З нагоды завяршэньня першага этапу парлямэнцкай кампаніі — вылучэньня і рэгістрацыі ініцыятыўных груп — прадстаўнікі АДС далі прэс-канфэрэнцыю, дзе падвялі першыя прамежкавыя вынікі.

Агулам вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў былі ацэненыя як «лібэральныя». З 103 вылучэнцаў ад АДС былі зарэгістраваныя 100 ініцыятыўных груп (23,7 % ад агульнай колькасьці ўсіх зарэгістраваных). Сем чалавек зь сьпісу АДС нават не спрабавалі зарэгістравацца. Агулам у ініцыятыўныя групы дэмакратычных кандыдатаў увайшло больш за 3 тысячы чалавек.

«Мы задаволеныя гэтым вынікам. Разам з тым існуюць відавочныя супярэчнасьці: з аднаго боку ўлада зацікаўленая ў легімітызацыі палаты прадстаўнікоў, а з другога боку мы бачым пастаянныя наезды на нашых кандыдатаў і сяброў іх ініцыятыўных груп. На гэты раз улады дзейнічаюць не аглобляй, а больш тонка», — кажа выконваючы абавязкі старшыні БСДП Анатоль Ляўковіч.

Віктар Карняенка з Руху «За свабоду», які каардынуе кампанію АДС «За Свабодныя выбары» кажа:

«Ня толькі ўлада памяняла тактыку, але і мы. У нас ёсьць агульны сьпіс кандыдатаў, зь якім уладам трэба лічыцца. Цяпер ідзе вылучэньне сяброў участковых выбарчых камісій. Мы вылучаем дзесьці паўтары тысячы чалавек у гэтыя камісіі. Натуральна, што закрыць усе ня ўдасца, бо ёсьць праблема людзкога рэсурсу».

У тым ліку і ад этапу ўключэньня сяброў палітычных партый ва ўчастковыя камісіі будзе залежыць фармат далейшага ўдзелу АДС у парлямэнцкай кампаніі.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін гаворыць пра тое, што дзяржаўныя СМІ наўмысна замоўчваюць тэму выбараў.

«Выбараў нібыта і няма ўвогуле! У дзяржаўных СМІ яны адсунутыя на другі плян. Сапраўды, людзі могуць пачаць аналізаваць, што зрабіў іх дэпутат, ці варта зноў яго падтрымліваць», — зазначае лідэр апазыцыйных камуністаў.

Папрасілі журналісты выказацца і наконт другога сьпісу дэмакратычных кандыдатаў, маецца на ўвазе «Эўрапейская кааліцыя». Сяргей Калякін быў у дадзеным пытаньні досыць эмацыйны (па ягонай акрузе ідзе лідэр «эўрапейцаў» Мікола Статкевіч).

«Няма тут чаго камэнтаваць. Нічога добрага працэсу дэмакратыі ў Беларусі другі, трэці ці сёмы сьпіс не дае. Ён не прыносіць ніякай карысьці — гэта нядобрая справа. Сьпіс кандыдатаў ад АДС фармаваўся адкрыта. За трапляньне ў яго змагаліся людзі. Што такое сьпіс ЭК мне сказаць цяжка», — кажа С.Калякін.

Ва ўнісон зь ім гаворыць і Анатоль Ляўковіч: «Гэта спроба піяру тых людзей, якія не змаглі трапіць у наш сьпіс».

Яшчэ больш рэзкім Калякін быў, калі пачаў гаварыць пра вылучэньне Міколы Статкевіча:

«Мне цяжка зразумець, навошта ён гэта робіць. Чалавека нічога ня зьвязвае з гэтай акругай, у яго няма там партыйнай структуры. І яшчэ адзін момант — Мікола Статкевіч ня мае права балятавацца на гэтых выбарах, бо зь яго ня зьнятая судзімасьць. Чаму ягоную ініцыятыўную групу зарэгістравалі — таксама загадка. У мяне тут дзьве вэрсіі: альбо Статкевіч агент, альбо дурань. Аднак і ў першы, і ў другім варыянце з чалавекам дамаўляцца немагчыма».

Усе ўдзельнікі прэс-канфэрэнцыі згаджаліся, што вельмі цяжка зьбіраць подпісы. Людзей няма ў гарадох, яны ці на лецішчах, ці ў адпачынку. З тых, што застаюцца далёка ня ўсе нават ведаюць пра выбары. У любым выпадкам за кандыдатаў ад АДС па ўсёй краіне падпісалася больш за 50 тысяч выбаршчыкаў. Шэсьць чалавек ужо змаглі сабраць больш за тысячу подпісу, неабходных для рэгістрацыі.

Зьміцер Панкавец


Фота Ўладзя Грыдзіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0