Кіраўніца кампаніі «Наш дом» Вольга Карач апублікавала ў фэйсбуку матыватар — пераробленую карцінку з серыі сацыяльных плакатаў «Гэта я».
«ГЭТА Я напісала паштоўку Віталю Рымашэўскаму ў ІЧУ Маладзечна. Вольга Карач».
Карыстальнікі фэйсбуку задумаліся, ці насамрэч гэта такое выбітнае дасягненне?
Вольга Карач неўзабаве адказала скептыкам:
«1. Гэта не піяр. Тупа наогул казаць пра піяр у кантэксце такіх акцый. Вы можаце назваць прозвішчы ўсіх людзей, хто быў на матыватарах? Не. Вы іх не запомнілі. Але Вы запомнілі іх гісторыі.
2. У сітуацыі разгонаў, рэпрэсіяў і ціску звычайна людзі разгубленыя і не ведаюць, што рабіць. Надыходзіць засмучэнне. Ім патрэбныя мадэлі паводзін — то бок што яны могуць рабіць. Або, умоўна кажучы, дэвіз «Рабі як я». Сэнс матыватара: а) не даць людзям упасці ў роспач, таму што зноў разагналі і таму што шмат хто быў упэўнены, што Лукашэнка сыдзе 25-га сакавіка; б) паказаць, што канкрэтна яны могуць рабіць у такіх вось крызісных сітуацыях».
Сам Віталь Рымашэўскі адзначыў, што паштоўку ад Карач яму перадалі толькі ў дзень выхаду з ізалятара. «Оля, ты была не адзінай) Мяне па выхадзе пыталіся, ці дайшлі паштоўкі», — удакладніў ён.
Рымашэўскі заклікаў усіх пісаць асуджаным: нават калі паштоўкі не будуць перадаваць, гэта будзе сігнал для ахоўнікаў.





