Міністэрства культуры адмовілася адмяніць пастанову № 7 ад 30 студзеня 2017 года, паводле якой ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і Беларускі ПЭН-цэнтр не ўвайшлі ў пералік творчых саюзаў.

Пра гэта гаворыцца ў адказе міністэрства на калектыўны зварот БАЖ, Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, які арганізацыі накіроўвалі 15 сакавіка. Паводле міністэрства, статус творчага работніка, члена творчага саюза, пацвярджаецца творчым саюзам у парадку, устаноўленым менавіта статутам творчага саюза.

ГА «БАЖ», РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр», ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць, чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс творчых саюзаў. Разам з тым іншыя грамадскія аб’яднанні, сябры якіх займаюцца аналагічнай дзейнасцю, у гэты спіс увайшлі.

«Згодна з арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Сітуацыя, калі па незразумелых і непразрыстых крытэрах адны з грамадскіх аб'яднанняў былі ўключаны Міністэрствам культуры ў пералік творчых саюзаў, а другія — не, ёсць паказальнікам дыскрымінацыйнага падыходу з боку міністэрства да шэрагу арганізацыяў і іх членаў, якія займаюцца творчай працай, што парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь», — гаварылася ў звароце ў Мінкульт.

Пакуль ішоў разгляд дадзенага звароту, Міністэрства культуры ўсё ж скарэктавала пастанову №7, вярнуўшы статус творчага саюза Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?