ЦРУ пачало рыхтавацца да аперацыяў у БССР яшчэ ў 1949 годзе. Летам 1951-га, калі быў распачаты праект AEQUOR, Барыс Рагуля прапанаваў амерыканскай разведцы скласці спіс з 200 маладых беларусаў, што пражывалі ў краінах Заходняй Еўропы, для падрыхтоўкі на выпадак амерыканска-савецкай вайны. Інфармацыю пра меркаваных кандыдатаў мусілі сабраць дзесяць беларусаў студэнтаў Лювэнскага ўніверсітэта ў Бельгіі.

Некаторых з абраных кандыдатаў меркавалася рыхтаваць для неадкладнага выкарыстання за жалезнай заслонай у якасці разведчыкаў. Амерыканцы ўскладалі вялікія надзеі на ўсталяванне сувязі з «беларускім партызанскім рухам» у БССР, які стварыў бы адзіны фронт разам з літоўскім падполлем на поўначы і ўкраінскім — на поўдні.

Іншым важным кірункам супрацоўніцтва ЦРУ з беларусамі ў межах праекта AEQUOR была падтрымка выдання газеты «Бацькаўшчына», якая мусіла, паводле задумы амерыканцаў, праводзіць лінію «беларускага нацыяналізму, які, не нацкоўваючы супраць расейцаў альбо федэрацыі з імі, запатрабуе, каб Беларусі была дадзеная мясцовая аўтаномія, кіраваная тутэйшымі, вольна абранымі людзьмі, а не мяшанкай расійцаў з грузінамі». У ліпені 1951 года ў справаздачы ЦРУ адзначалася: «Пра рэальную сілу беларускага нацыяналізму вядома мала, але нават калі ён не такі моцны, як ва Украіне, можа аказацца, што гэтая рэспубліка [БССР] з'яўляецца дастаткова стратэгічна важнай пляцоўкай, каб варта было культываваць гэты нацыяналізм».

Першым агентам, падрыхтаваным у межах праекта AEQUOR, быў Янка Філістовіч (CAMPOSANTO 1). На жаль, у апублікаваных файлах пакуль не знайшлося звестак аб яго падрыхтоўцы, а вось аб групе, у склад якой уваходзіў памерлы адносна нядаўна Цімох Вострыкаў (1922—2008), захавалася мноства цікавай інфармацыі. Як вядома, у канчатковую групу, акрамя Вострыкава, уваходзілі яшчэ трое чалавек. Але былі і іншыя кандыдаты — першапачаткова склад групы мусіў быць іншым.

Дэсантнік Мікола Абрамчык

Сябры Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, 1949: Аляксандр Надсан, Пётра Сыч, Якуб Амор (Кастусь Кадушка), Міхась Булыга.

Заняткі праходзілі ў Заходняй Нямеччыне, у баварскім горадзе Бад-Вэрысхофен. У верасні 1951 года, яшчэ да дэсантавання Філістовіча, быў адхілены ад удзелу ў праекце кандыдат з крыптанімам CAMPOSANTO 3, які паказаў кепскія вынікі падчас тэставанняў. Рагуля выказаў меркаванне, што гэты чалавек, магчыма, прыхоўвае інфармацыю аб «сувязях з СС» падчас вайны, аднак пазней запэўніў амерыканцаў, што цалкам яму давярае, як і прэзідэнт Абрамчык. Як адзначана ў рапарце супрацоўніка ЦРУ, Рагуля выявіў непрыхаванае здзіўленне, калі яму патлумачылі, што аднага іх даверу недастаткова, каб лічыць кандыдата вартым. Тым цікавей успрымаецца гэтая інфармацыя, калі з далейшых дакументаў робіцца вядома, што крыптанім CAMPOSANTO 3 належаў… Міколу Абрамчыку — пляменніку і падвойнаму цёзку прэзідэнта Рады БНР.

Напачатку 1952-га, калі ў Бад-Вэрысхофен прыехалі Цімох Вострыкаў (CAMPOSANTO 6) і Міхал Кальніцкі (CAMPOSANTO 4), там ужо праходзіў навучанне Якуб Амор (Кастусь Кадушка, CAMPOSANTO 2). У школе курсанты навучаліся пад імёнамі Джым (Амор), Джо (Кальніцкі) і Карл (Вострыкаў). Крыху пазней да іх далучыліся паслядоўна Аляксандр Шацько (Пол, CAMPOSANTO 7) і Уладзімір Грамяка (Эрык, CAMPOSANTO 5).

