Ганна Бандарэнка з аднадумцамі заснавала ўнікальны праект «Здольная» — своеасаблівы байцоўскі клуб для жанчын.

Толькі тут нікога не збіваюць. Наадварот, робяць усё для таго, каб дзяўчыны сталі больш трывалымі і ўпэўненымі ў сабе на занятках па футболе, рэгбі, каратэ, лонгбордзінгу і інш.

Ганна марыць стварыць у Беларусі сапраўдную жаночую акадэмію аматарскага спорту. Пра тое, навошта патрэбна такая ўстанова, як спорт дапамагае астатнім сферам жыцця і як не згубіць сябе ў сучасным шалёным рытме, чытайце ў нашай з ёй гутарцы.

Ганна Бандарэнка, заснавальніца «Здольнай».

«Наша Ніва»: Што падштурхнула цябе стварыць сацыяльна-спартыўны праект «Здольная»?

Ганна Бандарэнка: Спачатку адной з сфармуляваных задач была папулярызацыя спорту: каб кожная жанчына магла займацца любым накірункам, нягледзячы на фізічныя і фінансавыя магчымасці. Але з цягам часу стала зразумела, што тут не проста спорт дзеля спорту. Гэта выдатны інструмент, каб працаваць з больш глыбокімі і важнымі тэмамі: самаацэнка, упэўненасць у сабе, лідарскі патэнцыял і інш.

Спорт дапамагае і ў звычайным жыцці: вучыцца адстойваць сваё меркаванне, спраўляцца з пэўнымі сацыяльнымі стэрэатыпамі, умець казаць «не». Гэта гісторыя пра тое, як пасля наладжвання кантакту з уласным целам у іншых сферах усё будзе таксама атрымлівацца прасцей.

Калі глядзіш на карцінкі дзяўчат з ідэальным целам і тварам у медыя, часам пачынае здавацца, што, каб пачаць нейкую справу, трэба спачатку палепшыць сваю знешнасць. Але гэта не так. Галоўнае — наладзіць унутраны дыялог і палюбіць сябе.

«НН»: Наколькі вы пра фемінізм?

ГБ: Мы пра яго ў тым ліку, пра гендар. Некаторыя пытаюцца ў мяне: якія могуць заставацца праблемы, калі ў краіне куча фітнес-клубаў. У крайнім выпадку можна і на вуліцы пабегаць. Але давайце згадаем, што, акрамя асноўнай працы, на беларускую жанчыну звычайна кладзецца абавязак па вядзенні хатняй гаспадаркі.

Калі нарадзіліся дзеці, то ў суме кабеце трэба займацца трыма работамі. Ці застаецца ў яе час на тое, каб паўнавартасна займацца фізічнай актыўнасцю?

Таксама чамусьці апрыёры лічыцца, што мужчыны ў спорце заўсёды лепшыя. Яшчэ адзін момант звязаны з узроўнем прыбыткаў: у жанчын ён нярэдка на працэнтаў 30 ніжэй. Калі ў краіне ў прынцыпе заробкі невялікія, гэта вельмі істотна.

«НН»: Менавіта таму вы робіце бясплатныя спартыўныя трэніроўкі?

ГБ: Так, «Здольная» ствараецца сіламі валанцёраў на чыстым энтузіязме, і нашы праекты даступныя для ўсіх. На трэніроўкі да нас можна прыходзіць нават разам з дзецьмі. У будучыні мы хочам шчыльна працаваць з інклюзіўнымі праектамі: рабіць заняткі для жанчын з інваліднасцю. Але, акрамя такога сацыяльнага адгалінавання, для больш ўстойлівага развіцця хацелася б вылучыць і камерцыйны блок. Каб мець магчымасць аддзячыць усім валанцёрам.

Адным з дадатковых варыянтаў існавання я бачу стварэнне акадэміі аматарскага спорту для жанчын.

Пачнем з футбольнай школы, таму што я сама займаюся футболам з 13 гадоў: мне будзе прасцей выбудаваць сістэму заняткаў, прыцягнуць знакамітых трэнераў і г. д.

Плюс да ўсяго, ужо зараз у рамках нашага праекту футбол з’яўляецца самым папулярным напрамкам. Дзіўным чынам ён пасунуў назад традыцыйныя актыўнасці накшталт фітнесу, ёгі або танцаў. Прычым некаторыя дзяўчаты-футбалісткі да таго, як прыйсці да нас, зусім не сябравалі са спортам, і менавіта гэтая камандная гульня іх захапіла.

