Удзельнікам антыкарупцыйнай акцыі, якая прайшла напярэдадні ў Маскве, нібыта абяцалі ўзнагароду, заявілі ў Следчым камітэце, паведамляе ВВС.

«Следчы камітэт валодае аператыўнай інфармацыяй аб прапановах узнагароджання ў выпадку затрымання за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі 26 сакавіка ў Маскве не толькі падлеткам, але і іншым удзельнікам мерапрыемства», — заявіла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Святлана Пятрэнка.

Па яе словах, праверка вядзецца ў межах крымінальнай справы, распачатай па трох артыкулах КК — «хуліганства», «замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа» і «ужыванне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады».

Пра тое, што падлеткам, якія ўдзельнічалі ў мітынгах 26 сакавіка, нейкія асобы нібыта абяцалі грошы, калі іх затрымаюць, раней заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

«Ёсць пэўныя пацверджанні таму», - сказаў Пяскоў, не ўдаючыся ў падрабязнасці і не ўдакладняючы, хто менавіта абяцаў грошы падлеткам.

Удзел у масавых мерапрыемствах за невялікае ўзнагароджанне (звычайна 300-500 рублёў, або 5-8 даляраў) — звычайная практыка ў выпадках з пракрамлёўскімі акцыямі. У інтэрнэце ёсць мноства відэазапісаў, якія пацвярджаюць гэта, аднак аб выпадках крымінальнага пераследу за арганізацыю праплочаных мітынгаў у падтрымку расійскіх уладаў у СМІ не паведамлялася.

Нядзельны мітынг-шэсце па Цвярской у Маскве стаў самай масавай акцыяй апазіцыі за год і павярнуўся самымі масавымі з 1993-га года затрыманнямі. Паводле афіцыйных даных, у аўтазакі трапілі 600 чалавек. Праваабаронцы сцвярджаюць, што затрыманых было больш за тысячу. Мітынгі супраць карупцыі прайшлі ў дзясятках гарадоў па ўсёй Расіі.

Падставай для пратэсту стала расследаванне «Фонду барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага аб нерухомасці і маёмасці, якімі карыстаецца прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?