Праграма падрыхтоўкі агентаў прадугледжвала фізічныя практыкаванні, скачкі з парашутам, навучанне радыёсувязі, выжыванню ў палявых умовах, тапаграфіі, самаабароне, падробцы дакументаў, фатаграфіі, кіраванню аўтамабілем і г.д. Сярод навучальных дапаможнікаў былі савецкія «Спадарожнік партызана» (1942) і «Даведнік падарожніка і краязнаўца».

Я б з ім у разведку не пайшоў

Якуб Амор, які быў лідарам групы і меркаваным кіраўніком дэсанту, лічыў, аднак, што ўсе заняткі не маюць сэнсу, а адзінае, чым амерыканцы могуць дапамагчы хлопцам, — гэта даставіць групу самалётам на радзіму.

Лекцыі ўдзельнікам групы чыталі, між іншага, чалавек, які «некалькі гадоў жыў у Сібіры на нелегальным становішчы», а таксама супрацоўнік з ліку прыхільнікаў расійскага НТС (Народна-працоўнага саюза) — апошні выкладаў курс аб савецкім побыце. Штовечар курсанты слухалі радыёперадачы з СССР і чыталі савецкую прэсу.

Для «неадкладных аперацый» імкнуліся вербаваць маладых хлопцаў, якія не былі абцяжараныя працай, навучаннем ці стасункамі з дзяўчатамі — але бывалі і выключэнні. У снежні 1951 года Якуб Амор папрасіў спаткання са сваёй нявестай-немкай, а калі яму было адмоўлена, заявіў, што мае намер сустрэцца з ёю незалежна ад меркавання амерыканцаў, бо гэта ягоная асабістая справа.

Здараліся праблемы і іншага кшталту: так, Аляксандр Шацько пасля першага тыдня навучання адмовіўся скакаць з парашутнай вышкі — допыты ягоных калегаў паказалі, што ён, хутчэй за ўсё, «проста збаяўся». У выніку хлопец быў адпраўлены дадому ў Брытанію. Ягонае месца заняў Уладзімір Грамяка, хаця перш з гэтым агентам таксама ўзніклі праблемы — ён быў перадумаў дэсантавацца, заявіўшы, што будзе больш карысны падчас вайны, але ў выніку яго ўдалося пераканаць не адракацца першапачатковай задумы. Куратары адзначалі, што Грамяка з цяжкасцю інтэгруецца ў групу — магчыма, з той прычыны, што ён быў прыхільнікам не Рады БНР, а апазіцыйнай да яе арганізацыі (Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў).

Са «шмайсерамі» ў руках

Група мусіла быць дэсантаваная ў красавіку, на працягу тыдня правесці разведку мясцовасці і цягам мая збудаваць у Налібоцкай пушчы базавае сховішча. Два агенты заставаліся для ўтрымання базы і радыёсувязі, два — накіроўваліся на разведку ў найбліжэйшыя гарады (Ліда, Маладзечна, Наваградак). Адзін з іх мусіў там легалізавацца, асесці і пачаць ужывацца ў сваю новую ролю, не выяўляючы ніякай асаблівай актыўнасці, а другі — падтрымліваць сувязь паміж гэтым рэзідэнтам і базай (якая ў той час павінна была змяніць дыслакацыю). У кастрычніку групе мелі быць перакінутыя матэрыялы для далейшай дзейнасці і два новыя агенты.

Дэсантнікі былі ўзброеныя пісталетамі-кулямётамі MP 40 і пісталетамі з глушыльнікам. Кальніцкі заявіў, што хоча ўзяць з сабою як мага болей патронаў — колькі яго ні пераконвалі, што галоўнай задачай місіі не з’яўляецца забойства найбольшай колькасці савецкіх вайскоўцаў, пазней удалося высветліць, што ён схаваў некалькі соцень патронаў у сваёй вопратцы. У дакументах таксама можна знайсці поўны спіс экіпіроўкі дэсанту, у якую, між іншага, мусілі ўваходзіць партатыўны тэлескоп, мініяцюрная шахматная дошка і дзве калоды ігральных картаў.

«Ты з Заходняй, я — з Усходняй…»

Як адзначалася ў справаздачы аб асабістых якасцях агентаў ад сакавіка 1952 года: «Меркаваць аб поспеху аперацыі складана. Самая цяжкая задача — пераканаць агентаў, што наш план падрыхтоўкі варты ўвагі. Усе яны мараць вярнуцца на радзіму (а пад «радзімай» тут насамрэч маецца на ўвазе іх родная вёска)». У склад групы ўваходзілі як «заходнікі», так і «ўсходнікі»: калі першыя былі добра знаёмыя з раёнам дэсантавання, то другія лепей арыентаваліся ў савецкіх рэаліях.