З ідэяй стварэння акадэміі спорту я планую паўдзельнічаць у барацьбе за грант ад «Актывія» — класнай магчымасцю ўвасобіць у жыццё сваю мару. Крута, калі буйны бізнес дапамагае стартаваць пачаткоўцам.

«НН»: Як ты сумяшчаеш працу HR-ам у Epam Global, праекты, заняткі спортам ды яшчэ і абавязкі трэнера? У цябе жорсткая сістэма тайм-менеджменту?

ГБ: Час ад часу, мне здаецца, што я нічога не паспяваю. І самае галоўнае, што тут губляецца — усведамленне моманту, магчымасць атрымліваць асалоду ад працэсу. Адзінае, што я выкарыстоўваю ў якасці планіроўшчыка — каляндар Outlook: мне важна распісаць справы хаця б на тыдзень наперад.

Увогуле, калі раней людзі жылі па схеме «work-life balance» (умоўна, ты скончыў працаваць а 18-й гадзіне і імгненна забыўся на ўсе працоўныя моманты, пераключыўшыся на хатнія абавязкі), то ў новага пакалення межы паміж працай і асабістым жыццём сціраюцца.

На змену прыходзіць схема «work-life integration», згодна з якой я магу спакойна разбіраць электронную пошту ў законны абед. Я бачу ў гэтым толькі плюсы: дынаміка жыцця дазваляе браць энергію з адной сферы і выкарыстоўваць у другой.

Я знаходжу пазітыўным, калі ў чалавека ёсць не толькі праца, хай і любімая, дзе ён знаходзіцца ў наёмніцкіх адносінах, але і нейкая ўласная справа, дзе ён руліць. Гэта ўзаемадапаўняльныя моманты.

«НН»: Няўжо табе ніколі не хочацца зачыніцца ў пакоі, выключыць тэлефон і забыцца?

ГБ: Трэба прыслухоўвацца да сябе і ў пэўны момант браць паўзу. У валанцёрскай справе, ды і ў шмат якой іншай, ты пастаянна ходзіш па коле: ад поўнага выгарання і спустошанасці, няўпэўненасці ў правільнасці таго, што робіш, да чарговага ўздыму. Асабіста мяне ў першай сітуацыі падзараджаюць базавыя рэчы: выспацца, смачна паесці, патрэніравацца (здавалася б, фізічныя нагрузкі, наадварот, прыносяць стомленасць, але гэтая стомленасць заўжды прыемная і карысная).

«НН»: Сваім праектам ты дапамагаеш жанчынам здабыць гармонію з сабой, ці з’явіліся у цябе нейкія напрацаваныя правілы, з чаго варта пачаць на гэтым шляху ўдасканалення?

ГБ: Зноў вярнуся да таго, што ва ўсім трэба прыслухоўвацца да сябе. Калі цела дае сігнал, што яму патрэбны адпачынак, выказваючы гэта нейкімі болямі, стомленасцю ці хваробай, дайце яму гэта. Абавязкова імкніцеся да таго, каб рабіць толькі тое, што прыносіць задавальненне.

У сучасным жыцці зашмат спешкі і смеццевай інфармацыі, таму, мне здаецца, важна ўзяць за правіла хаця б 10 хвілін на дзень праводзіць у спакоі і цішыні, адкінуўшы ўбок гаджэты. Гэта дапаможа напрацаваць унутраны кантакт.

Ну і, канечне, раю абраць для сябе нейкі спорт. Бег, бокс, футбол, скалалазанне — не мае розніцы. Калі вы знойдзеце магчымасць займацца гэтым хаця б раз на тыдзень, гэта зробіць вас куды больш энергічнай, моцнай, а значыць, і гарманічнай.

Калі вы, як і Ганна, марыце ўвасобіць у жыццё нейкі ўласны праект, звязаны з фатаграфіяй, кандытарскай справай, танцамі, выяўленчым мастацтвам, дызайнам адзення ці бізнесам, паспрабуйце паўдзельнічаць у конкурсе «Жыві ў гармоніі з сабой» ад «Актывія»» і атрымайце 5500 рублёў на яго рэалізацыю пад кіраўніцтвам прафесійных ментараў. Мары збываюцца, а заяўкі ад зацікаўленых прымаюцца да 2 красавіка.

Падрабязней пра конкурс можна пачытаць у сацсетках:

Чытайце таксама:

Толькі для жанчын. Сем беларусак атрымаюць па $3000 на ажыццяўленне сваёй мары

ТАА «Мандэй» УНП 192214462

Дзякуем скаладрому «Трапецыя» за прадастаўленае месца для здымак!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?