Сямнаццаты тур чэмпіянату Беларусі па футболе атрымаўся крыху абсечаны. Справа ў тым, што барысаўскі БАТЭ, спаслаўшыся на занятасьць у Лізе чэмпіёнаў, папрасіў перанесьці матч з жодзінскім «Тарпэда» на восень. Фэдэрацыя пайшла насустрач барысаўцам.
У цэнтральным матчы туру на стадыёне «Трактар» сустракаліся галоўныя прасьледвальнікі БАТЭ – менскія «Дынама» і МТЗ-РІПА. У выпадку перамогі «трактаразаводцаў», самы тытулаваны клюб Беларусі мог забыцца на чэмпіёнскія амбіцыі.
Зрэшты, такога не адбылося. «Дынама» намаганьнямі Аляксандра Лебедзева за пяць хвілін да фінальнага сьвістку вырвала перамогу – 1:0. Цяпер адрыў МТЗ-РІПА ад землякоў складае ўсяго два пункты. Недалёка і «Віцебск».
У другім матчы панядзелку гуляў яшчэ адзін былы прадстаўнік нашай краіны ў Кубку УЭФА – «Гомель». Матч зь берасьцейскім «Дынама» яшчэ раз пацьвердзіў у якім крызысе знаходзіцца каманда Анатоля Юрэвіча. Берасьцейцы перамаглі – 1:0. Раман Васілюк не забіў сваім былым калегам.
Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Лякаматыў» – «Віцебск» – 0:3, «Савіт» – «Дарыда» – 1:1, «Нафтан» – «Нёман» – 1:0, «Смаргонь» – «Граніт» – 1:0, «Шахцёр» – «Дняпро» – 0:0.
Турнірная табліца пасьля семнаццаці тураў мае наступны выгляд: БАТЭ – 40 пунктаў, МТЗ-РІПА – 35, «Дынама» (Менск) – 33, «Віцебск» – 31, «Нафтан» – 28, «Шахцёр» – 27, «Дняпро», «Дынама» (Берасьце) – па 25, «Граніт» – 21, «Смаргонь» – 20, «Тарпэда» – 18, «Гомель», «Нёман» – па 16, «Савіт» – 14, «Лякаматыў» – 12, «Дарыда» – 8.
Найлепшым бамбардзірам зьяўляецца Арцём Канцавы (МТЗ-РІПА) – 12 галоў.