Ілюстрацыйны здымак. Фота Ірыны Арахоўскай.

Апошнім часам у навіны Беларусі часта трапляюць «анархісты». Менавіта яны ачолілі брэсцкі Марш недармаедаў 5 сакавіка, затрыманнем анархістаў быў выкліканы гучны хапун у тралейбусе №37 пасля мінскага Марша. Некаторыя СМІ пачалі палохаць чытачоў «маладзёнамі ў чорным». Хто ж яны, гэтыя людзі пад чорнымі сцягамі?

 

Калі казаць зусім прымітыўна, то анархісты выступаюць за ліквідацыю дзяржаў і ўлады ва ўсіх яе праявах. 

Як і ў любым руху, сярод анархістаў вылучаюцца асобныя суполкі, погляды якіх і метады дзеяння адрозніваюцца адно ад аднаго.

Як правіла, у анархісцкіх арганізацыях няма фіксаванага сяброўства. Няма ў іх і кіраўніцтва — бо сама сутнасць анархізму адмаўляе наяўнасць нейкай кіруючай вертыкалі.

Шмат анархістаў у Беларусі ўвогуле не з'яўляюцца сябрамі нейкіх груповак ці арганізацый. Яны дзейнічаюць сітуатыўна і аўтаномна. Па розных меркаваннях, такіх «адзінак» ці то палова, ці нават больш.

Дзяржава ставіцца да анархічных суполак насцярожана, незалежна ад адценняў іх ідэй. За імі сочаць спецслужбы, адзін з сайтаў анархістаў і іх суполкі Укантакце былі ўнесеныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Нядаўна інвалід з-пад Светлагорска атрымаў адміністратыўнае пакаранне і канфіскацыю тэлефона якраз за рэпост паста, апублікаванага адной з анархічных арганізацый.

Рэпосціў мужчына паведамленне руху «Рэвалюцыйнае дзеянне», чые сайт і суполкі ў сацсетках прызнаны экстрэмісцкімі. Таму і доступ да іх заблакаваны.

«Рэвалюцыйнае дзеянне»

«Рэвалюцыйнае дзеянне» — адна з найбольш актыўных суполак. Гэта яны выходзілі на Марш недармаедаў 5 сакавіка ў Берасці.

Ідэйная платформа РД — анарха-камунізм, сацыяльны анархізм і ілегалізм.

Апошняе значыць, што арганізацыя дзейнічае не зважаючы на законнасць. У аснову ставіцца эфектыўнасць дзеяння, а ці дазваляе яго закон — пытанне другаснае.

Адным з вынікаў гэтага развіцця з'яўляецца канцэпцыя мілітант-анархізму — практыкі, накіраванай на падрыхтоўку арганізаваных і дысцыплінаваных рэвалюцыйных анархістаў, здольных дзейнічаць у розных умовах з ужываннем розных метадаў прасоўвання анархісцкіх ідэй.

«Наша арганізацыя існуе з 2007 года, з'явілася яна як адно з аддзяленняў вялікай расійскай анархічнай арганізацыі «Аўтаномнае дзеянне». Мы хацелі стварыць арганізацыю, якая прапагандуе анархізм і імкнецца сапраўды ўплываць на палітычныя і сацыяльныя падзеі ў Беларусі. У 2009 годзе мы выйшлі са складу «Аўтаномнага дзеяння» праз нязгоду з некаторымі ідэямі (напрыклад, зварот да ўладаў — гэта непрымальны для анархістаў метад). Тады ж мы сталі называцца «Рэвалюцыйным дзеяннем», — распавёў «Нашай Ніве» прадстаўнік суполкі.

Па словах суразмоўцы, важную ролю «Рэвалюцыйнае дзеянне» надае агітацыі.

«Нашу агітацыю мы стараемся зрабіць кідкай, эфектнай і зразумелай. Шмат сіл трацім на тое, каб людзі пра нас ведалі. Апошнія падзеі ў Беларусі павялічылі увагу да анархістаў, аднак мы дзейнічалі досыць актыўна на працягу некалькіх апошніх гадоў. Пікет у Мінску ў 2014, маршы і пікеты ў Брэсце ў 2015, кінутыя лямпачкі ў Белтэлерадыёкампанію ў 2016 годзе».

«Рэвалюцыйнае дзеянне» нават праплачвае рэкламныя пасты ў фэйсбуку.

«Так, сапраўды, мы купляем там рэкламу. А што ў гэтым ганебнага? У прынцыпе, калі мы купляем паперу і фарбу, друкуем на ёй агітацыйны матэрыял — гэта таксама выдаткі на рэкламу. І ў гэтым нічога дрэннага няма», — тлумачаць у «Рэвалюцыйным дзеянні».

