Жыхарка Рэчыцкага раёна звярнулася ў міліцыю з заявай аб крадзяжы дачнага дома, паведаміў БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў.

Першай трывогу з-за адсутнасці нерухомасці забіла суседка пацярпелай па дачным пасёлку, размешчаным каля вёскі Дзеражня. Пра знікненне дома яна паведаміла гаспадыні, якая, як высветлілася пазней, з лістапада 2016 года па канец сакавіка 2017 года на дачы не была.

З заявай аб нестандартным крадзяжы пенсіянерка адправілася ў міліцыю. На месцы злачынства праваахоўнікі выявілі, што невядомыя выкралі аднапавярховы драўляны дом агульнай плошчай каля 20 кв. м. Замест пабудовы застаўся толькі падмурак. Характэрна, што злодзеі не ўкралі нічога з хатніх рэчаў і пакінулі іх унутры падмурка.

«На падставе агляду ўчастка аператыўныя работнікі зрабілі выснову, што ён доўга не наведваўся, сведчанні якіх-небудзь слядоў працы будаўнічай тэхнікі на месцы злачынства не выяўлена. Па сведчаннях аднаго з суседзяў вядома, што яшчэ ў канцы лютага дом быў на месцы», — распавёў Віталь Прыстромаў.

Па факце крадзяжу распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 205 КК. Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0