іх і ўчорашнягя пратаколу. Адмовілася. Сяджу, рукі баляць, ажно самі ўжо выкручваюцца. Доўга вырашалі, куды мяне пакласьці спаць — у падвале няма месца, у стакане сьмярдзіць, дык прывалаклі раскладуху й тут жа ў дзяжурцы паставілі. Дзякуй і на гэным. Ноч была спакойнаю, хоць выспалася. Нягледзячы на жартачкі маёраў. Раніцою прыйшоў начальнік міліцыі — патэлефанаваў зраньня, даведаўся, што я ноччу, дык дужа закарцелася пабачыцца. Даўнавата зь ім не сустракалася, хоць і вітаемся ці не штодзень ківочкамі на вуліцах. Ягоны нам ажно прысьвіснуў, чытаючы рапарты:

— Ну, гэта ўжо цягне на хуліганку. Трэба садзіць на 15 сутак. Што з табою рабіць?

Я гляжу на яго яшчэ крыху заспанымі вачыма.

— І ня строй мне тут вочкі, — сьмяецца.

Адпусьцілі.

Плечы ўсе ў сіняках, добра, што вусны не распухлі — значыць, быў толькі лёгенькі пацалунчык з асфальтам, прыклалі як да іконы. Давялося цэлы тыдзень хадзіць у рукавох. Надвор’е сапсавалася, дождж ліў тры дні, не спыняючыся. Тут жа давялося камунальшчыкам усё замалёўваць ізноў. Ну і хай сабе, трэба ж ім за штосьці грошыкі атрымліваць, дык хай не абураюцца.

Перачакала дождж. У нядзелю раніцою пайшла на базар. Між справамі раблю сабе ў пакою маленькі рамонцік, ня эўра, канешне, але паднавілася. Там сустракаю свайго участковага (аднаго з). Ён кажа, каб заўтра адранку прыйшла ў аддзел ці да яго, ці да старлея: -- Інакш самі па цябе прыедзем.

Добра, прыходжу раніцою ў пастарунак. Старлей нават не захацеў са мною размаўляць — бач ты, ізноў я хлопчыка бедненькага падставіла, ізноў ён дзьмуўся на канапе ў начальніка. А што ж я магу зрабіць? Ну, ня хочаш і ня трэба, у мяне шмат справаў таксама. Мне ж лепей. Участковы зьехаў на забойства. Ну, калі я нікому не патрэбна і суду ніякага ня будзе, то й сьцяг вам у рукі. Але выйсьці ў гэную ж ноч мне перашкодзіў усё той жа дождж. Сёмая гадзіна раніцы. Званок у дзьверы. Я ўжо ня спала — пры канцы водпуску пачала прачынацца а 4 гадзіне зраньня. Бацька пайшоў адмыкаць. Родненькі голас участковага. Чую я, чую, што трэба зьбірацца, дзе ж ты быў учора, я ж прыходзіла...

І атрымала накіраваньне ў маё любімае ЖКГ да юрыста на складаньне чарговага пратаколу.

Артыкул можна было хуценька адмахнуць і на месцы, калі б я была кіроўцам — тады б трэба было б ісьці да начальніка, ну й адпісаліся б мінімумам, а так трэба накіроўваць дакументы на адміністратыўную камісію. Камісія дык камісія. Перажывем. А вось з судом за непадпарадкаваньне нешта зацягнулі — ці то чакаюць, пакуль у мяне сінякі пасыходзяць, ці то проста шкадуюць...

І мне б пасядзець, пакуль усё ўтрасецца, дык не, дагналася. Так дагналася, што толькі падвальчык і ўратаваў...

ІІІ

Ну я ж прасіла, я ж папярэджвала ўсіх пра тое, што Нясьвіж — недатыкальны горад. Ня ваша — не бярыце, ня ў справе — ня суньцеся... Мне што, пра гэта пачаць на сьценах пісаць? Ці мітынгі зладкоўваць ды пад выканкамам на ўсю плошчу крычаць?

Выйшла. Ня позна, але акурат каб пасьпець усё зрабіць. Знайшла была адчынены пад’езд, пахадзіла па даху, вырашыла вярнуцца потым сюды ж раніцою — мабіла не бярэ. Прайшлася па горадзе... Не, трэба было нейкаму малакасосу да расьцяжкі прычапіцца. Ды каб жа ён у той момант, як я яе вешала, прыйшоў ці да мяне зьвярнуўся — я б пасьпела з чалавекам паразмаўляць — мо ён чагосьці хацеў, — і ад затрыманьня выкруціць і яго самога, і сябе разам. Дык не, трэба было яму акурат прыйсьці тады, калі мяне побач не было. Ды яшчэ мусіць і патрымацца за яе. Вось дурня й сцапалі. А мяне запынілі. Хаджу сабе па іншае вуліцы, нікога не чапаю. Віск тармазоў — я аж падскочыла на месцы. Ды яшчэ сваёю кракалкаю пасыгналілі. Хацела зьбегчы, сысьці — дагналі. Не, браткі, ня хочу я сёньня ў пастарунак, ну не хачу я... Спрабавалі зацягнуць у машыну, але нечакана для ўсіх нас я ўбачыла ў сваёй руцэ пагон. Некалькі імгненьняў мы стаялі й незразумела паглядалі адзін на аднаго — як жа так выйшла... Вадзім павольна спытаў:

— Ты знаіш, што за эта будзе?

— Знаю, — мне зрабілася страшна, але чамусьці цягнула на сьмех.

— Давай у машыну.

