Дваццаць год таму, калі «імпэрыя зьнікла» ды сёньня ў эпіцэнтры змаганьня былі і ёсьць рок-легенды — «бондаўцы» ды «мроеўцы», песьні Сержука Сокалава-Воюша, Віктара Шалкевіча, Андрэя Мельнікава. Нашая музыка рупліва, бяз стомы працягвае барацьбу дзеля найхутчэйшага надыходу таго дню, калі «край выкляты Богам стане сваім для чужых». Юбілей БНФ «Адраджэньне», а сёлета Фронт сьвяткуе 20-годзьдзе, адна з тых падзеяў, што дазваляе спраектаваць на стужцы часу разьвіцьцё ды станаўленьне беларускай музыкі. Рысу пад гэтым пэрыядам падводзяць «праз рок-прызму» клясыкі айчыннай музычнай крытыкі Анатоль Мяльгуй ды Вітаўт Мартыненка.

Што мы мусім разумець пад беларускай музыкай? Наколькі істотна ў вызначэньні прыналежнасьці да той ці іншай нацыянальнай культуры мова выкананьня? Прыкладам гурты ТТ-34 або Atlantica, на Вашае меркаваньне, маюць права называцца беларускімі?

Вітаўт Мартыненка (ВМ): Ці называюць немцы нямецкімі «Scorpions», «Accept»? Ну, безумоўна, нямецкай прапіскі ніхто іх там не пазбаўляе, але нават для брытанцаў гэта ня Дойч-бэнд, а Джэрман-бэнд, германа-базаваны гурт. Дык чаму б і ў нас не саромецца называць рэчы сваімі імёнамі: «ТТ-34» — гэта, безумоўна, РБшная, але выразна не беларуская каманда. Што да «Atlantica», дык і яна ж у Беларусі анґельская каманда, isn’t it? Мы можам нават трапіць у кнігу рэкордаў Ґінэса, што Беларусь — краіна самых нябогіх анґельскіх гуртоў. Нават у суседняй Польшчы анґельскія гурты лепшыя. Ня кажучы пра польскія. Я зусім не выступаю тут супраць пранікненьня беларускай прысутнасьці ў сусьветны шоў-бізнэс. Але прыклад трэба браць не зь бязродных Івашак, якія мусоляць чужыя даробкі, а з тых жа швэдаў, якія сьвету прадаюць стандартны «Roxette», а самі слухаюць швэдзкія альбомы Ані Фрэдрыксэн, сьвету прадаюць «ABBA», а для сябе выдаюць трыб’ют аўтараў славутых песень на роднай мове. Мова ёсьць стрыжнем культуры.

Анатоль Мяльгуй (АМ): Каб зразумець сытуацыю зь беларускай папулярнай музыкай, трэба ўсьвядоміць сёньняшні стан нацыянальнай культуры. А ён у тым, што тутэйшая антынацыянальная прарасейская бюракратыя робіць спробы стварыць прэцэдэнт звыродлівай «белоруской культуры» безь беларускай мовы. Фактычна гэты эстэтычны эрзац і стаў афіцыйнай культурнай дактрынай уладаў.

Вялікая роля ў дэбеларусізацыі насельніцтва адводзіцца электронным СМІ і яе ідэйнаму напаўненьню — расейскай папсе. Часьцяком яна бывае мясцовага паходжаньня.

Гістарычны досьвед сьведчыць, што пераадоленьне посткаляніяльнага сындрому — у стварэньні па-мастацку вартай, эўрапейскага кшталту культурнай альтэрнатывы. І першым сьведчаньнем таго, што музычны твор ёсьць сапраўды беларускім, павінна стаць тое, чаго так баяцца русіфікатары ўсіх масьцей — ягоная беларускамоўнасьць!

Гэта не азначае, што гурты, кшталту ТТ-34, Дрозды або Atlantica не маюць права называцца «беларускімі». Але назваць іх музыку «беларускай» няма падставаў! Калі ласка, — «рок з Беларусі», «поп-музыка з Беларусі», але толькі не беларуская музыка. Гэтае разьмежаваньне дае трывалы арыенцір для слухачоў. Бо тады цяжка будзе аднесьці, напрыклад, Алёну Свірыдаву ці Юр’я Антонава да беларускіх выканаўцаў, як гэта цяперака робіцца для забясьпечэньня 75 дзяржаўных адсоткаў «айчынных выканаўцаў» ў FM-этэры.

Рок па-за палітыкай у недэмакратычнай краіне — ці магчыма такое? Вашае стаўленьне да выкарыстаньня рок-выканаўцаў у палітычных мэтах?

