Наста Дашкевіч атрымала стос лістоў ад мужа — лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, абвінавачанага разам зь яшчэ 17 людзьмі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках». Зьмітра затрымалі 22 сакавіка, з таго часу ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага.

«Я атрымала чатыры лісты ў адзін дзень, стосамі такімі прыносяць, а Зьміцер піша штодня, — кажа Наста Дашкевіч Свабодзе. — Піша, што вельмі шмат чытае. Цяпер нельга перадаваць мастацкую літаратуру, можна карыстацца толькі ўнутранай бібліятэкай. Вось піша, што дачытаў «Я з вогненнай вёскі» Адамовіча, Брыля і Калесьніка, паралельна чытае хронікі габрэяў.

Піша, што адчувае сябе добра. Вельмі, безумоўна, сумуе па дзетках. У кожным лісьце запытваецца, як там што, што я ім кажу, дзе знаходзяцца, як рэагуюць. Просіць шмат побытавых спраў вырашыць, а таксама зьвязаных з працай — аб’екты шматлікія «вісяць», дамаўляемся, каб сябры-цесьляры Зьмітра працягвалі працаваць, закончылі ўсе аб’екты.

Настрой такі… мо ня самы лепшы, які мог бы быць. Але спрабуе ўцягнуцца ў новы турэмны графік. Піша, трэба псыхалягічна рыхтавацца да доўгага і цяжкага шляху, але сам разумее, бачыць, што справа абсалютна пустая, што высмоктваюць проста з пальца, яшчэ і на ляту. Кажа, можна ўсё перажыць, калі стварыць пэўны графік, загрузіць сябе максымальна, чым і спрабуе цяпер заняцца».

На ўмовы ў «Валадарцы» Зьміцер у лістах асабліва ня скардзіцца. Наста кажа, зь лістоў яна зразумела, што ўмовы крыху лепшыя за тыя часы, калі муж мінулы раз там сядзеў.

Праз чатыры дні пасьля затрыманьня Зьмітра і ператрусу ў кватэры Дашкевічаў да Насты вярнуўся кот Леапольд, які зьнік у час візыту спэцслужбаў. «Леапольд вярнуўся, і тата вернецца», — тлумачыць Наста дзецям.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?