У адрас анархістаў нярэдка можна пачуць абвінавачанні ў правакатыўнасці — самі яны выходзяць на акцыі з закрытымі тварамі. Часам разам з імі міліцыя забірае і звычайных людзей.

«Ну не анархісты ж кідаюць іх на суткі, правільна? Мы пра гэта і сказалі: такія сітуацыі толькі паказваюць наколькі неадэкватная ў нас дзяржава, што гатова саджаць на суткі нават тых, хто проста аказаўся не ў той час і не ў тым месцы, — адказвае на закіды прадстаўнік «Рэвалюцыйнага дзеяння». — А правакацыя — гэта тэрмін, які часта выкарыстоўваецца супраць апанентаў у палітыцы з нагоды і без. Наш рэсурс ставіць сваёй мэтай барацьбу за свабоду і справядлівасць для ўсіх людзей у Беларусі і за яе межамі. Для прыхільнікаў таталітарных парадкаў адно гэта ўжо можа здацца правакацыяй.

На жаль, тое, што ў Беларусі ўвогуле магчыма затрыманне чалавека за мірнае выказванне свайго пратэсту, толькі паказвае, наколькі наша барацьба зараз неабходная. І супрацьдзеянне сілавікоў таксама нядзіўна. Іх мэта — задушыць народныя пратэсты, загнаць людзей па дамах і работах, ператварыць краіну ў адзін вялікі канцлагер. Падзеі апошніх дзён паказваюць, што спіс «экстрэмістаў» улады пашыраюць па сваім жаданні».

«Пошуг»

Фота Ірыны Арахоўскай.

Аднак акрамя такіх радыкальных анархістаў, у Беларусі дзейнічаюць і суполкі моладзі проста левых перакананняў. Адна з вядомых — гэта «Пошуг».

Беларускае слова «пошуг» — гэта выбліск святла альбо агню.

Гэтая суполка была створаная у канцы 2012 года. Даволі сур'ёзны ўплыў на частку руху на этапе станаўлення аказала дзейнасць расійскай леванацыяналістычнай арганізацыі «Вольніца», з якой пазней часта і параўноўвалі «Пошуг».

У беларускай медыяпрасторы «Пошуг» заўважылі пасля таго, як актывісты выклалі некалькі відэа. На адным з майкі мінскага хлопца нібыта адкалупваюць надпіс «Я русскій», іншага хлопца прымушаюць зняць і растаптаць майку з Пуціным.

А ў 2015 годзе «Пошуг» набыў шырокую вядомасць дзякуючы «справе графіцістаў». Некаторыя з фігурантаў справы былі актывістамі руху.

Канцэпцыю «Пошугу» можна абазначыць як этнаанархізм або левы нацыяналізм.

«Мы звяртаемся да лакальных традыцый барацьбы за лепшую долю, да духу ўласнай зямлі і волі ўласнага народа. Мы не бачым вялікага сэнсу ў тым, каб бясконца ставіць у прыклад практыкі іншых, часта далёкіх ад нас на ментальным узроўні рухаў і народаў з розных канцоў свету. Мы цягнемся да беларускай этнічнай культуры, бачым у ёй выдатны падмурак для аб'яднання людзей і праяўлення ў іх братэрства і салідарнасці адзін да аднаго, — расказаў «Нашай Ніве» актывіст «Пошугу». — У сапраўды народнай традыцыі мы знаходзім прыклады непрымання ўлады і імкненне да незалежнасці ды вольнага жыцця без дзяржавы. А калі мы і звяртаем позірк некуды ў бок, то шукаем там карані свайго ўласнага народа. Да прыкладу, этнаанархісты выкарыстоўваюць чорна-чырвона-чорны сцяг, які з'яўляецца не проста сімбіёзам чорнага сцяга і бел-чырвона-белага, а прамой спасылкай да Нарыльскага паўстання ў ГУЛАГу пад кіраўніцтвам беларуса Рыгора Клімовіча ў 1950-ых, калі над лагерам пачалі падымацца чорныя з чырвонай паласой сцягі — як сімвалы свабоды, а таксама ў знак жалобы па загінулых таварышах і пралітай імі крыві».

Але, мабыць, галоўным адрозненнем поглядаў «Пошугу» ад іншых беларускіх анархісцкіх груп з'яўляецца эканамічнае пытанне, як кажуць самі актывісты. Яны заклікаюць да ігнаравання органаў улады ў гэтым накірунку: прапануюць не плаціць падаткі і штрафы, утойваць справаздачнасць аб эканамічнай дзейнасці, актыўна ўдзельнічаць у шэрым і чорным рынках.