ВМ: Я не прыхільнік штучнай палітызацыі року, але мой журналісцкі досьвед падказвае, што найлепшыя выбухі рок-актыўнасьці зьвязаныя з палітычнай сьпеласьцю грамадзтва. Так было і ў Польшчы, і ў Вугоршчыне, і на Захадзе. Вось я і назваў ужо наймагутнейшыя плыні нацыянальнага року, а яны зьвязаныя менавіта з рэвалюцыйнай сітуацыяй у названых краінах. Калі ў сусьветнай музычнай прэсе ўзьнік тэрмін polish-wave? Калі ў Польшчы быў сацыяльны крызыс. А наконт пытаньня пра стаўленьне да выкарыстаньня... А як вы ставіцеся да выкарыстаньня людзей у палітычных мэтах? Заўважаеце абсурднасць пытаньня?

Я шчасьлівы, што ў самыя цяжкія для маёй краіны часіны я ўдзельнічаў у стварэньні жывога й сапраўды актыўнага рок-руху. Мо потым Беларусь назавуць КРАІНАЙ, ЯКУЮ АДРАДЗІЎ РОК-Н-РОЛ. А пра шчырасць магу сказаць, што яна не зьвязана з палітыкай. Я ведаю нямала гуртоў, якія, ня будучы нацыянальна сьвядомымі, стварылі шэдэўры менавіта адраджэнскай культуры. Лепшы прыклад — «Vicious Crusade»: іхняя песьня «Айчына», магчыма, застанецца незабыўным унёскам у беларускую музычную культуру, хоць усё астатняе ў іх — гэта спроба нешта ўнесьці ў сусьветны шоў-бізнэс.

АМ: Зьяўляючыся грамадзянінам сваёй краіны, цяжка быць па-за межамі грамадзтва. У айчынным рок-руху заўсёды будуць тыя, хто рашуча выказвае свае палітычныя погляды на мітынгах апазыцыі ці ўладных агітацыйных канцэртах-акцыях, і тыя, каму палітычнай дзейнасьць супрацьпаказана. Галоўнае тут — не стаць марыянеткай тых ці іншых палітычных сілаў, не здрадзіць сваім жыцьцёвым і мастацкім прынцыпам. Што тычыцца палітычных арыенціраў, то беларусамоўнасьць у краіне, дзе паліцыя лічыць прыхільнасьць да роднай мовы паказчыкам «неблагонадежности» і арыенцірам для перасьледу, ужо зьяўляецца грамадзянскім учынкам!

Наколькі ўплывае TV і радыё на густы слухача? Ці былі б гэтак вядомыя і паважаныя тыя ж N. R. M., Ulis etc., калі б іх безупынна пачалі «круціць» на TV- і радыёстанцыях?

АМ: Мэдыі маюць вырашальную ролю ў прасоўваньні музычнага прадукту. Таму мы ведаем, што таталітарныя праявы пачынаюцца з прыўлашчваньня права ўплываць на менталітэт электарату. Ня думаю, што ў нашай сітуацыі масавая трансляцыя твораў N. R. M., Ulis’у зьмяніла б аблічча БТ ці FM-этэру, спрыяла б росту іх папялярнасьці. Вядомасьці, магчыма, але не больш. Бо ў беларускай сытуацыі зьмены патрабуюцца татальна ва ўсім. Напрыклад, жыцьцёва патрэбныя спэцыялізаваныя радыёстанцыі, арыентаваныя на асобны стыль у музыцы (рок, джаз, фолк), гадамі выхоўвалі сваю трывалую слухацкую аўдыторыю. Вось у гэткім выпадку будзе карысьць нашым выканаўцам.

Апошнім часам шмат гаворак ідзе наконт ці то крызісу, ці то застою ўнутры нашых знакавых фэстываляў «Басовішча» ды «Рок-каранацыя». На Вашую думку, з чым гэта можа быць зьвязана і ці бачыце Вы асабіста важкія падставы для такіх песымістычных меркаваньняў?

ВМ: Каб доўга не рассусольваць, скажу банальную ісьціну: хочаце дасягнуць посьпеху — паклапаціцеся аб пераемнасьці пакаленьняў, пільнуйце аўтарытэтаў выключна паводле зьдзейсьненых справаў. І лёс «БАСовішча» тут асабліва красамоўны: раз фэстываль дадумаўся адсунуць ад арґанізацыі такога актыўнага музычнага выдаўца, як Віталь Супрановіч, ды ствараецца ўражаньне, што ён хоча памерці.

На Вашае меркаваньне, беларуская музыка абрала нейкі свой асаблівы шлях разьвіцьця або прытрымліваецца сусьветных тэндэнцыяў? Ці нашая музыка апатычная на фоне бурлівага разьвіцьця шоў-бізнэсу на Захадзе ці ў той жа Расеі ды Ўкраіне?

