president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму і прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну не патрэбныя пасярэднікі для вырашэння наяўных пытанняў. «У нас з Уладзімірам Уладзіміравічам бліскучыя адносіны. Бліскучыя. І знойдзем час, сустрэнемся», — адзначыў ён, закрануўшы пытанне пасярэднікаў у адносінах паміж краінамі падчас сустрэчы з паслом Арменіі Арменам Хачатранам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што ненавідзіць пасярэднікаў: «Бо яны вакол Беларусі, колькі я прэзідэнтам, столькі і ходзяць — то міратворцы, то пасярэднікі, то з Еўрасаюзам, то яшчэ з кімсьці. Ды мы без пасярэднікаў разбярэмся з Еўрасаюзам, з іншымі дзяржавамі і гэтак далей».

«Сёння ўжо пра Расію кажуць, што пасярэднікі там патрэбныя паміж Пуціным і Лукашэнкам. Ды супакойцеся - у нас з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным бліскучыя адносіны. Бліскучыя. І падбяром час, сустрэнемся. Калі ёсць нейкія праблемы, мы іх вырашым. Без пасярэднікаў мы вырашым удваіх, і нам не трэба ніякае пасярэдніцтва. Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я яму неяк публічна сказаў — можа быць, яшчэ будзе час, калі прыйдзецца спінай да спіны стаць і адстрэльвацца, ну, як вайсковыя людзі кажуць».