На беразе Дзьвіны, каля крыжа, усталяванага на месцы забойства арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, пакутніка за веру, кананізаванага каталіцкай ды вуніяцкай царквамі, а 7-й вечара сабраліся маладыя людзі. Але сьвечкі былі запаленыя імі ў гонар іншае падзеі - з нагоды Дня салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі ды сем’ямі зьніклых беларускіх грамадзянаў.

Абвестка пра акцыю толькі сёньня зьявілася на адным з віцебскіх інтэрнэт-форумаў. Невядомы ініцыятар напісаў: «Ужо не першы раз мы выйдзем на вуліцу й будзем салідарнымі з усімі, хто быў у турме пасля выбарау, й тымі, што яшчэ ня выйшлі на волю. Нас шмат! Мы -- будучыня! Не стабільнасць утопіі нам патрэбная, а прагрэс і развіцьцё!»

Міліцыянты на гэтую абвестку ніякім чынам не зрэагавалі - прынамсі, паблізу ад месца правядзеньня акцыі не было заўважана ніводнага супрацоўніка і ніводнай службовай машыны.

На заклік адгукнуліся 25 хлопцаў і дзяўчат: яны прыйшлі на Ўсьпенскую горку са сьвечкамі, якія разьмясьцілі на пастамэнце памятнага крыжа. Завязаўшы на крыжы блакітную стужку з надпісам «Беларусь - у Эўропу!», удзельнікі акцыі плячо да пляча моўчкі паўсталі вакол.

Акцыя салідарнасьці працягвалася прыблізна 40 хвілін.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0