У Курапатах зьбіраюцца паставіць помнік «усім бязьвінным ахвярам ХХ стагодзьдзя». Гэта вынікае з дакумэнтаў, якія датычаць стварэньня мэмарыяльнага знаку ў Курапатах і якія аказаліся ў распараджэньні Радыё Свабода.
З дакумэнтаў вынікае, што конкурс абвешчаны паводле загаду № 69 Міністэрства культуры ад 24 сакавіка 2017 году. Мэта конкурсу: «Пошук найбольш выразнага мастацкага адбітку вобразу урочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэньня».
Дакумэнты разасланыя ў зацікаўленыя арганізацыі 28 сакавіка 2017 году.
Праекты можна падаваць да 26 красавіка 2017 году, а вынікі будуць падведзеныя журы 1 траўня 2017 году. Актывісты ініцыятывы за «Экспэрты ў абарону Курапатаў» зьвярнулі ўвагу, што ў Палажэньні пра конкурс сьцьвярджаецца, што памятны знак павінен быць прысьвечаны «адбыўшымся ў дадзеным месцы трагічным падзеям і адлюстроўваць ідэю ўвекавечаньня памяці ўсіх бязьвінна загінуўшых ахвяр ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі».
У інтэрвію Радыё Свабоды сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», аднаго з арганізатараў выставы «Праўда пра Курапаты» Вінцук Вячорка наступным чынам пракамэнтаваў сытуацыю:
«У першую чаргу выклікае вялікія пытаньні момант, калі абвяшчаецца гэты конкурс. Цяпер сядзіць у турме і зьяўляецца падазроным у крымінальнай справе арганізатар гераічнай абароны Курапатаў Зьміцер Дашкевіч. Таксама ў турме знаходзіцца адміністрацыйна арыштаваны Павел Севярынец, арганізатар колішняй гераічнай абароны Курапатаў падчас будаўніцтва кальцавой дарогі. Гэта людзі, якія ня толькі павінны былі б мець голас, але і павінны былі б быць запрошаныя ў журы агульнанацыянальнага конкурсу, калі ягоная задача сапраўды пазначыць вынясеньне зь мінуўшчыны ўрокаў, высноваў і прымірэньня, заяўленага ў варунках.
Другі момант. Ва ўмовах конкурсу патрабуецца, сярод іншых шматлікіх дакумэнтаў, падаць горадабудаўнічы плян вырашэньня прасторы вакол помніка, і гэта тады, калі дагэтуль не разьвязана пытаньне вяртаньня справядлівых ахоўных межаў, прынамсі тых межаў, якія былі зафіксаваныя ў праекце пачатку ХХІ стагодзьдзя.
І трэці момант. Гэта абсалютна ненармальны, не функцыянальны час на падачу заявак і праектаў. Гэта фактычна тры з паловай тыдні, а там жа пералічаныя вельмі сур’ёзныя мастацкія абгрунтаваньні Я не ўяўляю сабе, каб людзі, якія сур’ёзна і з адказнасьцю ставяцца да сваёй працы і такога выкліку, маглі б пасьпець якасна гэта зрабіць.
Ну і на падвядзеньне вынікаў журы, якое застаецца ананімным, нам не вядомым, таксама адпушчана менш за тыдзень. Гэта настолькі каньюнктурна, што робіцца зразумелым: або тут разьлік на тое, што ніхто не падасьць, бо не пасьпее і ня справіцца, або ў іх ужо ёсьць напагатове нейкая вэрсія дзяжурнага помніка».