За гады развіцця поглядаў змяніліся і сімвалы. «Пошуг» раней выкарыстоўваў «Калюмны» — адзін з гербаў Вялікага Княства Літоўскага. На сёння анархісты адмовіліся ад гэтага сімвала. «Бо 90% бачаць у «Калюмнах» менавіта ВКЛ, Гедыміна і «шляхетнасць», з якой нам не па дарозе», — кажа адзін з актывістаў.

«Пошуг» сябе пазыцыянуе як народнікаў, але нейкай выразнай праграмы і платформы, як у «Рэвалюцыйнага дзеяння», дагэтуль не сфарміравана, — прызнаецца іншы актывіст. — «Пошуг» у гэтым плане хутчэй як ордэн альбо ідэя, якую ён прасоўвае, чым канкрэтна арганізацыя у класічным разуменні».

«Вольны Хаўрус»

«Хаўрус», па словах анархістаў, ніколі не быў публічным рухам, а хутчэй, платформай, якая аб’ядноўвае людзей з падобнымі поглядамі.

«Вы б не знайшлі чалавека, які б мог сказаць, што ён з «Хаўрусу», — паведаміў адзін з анархістаў.

Але ж у «Вольнага хаўруса» ёсць свой канрэтны маніфест. Яны «спрабуюць будаваць рух на такіх самых арганізацыйных прынцыпах як і «Рэвалюцыйнае дзеянне», кажуць суразмоўцы з ліку анархістаў.

Ідэі «Хаўрусу» трохі падобныя на «Пошуг». «Хаўрус» карыстаецца беларускай мовай, святкуе дні нараджэння выбітных беларусаў (Каліноўскага, Багушэвіча), угодкі Слуцкага збройнага чыну. Сярод прыярытэтаў «Хаўрус» называе нацыянальнае вызваленне і культурніцкае адраджэнне.

Анархісцкая група «Прамень»


Гэта, напэўна, найбольш лібертарная суполка. «Праменеўцы» выступаюць катэгарычна супраць любых праяваў нацыяналізму, супраць любога дзяржаўнага ладу. Для іх аднолькава непрымальная любая дзяржаўная сімволіка, як серп і молат, так і «Пагоня».

«Прамень» — гэта калектыў і інфармацыйны рэсурс сацыял-рэвалюцыйнага анархісцкага кірунку. На сітуацыю, што складваецца ў свеце, мы глядзім праз прызму класавай барацьбы», — характарызуюць сябе самі анархісты.

Сайт суполкі занесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі.

«Ежа замест бомбаў»

Гэта міжнародная ініцыятыва, накіраваная супраць мілітарызму і голаду. Анархісты кормяць бяздомных і любых іншых людзей, якім патрэбная ежа. Праект дабрачынны, але ж негледзячы на гэта, час ад часу актывістаў затрымлівае міліцыя. Часцей за ўсё адпускаюць без пратаколаў, але здараецца, што і штрафуюць, і караюць адміністратыўнымі арыштамі.

«Анархічны чорны крыж»

«АЧК» — гэта арганізацыя, якая займаецца дапамогай анархістам, якія сутыкнуліся з праблемамі. «Чорны крыж» — гэта фактычна міжнародная анархічная суполка, якая мае свае «філіі» па ўсім свеце. У Беларусі «АЧК» мае свой закрыты калектыў, які і прымае рашэнні аб дапамозе. Дапамога ў першую чаргу фінансавая.

«Апошнія пару гадоў калектыў «АЧК» стаў звужаць катэгорыю людзей, якім можа дапамагаць. У першую чаргу яны адмовіліся падтрымліваць актывістаў «Пошугу» — за іх нацыяналізм. У далейшым з'яўляліся ўсё новыя і новыя дадатковыя прыкметы, па якіх падтрымка можа быць не аказана. Напрыклад, прадстаўнікі «АЧК» адмовіліся падтрымліваць анархістаў, якія прымянялі гвалт да таварышаў, незалежна ад кантэксту гвалту і прычыны», — распавёў «Нашай Ніве» адзін з прадстаўнікоў анархічнага руху.

«АЧК» звязаная з таварышамі па ўсім свеце, якія актыўна дапамагаюць у моманты асаблівых рэпрэсій (напрыклад, як цяпер) і з гэтых фінансаў потым дапамагаюць тым, хто быў рэпрэсаваны».