Меркаваны лідар групы, Якуб Амор, паходзіў з Заходняй Беларусі, але, хаця быў знаёмы з савецкай рэчаіснасцю, па сведчанні супрацоўнікаў ЦРУ, «кажучы словамі Оруэла, — не адчуваў яе нутром».

«Савецкім» беларусам быў Кальніцкі — так, калі курсантам прапанавалі напісаць эсэ аб «амерыканскім імперыялізме» з савецкага пункту погляду, ягоны вынік быў прызнаны найлепшым. Адзначалася таксама, што яго дзяцінства прайшло ў пушчах і балотах Палесся, таму ён валодае базавымі навыкамі выжывання і не патрабуе інтэнсіўнай падрыхтоўкі ў гэтым кірунку.

Грамяка паказваў добрыя вынікі дзякуючы свайму досведу змагання ў шэрагах французскага Супраціву падчас Другой сусветнай.

Цімох Вострыкаў

У характарыстыцы Вострыкава адзначалася, што ён з’яўляецца па натуры «чалавекам дзеі», рамантыкам і, падобна, жадае зрабіцца героем.

Найлепшыя вынікі ў фізічным плане паказваў Вострыкаў, Амор меў праблемы з-за курэння, а Кальніцкі часта атрымліваў вывіхі падчас фізічных практыкаванняў.

Неўзабаве група скарацілася да трох чалавек — у сярэдзіне красавіка на ўласнае жаданне быў адхілены ад удзелу ў праекце Уладзімір Грамяка, які не давяраў Якубу Амору як лідару і не хацеў выпраўляцца з ім на небяспечную місію.

Выявілася таксама, што Міхал Кальніцкі, хаця і зразумеў, што яго рыхтуюць толькі як радыста-дублёра, намагаўся, аднак, як найлепей засвоіць навыкі радыёсправы, бо спадзяваўся, што такім чынам здолее разам з Вострыкавым дзейнічаць аўтаномна ад Амора.

Мая хата з краю

Амор паводзіўся занадта незалежна ды самаўпэўнена і быў галоўнай прычынай галаўнога болю як для ўдзельнікаў групы, так і для інструктараў. Напрыклад, ён настойваў на тым, каб Рагуля дамогся ад ЦРУ дазволу выкарыстоўваць у радыёпаведамленнях асобныя паролі для Рады БНР, бо хацеў быць упэўненым, што амерыканцы перадаюць эмігрантам усе паведамленні, не прыхоўваючы ніякай інфармацыі. Амерыканцы з абурэннем зазначалі, што ён прапаноўваў нават уключыць у кожнае радыёпаведамленне фразу «Да ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі», каб «ніхто не здолеў абвінаваціць яго ў тым, што ён з’яўляўся амерыканскім агентам».

Тым не менш пры канцы навучання, увесну 1952 года, курсанты паспяхова выканалі план шасцідзённых вучэнняў у палявых умовах на палігоне Графэнвор, адпрацаваўшы на практыцы ўсе дзеянні групы пасля дэсанту. Аднак з набліжэннем часу дэсантавання рабілася ўсё больш відавочным, што курсанты не маюць асаблівага жадання выконваць план аперацыі. Вострыкаў і Кальніцкі планавалі вярнуцца ў свае вёскі, а Амор хацеў асесці ў адным з заходнебеларускіх гарадоў — нікому з дэсантнікаў не падабалася ідэя жыць у зямлянцы сярод лесу.

«Беларусы і амерыканцы роўныя, але беларусы раўнейшыя»

Проста напярэдадні меркаванага вылету паўстала чарговая праблема з Якубам Аморам. Падчас фінальнай нарады 27 красавіка 1952 года хлопец паставіў пытанне: ці правільна ён разумее, што ў выпадку паспяховага вяртання ў ЗША дэсантнікам будзе выплачаная сума страхоўкі ($ 10 000 на чалавека)? Супрацоўнікі ЦРУ адказалі адмоўна, патлумачыўшы, што Рагуля, імаверна, некарэктна данёс да агентаў гэтую інфармацыю (у дакуменце адзначаецца, што першапачаткова сума страхоўкі мусіла скласці $ 5000 на чалавека, але Рагуля дамогся яе падвышэння — «гэта быў, вядома, высакародны, але бессэнсоўны жэст, бо бенефіцыярам кожнага з курсантаў была CAMBISTA 1 [Рада БНР]»).

