1 жніўня ў межах трэцяга міжнароднага фэстывалю паэзіі «Парадак слоў» у Менску, у фальварку «Добрыя мысьлі», адбыўся першы беларускі слэм.
Пераможцам ў гэтым спаборніцтве быў прызнаны менскі паэт Віктар Жыбуль. Яму прысуджаны спэцыяльны прыз ад кіеўскага часопісу культурнага супраціўленьня «ШО». Другога месца ўдастоена беларуская паэтка і жонка галоўнага пераможцы Вера Бурлак. Трэцяе месца — у маладога магілёўскага паэта Віталя Рыжкова.
Як зазначыў арганізатар фэстывалю маскоўскі паэт Андрэй Новікаў, слэм — гэта асноўная падзея цяперашняга «Парадку слоў». Паэты, якія выступаюць на такіх мерапрыемствах, павінны чытаць свае творы задзірліва, лічыць ён.
«Яны прапануюць найперш манэру чытаньня, а ня якасьць тэкстаў», — сказаў А.Новікаў і дадаў, што ва ўсім сьвеце паэтычныя слэмы заўсёды маюць посьпех у публікі.
Беларускі паэт і вядучы мерапрыемства Андрэй Хадановіч лічыць, што «Парадак слоў — 2008» унікальны ўжо тым, што ў ім удзельнічаюць літаратары з Расеі, Украіны, Таджыкістана.
«Слэм — гэта ня проста паэзія, — кажа А.Хадановіч. — Гэта шоў, у якім аўтар гаворыць ня толькі тэкстам, але і рухам цела, інтанацыямі. Тут важны артыстызм. Я мяркую, што беларускі слэм у любым выпадку будзе адрозьнівацца ад падобных мерапрыемстваў у іншых краінах найперш інтэлігентнасьцю».
Ягор Бабій |
Вера Бурлак |
Віктар Жыбуль |