«Чорная ружа»

На слыху гэтая суполка з’явілася зусім нядаўна. Заяўлялася, што адзін з яе сяброў — Вячаслаў Касінераў, былы фігурант «справы графіцістаў». Сам Касінераў быў затрыманы 12 сакавіка, пасля таго, як накінуў пятлю на шыю помніку паліцэйскаму гарадавому. Адразу пасля гэтага ў судзе Цэнтральнага раёна Касінераў атрымаў 15 сутак. Але не за акцыю з гарадавым, а за ўдзел у мінскім Маршы недармаедаў — самым першым, які праходзіў яшчэ 17 лютага. Пазней стала вядома, што супраць Касінерава за пятлю на помніку распачалі крымінальную справу….

Але ж, па словах анархістаў, «Чорная ружа» — гэта не столькі рух ці арганізацыя, а нешта накшталт медыйнай пляцоўкі.

«Наша справа»

Паблік «Наша справа» быў створаны ў 2014 годзе як рэакцыя на разлом у фанацкім руху футбольнага клуба «Партызан» і першапачаткова стаў рупарам «хуліганскага» актыва «Партызана» (гэта значыць, баявых антыфашыстаў, якія прымалі на сябе ўвесь цяжар фізічнай барацьбы на вуліцах).

«Наша справа» — гэта перадусім інфармацыйны рэсурс, выразнага руху пад такой назвай не існуе, кажуць анархісты (хаця ёсць і банер, і цішоткі, і іншыя візуальныя элементы руху).

«Інфарэсурс візуалізуе так званую «згоду» паміж беларускімі ды ўкраінскімі антыфашысцкімі групоўкамі, у прыватнасці, шматгадовую супрацу і братэрства паміж фанатамі «Партызана» і кіеўскага «Арсенала» ды іншымі», — кажуць анархісты.

Па словах суразмоўцы «Нашай Нівы», разлом сярод фанатаў «Партызана» адбыўся пасля сітуацыі ва Украіне і неадназначнай рэакцыі на яе расейскіх антыфашыстаў. Фанаты «Арсенала» паехалі ваяваць за незалежнасць і цэласнасць Украіны на Данбас, і на гэтай хвалі пачаўся разрыў іх адносін са значнай часткай былых расійскіх партнёраў.

«Хуліганы «Партызана», маючы пераважна прабеларускія патрыятычна-нацыяналістычныя пазіцыі, выразна падтрымалі «Арсенал», замест таго каб жаваць соплі і спрабаваць сядзець на двух крэслах, як тое зрабіла частка фанатаў, — кажа адзін з анархістаў. — У гэты момант і з’явілася «Наша справа». На сёння «Наша справа» — самы папулярны антыфашысцкі рэсурс ў Беларусі і Украіне, які стаіць па-над падзеламі і адлюстроўвае інфармацыю з усіх палітычных груповак. За выключэннем, можа, «Праменя».

Чый анархізм анархічнейшы

Сярод анархісцкіх суполак хапае і ўзаемных прэтэнзій, і проста негатыву. Некаторыя наўпрост не прызнаюць адно аднаго, ці фактычна лічаць, што іх анархізм «больш анархічны за іншы».

Напрыклад, рух «Ежа замест бомбаў» цяпер падтрымліваецца рознымі анархісцкімі суполкамі, прычым паасобку. Прычыны — ідэалагічныя разыходжанні паміж суполкамі.

А «Прамень» зімой 2016 года аб’явіў, што не хоча мець нічога супольнага з «Пошугам».

«У апошні час увага многіх было накіравана на так званую «справу графіцістаў» і звязаны з ёй рух «Пошуг». З нядаўніх часоў некаторыя з удзельнікаў «Пошуга» прыходзяць на акцыі ініцыятывы «Ежа замест бомб», спрабуюць прапаноўваць свой удзел і дапамогу ў правядзенні раздачы. Мы не хочам супрацоўнічаць з гэтым рухам і не хочам прысутнасці яго ўдзельнікаў на нашых акцыях, бо для нас непрымальна супрацоўніцтва з людзьмі, якія прасоўваюць ідэі нацыяналізму», — паведамлялі «праменеўцы».

Гэтаксама ставіцца да «Пошугу» і вядомы анархіст, былы палітвязень Мікола Дзядок.

«Асабіста я не лічу «Пошуг» анархісцкай суполкай, бо ў іх нацыяналістычная ідэалогія і эстэтыка», — распавёў ён «Нашай Ніве».

Але і самога Дзядка шмат хто не любіць.

