Мужчыны, якія часта глядзяць парнаграфію, менш шчаслівыя ў міжасобасных адносінах. Навуковая праца аб гэтым апублікаваная ў часопісе Human Communication Research, коратка пра гэта паведамляе Yahoo News.

Даследчыкі з розных краін не раз ладзілі апытанні і нават эксперыменты, прысвечаныя ўплыву парнаграфіі на жыццё. Цяпер навукоўцы з Гаваяў правялі метааналіз: абагульнілі вынікі 50 папярэдніх даследаванняў. Агулам яны сабралі дадзеныя аб 50 тысячах чалавек з 10 краін.

Навукоўцы выдзелілі два пытанні: наколькі чалавек задаволены сваімі адносінамі і наколькі ён задаволены сабой і сваім целам.

Паміж унутранай задаволенасцю сваім целам і праглядам парнаграфіі сувязі не знайшлося. Таксама даследчыкі не заўважылі значнай карэляцыі паміж задаволенасцю адносінамі і частым праглядам парнаграфіі ў жанчын.

А вось у мужчын сувязь выявілася. Чым часцей добраахвотнікі глядзелі парнаграфію, тым ніжэйшай была іх задаволенасць сэксуальным жыццём і асабістымі адносінамі. Сувязь прасочвалася як у выніках апытанняў, так і ў эксперыментах незалежна ад года даследавання.