ВМ: Што да тэзы пра нейкі адметны шлях, дык я ўжо неяк казаў у адным з інтэрвію: у беларускага року найадметнейшы шлях, бо плыве ён у цалкам асушанай на фінансы рацэ. Бо нават польскаму року 80-х у часы польскага крызысу дапамагалі шматлікія палянійныя фірмы з Захаду. І я кажу ня толькі пра нейкія разовыя падачкі, а пра здольнасьць нацыі згуртаваць сур’ёзныя, зацікаўленыя сілы ў гэтай зьяве, а мы гуртуем казлоў у гародзе, а потым дзівімся, куды капуста падзелася. І ня трэба казаць пра бурлівае разьвіцьцё рок-музыкі на Захадзе, дзе даўно няма зорак маштабу «Uriah Heep», «Led Zeppelin». Дый нават палякі сучасныя не дацягнуцца да «Maanam», «Republika», «Lombard». Ня трэба заганяць сябе вечна ў куток і секчы, як унтэрафіцэрская ўдава. Радуйцеся, што мы сёньня маем тое, што маем. І толькі найбольш дасьведчаныя адмыслоўцы дапільноўваюць, што менавіта нас сёньня пільна аналізуюць і разьвіваюць нашыя ідэі, бо мы няздатныя нават зарэґістраваць свой скарб на сябе. У нас напрацоўваецца ўнікальны музычны матэрыял у мас-культуры, а астатнім жанрам замінае разьвівацца адсутнасьць нацыянальнай ідэі.

АМ: Мы ў Беларусі перажываем адзін з самых захапляючых пэрыядаў. Гэта тычыцца не толькі палітыкі, эканомікі, але і культуры. Мы перажываем аналягічны пэрыяд, ў якіх тварылі польскія, чэскія і вугорскія рок-музыкі, калі станавіліся прадвесьнікамі палітычных зьменаў у сваіх краінах. Быць такімі «рухавікамі» культурнага і палітычнага прагрэсу, разам з іншымі нацыянальнымі сіламі беларускай Беларусі, наканавана сучасным рок-выканаўцам. А для гэтага трэба быць актуальнымі не толькі па зьмесьце, але сучаснымі па форме. І таму любыя паралелі з эўрапейскімі ўзорамі толькі дапамагае культурнай самаідэнтыфікацыі нашых музыкаў і іх прыхільнікаў. У гэтым іх місія супадае з мэтамі Беларускага народнай фронту, як бы там не скрыгаталі зубамі з гэтай нагоды недабразычліўцы беларушчыны і беларускага рок-руху.

Пры якіх умовах беларуская музыка/беларускі гурт можа выйсьці на сусьветны рынак, набыць усясьветную вядомасьць альбо хаця б па прыкладзе гуртоў «Океан Ельзи», «Воплі Відоплясова», Zdob si zdub гучна заявіць пра сябе на прасторах краінаў СНД?

ВМ: Гэтае пытаньне датычыць, на жаль, не культуры, а шоў-бізнэсу. Найлепшае дасягеньне ў нас тут, бадай, гомельскі «Gods Tower», які вынес у сьвет беларускае імя, а Супрановіч вярнуў яго ў беларускую культуру ўнікальным трыб’ют-праекам «Варта Вежы Багоў». Яшчэ больш удалы прыклад «Песьняры». Калі ў першым варыянце сродкі ўкладалі нямецкія прад’юсары, дык у другім — беларуская дзяржава. Але адзіная ўмова ўдзелу ў сусьветным шоў-бізнэсе заключаецца ва ўкладаньні дастатковага капіталу. На сёньняшні дзень я мог бы назваць дзесяткі гуртоў, у якія можна было б укладаць капітал дзеля сусьветнай раскруткі, але ня буду гэтага рабіць, бо ня бачу капіталу. «Океан Ельзи» або «Воплі Відоплясова» граюць зусім ня лепш за наш «Tesaurus» ці «:B:N:». Мо ў нашых нават больш адметнасьці, але яны варацца ў вельмі астылым катле.

АМ: Зробім Беларусь фактычна часткай Эўропы, вырвемся з кайданоў каляніяльнага сындрому, разьняволім бізнэсовыя колы ў справе спонсарства і нашы выканаўцы стануць часткай эўрапейскага музычнага арэалу. А пакуль прыходзіцца спадзявацца на свае сілы і салідарнасьць. А гэтага замала, каб на сёньня адзіныя ў Эўропе беларускія падзямельныя (underground) гурты сталі вядомымі і папулярнымі, як названыя вамі гурты А таму ў нашых выканаўцаў ёсьць час, каб назапасіць досьвед, творчыя здабыткі і выканаўчае майстэрства, стварыць беларускую рок-традыцыю. У рэшце рэшт, трэба памятаць — асноўны наш слухач пражывае ў Беларусі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?