У Беларусі затрыманыя двое грамадзян Украіны ў час акцый, якія прайшлі ў Мінску ў мінулыя выхадныя. МЗС Украіны накіраваў ноту Беларусі для атрымання інфармацыі аб прычынах і абставінах затрымання. Пра гэта ў эфіры «Громадське TV» заявіў начальнік консульскага ўпраўлення забеспячэння Міністэрства замежных спраў Украіны Васіль Кірыліч.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Украіны, які ўтрымліваецца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску», — сказаў Кірыліч.

Напярэдадні вечарам у МЗС Украіны не ведалі, якое пакаранне вынеслі затрыманаму, прозвішча яго ў эфіры прадстаўнік ведамства не назваў.

Кірыліч заявіў, што Украіна накіравала ў МЗС Беларусі ноту з мэтай атрымання поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі аб прычынах і абставінах затрымання ўкраінскіх грамадзян.

Імя першага затрыманага 25 сакавіка ўкраінца вядома — Руслан Цярэшчанка. Яму далі 15 сутак арышту, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы.

Па словах Кірыліча, у бліжэйшы час затрыманага наведае консул, каб вызначыць умовы яго ўтрымання.