Амерыканцы спрабавалі выправіць сітуацыю, сцвярджаючы, што «не хочуць паводзіць сябе як немцы, але шчыра жадаюць супрацоўнічаць з беларусамі на падставе роўнасці», і нагадвалі, што ўдзельнікі групы з’яўляюцца не шпіёнамі ці наёмнікамі, а «патрыётамі, якія змагаюцца за вызваленне сваёй радзімы ад савецкага ярма». Адзін з куратараў звярнуў увагу, што амерыканскія салдаты, якія вяртаюцца з Карэі, не атрымліваюць падобных «бонусаў», і ў выніку ствараецца ўражанне, нібыта «беларусы і амерыканцы роўныя, але беларусы раўнейшыя». Амор, аднак, адказаў, што не бачыць аналогіі, і працягваў настойваць на сваім, хаця іншыя дэсантнікі яго не падтрымалі. Стала ясна, што ў такім складзе група ляцець не можа. Місія была на мяжы зрыву. Амор быў змешчаны пад варту, а затым вымушаны пакінуць Нямеччыну. У адным з рапартаў адзначалася, што ён у значнай ступені быў завадатарам усіх канфліктаў у калектыве і, «як Сталін, выкарыстоўваў кожнае пагадненне ці кампраміс у якасці трампліна для новай правакацыі». Вострыкаў у 1993 узгадваў: «Было заданне яго застрэліць, але што сталася з ім, я не ведаю». Паводле звестак Алега Гардзіенкі, Якуб Амор быў вымушаны перабрацца ў Бразілію, бо жыць у Еўропе і ЗША яму было забаронена.

Наўкол ворагі

Падчас нарадаў з Рагулем і Абрамчыкам у пачатку чэрвеня 1952 года супрацоўнікі ЦРУ скардзіліся на кепскія вынікі падбору сярод тых самых 200 кандыдатаў для «неадкладнай акцыі» — яны сутыкнуліся з вялікім адсоткам адмоваў, «жахліва нізкім узроўнем» кандыдатаў, а таксама з «абсалютна неадэкватнай фінансавай справаздачнасцю» з боку Рагулі.

У сваю чаргу прадстаўнікі Рады БНР таксама мелі прэтэнзіі. Рагуля выказаў вялікую занепакоенасць дзейнасцю «Беларускага вызвольнага руху» Людвіга Галубовіча-Зарэчнага і шырокім розгаласам аб стварэнні ім «беларускай вайсковай часткі» пад апекай брытанскай разведкі — у сувязі з гэтым многія эмігранты папракалі Раду БНР за тое, што яна не здолела дабіцца падобных поспехаў з амерыканцамі. Таксама Рагуля паведаміў, што Зарэчны заснаваў у Шатландыі вайсковую школу, дзе навучаецца пяць курсантаў, сярод якіх Радзе БНР удалося інфільтраваць свайго агента, і неўзабаве ён зможа перадаць амерыканцам інфармацыю аб гэтай установе.

Тым часам да групы курсантаў у Бад-Вэрысхофене далучыліся два новыя ўдзельнікі — Генадзь Касцюк (Бэн, CAMPOSANTO 8) і Міхал Арцюшэўскі (Фін, CAMPOSANTO 9). Працягваліся заняткі, узнікалі новыя праблемы. Адмена вылету не магла не паўздзейнічаць на курсантаў негатыўна. Каб палепшыць настрой, ім зладзілі вакацыі і выправілі ў вандроўку. Не ўсё, аднак, прайшло гладка: у далейшых справаздачах адзначаецца, што ў маі — ліпені 1952 года Вострыкаў пакутаваў ад дэпрэсіі, якая ўзмацнялася тым, што ў той жа час хлопец перанёс венерычнае захворванне — з гэтых прычынаў ён найгорш з усіх дэсантнікаў засвоіў радыёсправу. Хлопец негатыўна ацэньваў узровень падрыхтоўкі, які прапаноўвалі інструктары, патрабаваў палепшыць канспірацыю і нават падумваў адмовіцца ад палёту. Прыгнечаным быў настрой усіх курсантаў — яны скардзіліся на негуманнае стаўленне з боку выкладчыкаў, якія, паводле іх словаў, «ужывалі метады МДБ» і былі «прыхільнікамі велікарускага імперыялізму», а таму нібыта правакавалі іх на непаслушэнства, каб сарваць місію.

Зрэшты, часам хлопцы і самі «адрываліся» — так, у ліпені 1952-га ўсе яны на нейкі час знікалі з канспіратыўнай кватэры на «спатканні» з дзяўчатамі, што жылі па суседстве.

У каштарысах праекта былі прапісаныя таксама расходы на цыгарэты і алкаголь, якімі забяспечваліся курсанты.

