Ідзе трэці месяц, як бізнесмен Аляксандр Кныровіч знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. За гэты час кіраўнік групы кампаній «Сармат-СТІ» згубіў некалькі кілаграмаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Станіслаў Кныровіч, бацька затрыманага прадпрымальніка:

«Тое, што ён вагу скінуў — гэта само сабой. Але, кажа, цяжка гэта, бо харчаванне добрае».

Бацька і сын увесь час лістуюцца. Аляксандр Кныровіч піша, што сядзіць з «эканамічнымі» — хлопцаў з «Белага легіёна», затрыманых па «справе патрыётаў» у канцы сакавіка, трымаюць у іншых камерах.

«Літаральна тыдзень таму некалькі дзён не было ліста. Пасля ён напісаў, што захварэў, але цяпер усё ўжо добра — прастуда прайшла, і ён зноў працуе, — распавядае Станіслаў Кныровіч. — Шмат чытае, калегі падпісалі яго на некалькі часопісаў. З рук у рукі туды кнігі перадаць нельга, таму ён замаўляе іх па сваёй картцы, і іх дастаўляюць з крамы. Ён чытае прэсу, адсочвае. Піша артыкулы і перадае».

Напісаць зняволенаму бізнесоўцы можа кожны, адрас такі: 220000, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня №8, Кныровічу Аляксандру Станіслававічу. Ён вельмі рады лістам.

Тым часам, нягледзячы на затрыманне кіраўніка, кампанія Кныровіча працуе. «Мяркуючы па ўсім, нікому не цікава, каб завод спыніўся. Такой мэты, ліквідаваць «Сармат», — няма. Бо гэта і заробкі рабочым, і падаткі. І нават калі будуць нейкія штрафныя санкцыі — дык адкуль грошы браць? — дадае Станіслаў Кныровіч, які цяпер, фактычна, кіруе прадпрыемствам сына. — Усе кампаніі, якія ўваходзяць у групу кампаній, займаюцца сваімі справамі. Трубы вырабляюцца, трубы прадаюцца, тэндары выйграюцца. Нічога не змянілася. Вось толькі кіраўніка няма…

Але, калі паглядзець на гэтую сітуацыю з іншага боку, гэта значыць, што Аляксандр — добры кіраўнік. Як я напісаў яму: людзі, якіх ён падабраў, знаходзяцца на сваіх месцах. Ніхто не пачаў звальняцца, ніхто не пабег».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?