Важны сьведка па справе аб выбуху ў Мінску ў Дзень незалежнасьці, які адшукваўся міліцыяй, раніцай 4 жніўня самастойна зьвярнуўся ў Кастрычніцкае РУУС сталіцы. Пра гэта гаворыцца ў інфармацыі, разьмешчанай на афіцыйным сайце ГУУС Менгарвыканкаму.

Зазначаецца, што праваахоўныя органы актыўна адшукавалі мужчыну, які, на думку сьледзтва, мог мець каштоўную інфармацыю для расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце выбуху ў ноч з 3 на 4 ліпеня падчас правядзеньня сьвяточнага канцэрту каля стэлы «Менск — горад-герой». Яго фотаздымак быў разьмешчаны ў СМІ. Акрамя таго, зазначаюць у ГУУС, адпаведная інфармацыя з просьбай паведаміць аб асобе гэтага чалавека была разьмешчаная ў мінулыя выхадныя ў грамадзкіх месцах Мінска і іншых гарадоў краіны.

«У сувязі з пасьпяховым пошукам важнага сьведкі ГУУС Менгарвыканкаму выказвае падзяку ўсім грамадзянам, якія праявілі актыўную грамадзянскую пазыцыю па ўстанаўленьні асобы і месцазнаходжаньня гэтага грамадзяніна», — гаворыцца ў паведамленьні галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў.

Як паведамлялася раней, фотаздымак незнаёмца быў абнародаваны праваахоўнымі органамі 2 жніўня. На фота — мужчына сярэдніх гадоў, брунэт, з кароткай стрыжкай і залысінамі, у белай майцы, шэрай куртцы і цёмных штанах, каля ног якога — чорны поліэтыленавы пакет. Мужчына зьняты прыкладна на тым месцы, дзе адбыўся выбух.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?