У суботу, 9 жніўня, пройдзе пазачарговы зьезд Партыі БНФ, які мусіць вылучыць некалькі кандыдатаў ад арганізацыі на парлямэнцкія выбары. Відавочна, што толькі гэтым «тэхнічным» аспэктам праца зьезду не абмяжуецца.

Найбольш цікавым стаіць пытаньне, ці будзе ўзноўлены ў шэрагах партыі былы намесьнік Алесь Міхалевіч, які быў выключаны з БНФ 14 чэрвеня. Фармальнай прычынай выключэньня Міхалевіча сталася крытычнае інтэрвію палітыка інтэрнэт-выданьню «Салідарнасьць».

На сёньняшні дзень прайшлі сходы партыі ва ўсіх абласьцях краіны. На кожным зь іх дэлегаты ў той ці іншай ступені выказвалі сваю салідарнасьць зь Міхалевічам.

Нават старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі Лявон Баршчэўскі ўжо кажа, што варыянт з узнаўленьнем Міхалевіча ў шэрагах партыі магчымы:

«Я гатовы выступаць за ўзнаўленьне сп.Міхалевіча ў БНФ, але не як намесьніка арганізацыі, а шараговага партыйца. Гэта магчыма пры адзінай умове, што Міхалевіч праз прэсу перад зьездам папросіць прабачэньні».


Сам Алесь Міхалевіч кажа, што ўжо накіраваў ў фронтаўскі бюлетэнь прабачэньні тым людзям, якіх мог пакрыўдзіць. У прыватнасьці, Вінцуку Вячорку.

«Тут не павінна стаяць пытаньне аб маім узнаўленьні ў партыі. Для гэтага я мушу хаця б напісаць заяву на ўступленьне. Гаворка вядзецца пра ануляваньне рашэньня Сойму».

На сходах, якія прайшлі ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях, Лявон Баршчэўскі абвясьціў таксама аб сваім намеры стаць кандыдатам ад Партыі БНФ на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

«Так, мая кандыдатура ёсьць у партыйных сьпісах для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. У тым жа сьпісе знаходзяцца і Алесь Міхалевіч, і Вінцук Вячорка, і Юры Хадыка, іншыя чатыры-пяць чалавек, якія пакуль ня вызначыліся да канца з сваім жаданьнем ісьці на прэзыдэнцкія выбары. З сваім кандыдатам мы мусім вызначыцца да 1 лістапада», – кажа Лявон Баршчэўскі.

А ці магчымае зьмена кіраўніцтва на зьезьдзе 9 жніўня?

«Усё можа быць. Калі дэлегаты абвесьцяць аб недаверы да сёньняшняга старшыні, то яны маюць права абраць новага», – падсумоўвае Л. Баршчэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?