Два беларускія клюбы ў чацьвер правялі матчы ў адказ першага кваліфікацыйнага раўнду Кубку УЭФА. На жаль, і «Гомель», і МТЗ-РІПА спынілі сваю барацьбу ў эўракубках.

Першым свой матч праводзіў «Гомель» з варшаўскай «Легіяй». Вынік гульні ў Польшчы павінен быў абнадзейваць беларускіх заўзятараў, бо фінальны сьвісток зафіксаваў годную нулявую нічыю. Але рэаліі напярэдадні сустрэчы былі такімі, што гамельчукі не маглі разьлічваць на многіх былых лідэраў. Каманду пакінуў цэлы шэраг вядучых футбалістаў — Васілюк, Кобец, Драгун, Кандрашук. У чэмпіянаце Беларусі «Гомель» апусьціўся на нязвыклае для сябе 13-ае месца, і цяпер у крок ад вылету ў ніжэйшы дывізіён.

Зрэшты, першы тайм крыху надаў аптымізму. Бліскучая перадача камэрунца Рычарда Бахомы знайшла адрасата ў выглядзе бразыльца Рэнана Брэсана, і той катнуў мяч між ног славацкага брамніка польскай каманды — 1:0. Але празь шэсьць хвілін усё той жа Бахома сфаліў у сваёй штрафной. Ігар Логвінаў, хаця і ўгадаў куды будзе біць Іваньскі, але не дацягнуўся да мяча — 1:1.

У другім тайме палякі абсалютна заслужана забілі яшчэ тры галы і перамаглі зь лікам 4:1. Упершыню ў гісторыі беларускі клюб у эўракубках па суме двух матчаў саступіў польскаму.

Будучыня «Гомеля» і ягонага галоўнага трэнэра Анатоля Юрэвіча вельмі цьмяная.

***

А менскі МТЗ-РІПА гуляў у гасьцях з славацкай «Жылінай». Першы матч гэтых каманд у беларускай сталіцы скончыўся баявой нічыёй зь лікам 2:2. Прычым, госьці адыграліся з пэнальці на 9-ай кампэнсаванай арбітрам хвіліне.

У сярэдзіне другога тайму найлепшы бамбардзір беларускага чэмпіянату Арцём Канцавы з дванаццаці мэтраў трапіў у штангу.

Не забіваеш ты - забіваюць табе. Старое футбольнае правіла спрацавала і на гэты раз. Гаспадары забілі ўжо ў дадатковы час – 1:0. «Жыліна» крочыць далей. А беларускія клюбы так ня разу і не абыгрывалі славацкія.

Барысаўскі БАТЭ застаецца адзіным прадстаўніком Беларусі ў эўракубках. 6 жніўня каманда дома ў рамках другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў сустрэнецца з бэльгійскім «Андэрлехтам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?