Прывезьлі ў аддзел. Заўважаю нейкага хлопчыка, які быў чамусьці з маёю расьцяжкаю. Доўга яшчэ высьвятлялі сувязь паміж намі — а я яго ў першы раз бачу. І ён мяне ня ведае. Хлопчык непаўналетні, цялятка нейкае, што зь ім цягацца? Дык і не захацелі, загадалі яму аддаць мне маю расьцяжку й адпусьцілі. Не, вы канешне, скажаце — цябе не злавілі зь ёю, дык магла й адкасацца. Можна было, але б тады пачалі цёгаць гэтага хлопчыка. Праблемы з бацькамі, зь міліцыяй, дый дзядзька Вася падскочыў бы адразу. Тым болей, калі хлопчык зусім ні пры чым. Ён і пайшоў сабе дахаты, мусіць, упершыню сутыкнуўшыся з такою справаю. Я сяджу далей. Склалі тут жа пратакол за непадпарадкаваньне. Расшманалі заплечнік, выграблі ўсё, што там заставалася. Яшчэ колькі часу думалі, што са мною рабіць — ці зачыняць да суду, ці адпускаць дадому. Вырашылі, што хай сабе апошняе. І безь мяне ночка нейкая упакаваная. Так былі й адпусьцілі, але ўзгадалі, што ў заплечніку не знайшлося налепак. Яшчэ й кішэні вытрасьлі.

Раніцою, пакуль сядзела ў пакоі для допытаў — чакала канвою ў суд, — уся міліцыя ржала аб тым злашчасным пагоне. Прыйшлі нарэшце й «пацярпелыя»: «У, хуліганка, зачэм пагон сарвала? Зь цябе што, не хваціла цех задзержаній? Дапрыгалася!» Вадзім увогуле паскардзіўся, што яму ўвесь час нешта даводзіцца перашываць гэныя пагоны — што мы яго ўсе так ня любім? Да таго ж і зорачкі недзе расшпурваюцца, даводзіцца штораз набываць новыя. Добра, я ж гэта ненаўмысна, як знайду, набуду хлопчыку які дзясятак гэных зорачак, хай цешыцца.

Судзьдзя Цьвік аж расьцьвіў — ня бачыліся ажно з тога жніўня. Сядзіць іржэ ці то з сакратаркі свае, ці то ягоная сакратарка з судзьдзі ржэ. Пытаецца ў мяне — раскажы, маўляў, як была справа, за што прыцягнулі. Я й кажу, што зрываць той няшчасны пагон зусім не хацела. Запрасіў «пацярпелага», Вадзіма. Той паказвае адарваты пагон. Цьвік сьмяецца — можа, яго далучыць да справы ў якасьці рэчдока? Ня трэба. Юра дык і ўвогуле залупіў:

— ...Наручнікаў не адзявалі, бо гэта ж жэншчына... жэншчына ёсьць жэншчына, як жа на яе наручнікі?... А пагон сарвала з Ромаза, ён аж на асфальт упаў...

— Хто упаў? — судзьдзя пытаецца.

— Пагон... Мы ёй гаварылі: стой, штоб шла садзілась ф машыну, а яна ж па-рускі не панімае.

— Нада была па беларускі, — Цьвік увогуле заўсёды сьмяецца, вясёленькі такі хлопчык.

Маглі б даць мінімум, таксама вялікі, ды не такі ўжо й страшны, калі б гэта быў першы раз, але да справы прыклалі ўсе рапарты. Вось і атрымала.

Добра, што пра крымінальную справу ніхто нават гутаркі не завёў. А яшчэ йзноў давядзецца дзьмуцца ў ЖКГ й на камісіі.

Вяртаюся дадому. Па дарозе заварочваю да тога дому, дзе была ўначы, але... там ужо хадзілі міліцыянты. Ледзь не сутыкнулася нос да носу. Дрэнна — я так хацела пафоткаць панараму гораду звышыні...

Па дарозе тэлефануе кадэбшнік:

— Ну, што ж гэта ты там ізноў куды ўлезла? Заняцца табе больш няма чым? Мусіць патрэбна казаць тваёй дырэктарцы, каб дала табе такую працу, на 23 гадзіны ў суткі каб была занятаю.

Папярэдзіў, што хутка вельмі давядзецца нам яшчэ раз пабачыцца. Я, канешне, разумею, што з такімі посьпехамі, хочаш ня хочаш, а яшчэ раз праз крыміналку пройдзеш, таму вельмі добра, што водпуск ужо скончыўся.

Усё, іду на працу. Акурат начное дзяжурства, пасьля паўночы ўжо. Дарэчы, нібы й не адсутнічала там месяц, вось за гэта я й люблю льнозавод — проста й па-чалавечаму. Грукат у дзьверы — падкацілі сэржант з прапарам, праверка ў іх, бач ты. Хлапцы засталіся задаволенымі — Насьця выйшла з водпуску, цяпер можжна крыху й паслабіцца, кожную ноч ужо ня трэба будзе дрыжаць за спакой у горадзе. Усё нармальна.

За адзін месяц завіснула на трох артыкулах, як я зь імі буду разграбацца — ня ведаю... ніколі яшчэ такога не было. Проста нейкая жудасьць.

І яшчэ. Да гэтага часу тут я была, так бы мовіць, пэрсонаю нон грата. Зараз паступова ператвараюся ў VIP-пэрсону, але яшчэ да гэнага статусу расьці й расьці. Патрэбна займець вышэйшую адукацыю. Патрэбна знайсьці прэстыжную працу. Патрэбна выбівацца на дзяржаўны ўзровень хай сабе й мясцовага гатунку. Чым я й пляную заняцца надалей. Але жыцьцё без налепак, сьцягоў і расьцяжак — гэта вельмі прэсна й нецікава, таму я нічога не зьбіраюся кідаць, проста крыху пашыруся.

Водпуск скончыўся. Але ўсё яшчэ наперадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?