«Мы выходзілі з дома па вуліцы Касманаўтаў. Падбеглі пяць чалавек, трое схапілі бацьку, яшчэ двое — мяне. Без формы. Гадоў па 35, кароткастрыжаныя. Я моцна крычаў. Людзі паспрабавалі нас адбіць, але адзін з нападнікаў пачаў тыкаць ім у твар коркай. Ні прозвішча, нічога разабраць нельга было», — расказвае Антось Лагвінец.

Па яго словах, сведкамі затрымання сталі людзі, якія ў той момант знаходзіліся ў цырульні побач з месцам здарэння. «Гэтыя людзі пайшлі ў РУУС пісаць заяву аб выкраданні чалавека. Ім там сказалі, што КДБ з усім разабраўся, і заяву не ўзялі», — гаворыць Лагвінец-малодшы.

«У мікрааўтобусе бацьку скруцілі. Сесці не далі. Бацьку білі, у яго цякла кроў. Акуляры разбілі. Ён не супраціўляўся, бацьку білі проста так, называлі «продажной тварью». Асабліва адзін з іх. Прадставіўся Аляксандрам Васільевічам. Потым апраўдваўся, што гэта ў яго загад такі і ён нічога не можа зрабіць. Але няпраўда гэта. Я спрабаваў абараніць бацьку, але яны мяне прыкулі кайданкамі да сядзення», — расказвае Антось Лагвінец.

У мікрааўтобусе рэчы Лагвінца-малодшага агледзелі, а яго самога праз нейкі час адпусцілі. Потым аддалі рэчы бацькі — ключы ад машыны, пасведчанне кіроўцы. «Сказалі мне ісці адсюль, каб не было праблем. Самі з'ехалі… Ніхто нічога не тлумачыў, не прадстаўляўся. Цяпер я шукаю сведак. Тут шмат хто бачыў гэта. Можа, нехта здымаў відэа… Я хачу, каб бацьку адпусцілі», — гаворыць Антось Лагвінец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0