Ён прыйдзе, гэты дзень!
Ён не прыйсьці ня можа!
Ён прыйдзе —
й загудзе вясновы буралом,
пакрышыць, разьмяце,
раскідае, зьніштожыць
усё, што нам шляхі да хаты замяло!

Ці чуеце?
Аб ім
шасьціць быльнёг аселіц,
пяюць вятры ў лазе
і звоніць крыгаў лёд.
Ахвяраю крыві
а Слова стане Целам,
і ўжо ніколі больш ня ўстане Чорны Год.

Няхай бярэмя він
прыгнула нас, і крылы
апалі,
й хлеб чужы нясмачны і важкі,
няхай нас апавіў
тугой агорклы вырай, —
трывайма!

Ён ідзе —
Вялікі Сакавік!
Ідзе…
й пад ногі рунь
яму кладзецца, таюць
сьнягі, на паплавох зяленіцца трава…

Радзіма!
Беларусь!
Каханая, сьвятая!
Багаславі нас жыць
і веру захаваць!

1950

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0