Распіска Генадзя Касцюка

Свая кашуля бліжэйшая да цела

Цяпер дэсант планаваўся на жнівень 1952-га, у астатнім план заставаўся ранейшым.

У камандзе з’явіўся ўраджэнец Наваградчыны, былы жаўнер батальёна Рагулі Генадзь Касцюк, таму, натуральна, роля рэзідэнта адводзілася яму. Яшчэ адным рэзідэнтам альбо кур’ерам-сувязным мусіў зрабіцца Вострыкаў, які паходзіў з Гомельшчыны, але, як адзначалася ў дакументах ЦРУ, правёў пэўны час у Заходняй Беларусі падчас Другой сусветнай вайны (настаўнічаў у Маларыцкім раёне, а пазней служыў у дапаможнай часці СС «Зондэркаманда Пфляўма» ў Альберціне пад Слонімам). Кальніцкі і Арцюшэўскі (былыя паліцыянт і остарбайтар з усходніх абласцей Беларусі) былі падрыхтаваныя як радысты і мусілі жыць на лясной базе. На працягу года рэзідэнты мелі збіраць звесткі аб кандыдатах, незадаволеных савецкай уладай, а вясной 1953-га распачаць іх рэкрутацыю для падпольнай барацьбы ў якасці кур’ераў, гаспадароў канспіратыўных кватэраў, наглядчыкаў сховаў і г.д. Увесну і ўлетку падпольная антысавецкая сетка мусіла быць пашыраная за кошт як набору мясцовых жыхароў, так і далучэння новых дэсантнікаў. Пашырацца было пажадана ў заходнім кірунку, каб атрымаць выхад да мяжы з ПНР. У справаздачах адзначаецца, што план задавольваў усіх удзельнікаў групы, акрамя Вострыкава, які лічыў, што легалізавацца мусяць усе дэсантнікі, а наведваць базу можна толькі зрэдку для радыёсувязі. Яму патлумачылі памылковасць такой «ерэтычнай» ідэі, але не было ніякай пэўнасці, што ён пагадзіўся шчыра.

Усім удзельнікам групы па-ранейшаму была прызначаная страхоўка, ад якой кожны адпісаў розны адсотак на карысць Рады БНР (калі Кальніцкі адпісаў 25 %, то Арцюшэўскі — толькі 6,5 %).

Кальніцкі і Вострыкаў прызначылі сваімі бенефіцыярамі Раду БНР, а Касцюк і Арцюшэўскі — свае сем’і ў БССР. Ясна ўсведамляючы, што ў сучаснай палітычнай сітуацыі перадаць гэтыя грошы ў СССР не атрымаецца, Арцюшэўскі прасіў, каб сума перахоўвалася на рахунках амерыканскага ўрада, а не Рады БНР.

Канспірацыя перадусім

Рагуля па-ранейшаму настойваў, што радыёпаведамленні групы мусяць утрымліваць паролі Рады БНР, пераконваючы амерыканцаў, што гэтае меркаванне падтрымліваюць удзельнікі групы — апытанне, аднак, паказала, што дэсантнікі ставяцца да гэтай ідэі індыферэнтна і нават адмоўна, а Кальніцкі наогул цікавіўся, як яму варта дзейнічаць, калі ён захоча даслаць паведамленне, змест якога не мусіць стаць вядомым Радзе БНР.

Падчас апошняга візіту Рагулі дэсантнікі падпісалі вайсковую прысягу БНР, а таксама для прыкрыцця напісалі сваім знаёмым лісты, у якіх паведамілі, што праходзяць вайсковую падрыхтоўку ў франкісцкай Гішпаніі. Апошні месяц перад дэсантам група правяла ў поўнай бяздзейнасці, чакаючы прыдатных метэаўмоваў. У справаздачах адзначаецца, што нават супрацоўнікі ЦРУ, якія прывыклі шукаць у падначаленых курсантаў толькі хібы, былі вымушаныя выказаць захапленне маральным узроўнем дэсантнікаў, якія былі настроеныя бадзёра і імкнуліся хутчэй вырушыць на заданне.

У ноч з 26 на 27 жніўня група нарэшце выехала на аэрадром у Вісбадэне. Вострыкаў пазней узгадваў, як, сеўшы ў самалёт, «заўважыў, што ў кабіне перад намі й лётчыкамі была загароджа, і нехта там быў».

Працяг будзе.

Глядзі таксама

Беларусы на службе ЦРУ: беларуская інфармацыя ў рассакрэчаных дакументах амерыканскай разведкі

Беларусы на службе ЦРУ. Частка ІІ. CAMBISTA і AEQUOR

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?