Вось і мінуў год. Год бяз Ганны. Без Анечкі, як яе ўсе называлі. Дагэтуль у гэта цяжка верыцца, дагэтуль пра гэта шмат думаецца, дагэтуль цяжка зразумець невытлумачальнасьць Божых шляхоў.

Яна была рознакаляровай. Яна была сонечнай, жыцьцядайнай, вынаходлівай. Яна была суворай, гатовай змагацца да апошняга. Яна была стомленай і замучанай вечным беларускім змаганьнем. Змаганьнем усіх з усімі і крыжовым паходам дзяржавы супраць усіх. Яна была гарэзьлівай і выбуховай. Яна заўсёды была гарэзьлівай, непрадказальнай і жвавай маленькай дзяўчынкай. Яна была клапатлівай мамай, чуйнай сястрой, адданай дачкой і ўважлівай жонкай.

Яна ня проста дапамагала мне. Каб ня Ганна, я б не зрабіўся тым, кім я ёсьць. Каб ня Ганна, беларуская музыка не зрабілася б такой, якой яна ёсьць. Пачатак сапраўднага ўзьлёту N.R.M., кароткае, але насычанае жыцьцё «Zet», «Крамбамбуля», трыа Вольскі-Міхалок-Кулінковіч, Гюнэш з «Кураняткамі», «Такога няма нідзе», «Белая яблыня грому», «Грамадазнаўства», пачатак «Псыхасаматыкі», «Сьнежныя завулкі», «Назад у будучыню», перанос канцэртовай дзейнасьці ў Вільню пасьля чарговае забароны на радзіме — ва ўсім гэтым ёсьць часьцінка Ганьнінай душы, ейны талент, ейны вагонь…

Вось я сяджу ў машыне каля нашага дому. Гэта зіма. Ці позьняя восень. Я чакаю, пакуль Ганна выйдзе з пад'езду і нэрвуюся. Я пераймаюся, бо нас чакаюць справы, а яна марудзіць. Урэшце дзьверы адчыняюцца, і Ганна выходзіць з пад'езду. «Нарэшце!» — думаю я. Яна сядае ў машыну, усьміхаецца і гаворыць: «Я доўга? Прабач, калі ласка». І адразу ўся мая дурацкая крыўда зьнікае, я цісну на газ, і мы імчым насустрач вечным справам, прыгодам, новым нязьведанным тэрыторыям і праектам…

Здавалася, так будзе вечна.

Даруй! І дзякуй Табе за ўсё!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?