«Дзядок — чалавек, апантаны жаданнем паказаць сабе. Выхад Дзядка з турмы адчыніў скрыню пандоры у сэнсе розных разборак (і ўсё часцей публічных) у агульным руху, — распавёў «Нашай Ніве» адзін з анархістаў. — Дзядок збірае вакол сабе людзей пакрыўджаных на «РД», «Пошуг» і гэтак далей, людзей, якія да ягонага выхаду былі дэмаралізаваныя і дэзарганізаваныя, як палітычных суб’ектаў іх наогул не існавала».

Адзін з блізкіх да «Пошугу» анархістаў каментуе сітуацыю так: «З «Рэвалюцыйным дзеяннем» у «Пошугу» няма праблемаў, хаця афіцыйна адкрытай супрацы няма з розных прычынаў. «РД» больш выразныя у плане ідэалогіі, яны дэкларуюць канкрэтныя прынцыпы і ідэалогію, такія як платфармізм (як арганізацыйны метад) і анарха-камунізм (бездзяржаўны сацыялізм) як мэту. Хаця, напрыклад, былі акцыі, на якіх анархісты з «РД» ішлі разам з актывістамі «Пошугу».

А вось «Прамень» і вакольныя ініцыятывы накшталт «Анархічнага чорнага крыжа» пазіцыянуюць сабе як асобны апазіцыйны лагер у дачыненні да ўсіх іншых. Найгоршае — гэта іх перакананне, што сапраўдныя анархісты — гэта толькі яны».

«Стаўленне да «Праменя» абсалютна ва ўсіх групах рэзка адмоўнае, уключна з пазаарганізацыйнымі актывістамі, якія гуртуюцца вакол Касінерава», — падкрэслівае суразмоўца.

У сваю чаргу, актывісты «Рэвалюцыйнага дзеяння» абмяркоўваць разыходжанні з іншымі анархістамі адмовіліся.

«Мы цяпер не вельмі хацелі б абмяркоўваць іншыя калектывы. Калі аналізаваць разыходжанні, гэта прывядзе да таго, што нам давядзецца апісваць разыходжанні ў ідэалогіі і практыцы паміж рознымі анархічныя групамі. Цяпер і так даволі шмат структур, якія хочуць падзяліць пратэстуючых. Мы лічым, што спрэчкі цяпер — гэта лішняе. Усё можна будзе ўбачыць на практыцы», — кажуць прадстаўнікі «Рэвалюцыйнага дзеяння».

«Група «РД» сканцэнтраваная пераважна на акцыянізме і прэтэндуе на тое, каб быць сілавой групоўкай», — каментуе Дзядок.

Што ж да масавасці рухаў, то адзін з суразмоўцаў ацаніў сітуацыю наступным чынам:

«Найбольш мог бы мабілізаваць «РД». Да 2017 года другое месца меў «Пошуг». Але ёсць свае нюансы — напрыклад, у 2014—2015 гадах у сілавым, а не колькасным, вымярэнні найбольшы патэнцыял меў менавіта «Пошуг», дзякуючы шчыльным сувязям з фанацкім асяроддзем «Партызана». Але падчас «справы графіцістаў» гэтую глебу выбілі з-пад нашых ног, а цяпер вось «справай антыфашыстаў» і ўвогуле растапталі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

52
Каментатар / Адказаць
08.09.2008 / 10:43
Не вельмі разумныя хлопчыкі ды дзяўчынкі. Анархізм - абсалютная ўтопія, смешна, калі яны прынцыпы, па якіх жыве іхняя суполка, спрабуюць нацягнуць ажно на ўсё грамадства. Людзі - не робаты, менавіта таму анархізм немагчымы.
15
Каментатар / Адказаць
03.05.2003 / 01:01
M113, У нас трэба думаць дарослыя разумнейшыя?Дарэчы яшчэ як магчымы праз 70 гадоу праіснавау і пасьля яшчэ 20 гадоу галасавалі за яго як робаты.
23
Каментатар / Адказаць
11.07.1971 / 07:39
Гэта ўсе кул, вядома, артыкул прафесыйны, але які ўплыў на грамадства маюць дробныя тусоўкі па пару чалавек? Яны гуляюць сабе ў актывістаў, раз на год кідаюць фарбу ў дзверы, ствараюць уласныя міркі - маўляў, "мы такія ідэйныя, што нашая ідэя ідэалізуе ідэалізаванне да ідэальнага! улады - фу!". І што? Далей што? Далей дваровыя тунеядцы Пеця і Вася ідуць у краму па пузыр, а пасля уключаць Первы Національны.
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру