У праграме «Воскресное время» на расійскім Першым канале выйшаў сюжэт, у якім у чарговы раз расказваецца пра «русафобію», якая сфарміравалася ў беларускім грамадстве з дазволу Аляксандра Лукашэнкі насуперак расійскай эканамічнай дапамозе.

«Беларусь атрымлівае расейскі газ вельмі нядорага. Цяпер дамовіліся пра цану 130 даляраў за тысячу кубаметраў. Суседняя Украіна закупляе газ на 100 даляраў даражэй. Закупляе ў Еўропе, хоць той жа расейскі газ. Таксама ў Беларусь пастаўляецца расейская нафта без мыты. І нафта істотна таннейшая, чым на сусветным рынку. А гэта ж субсідыі.

Эканамісты ацэньваюць суму такіх субсідый у сем-дзесяць мільярдаў даляраў на год. Шмат гэта ці мала для беларускай эканомікі, з чым параўнаць? А вельмі проста. Эканоміка Расеі прыкладна ў 20 разоў большая за эканоміку Беларусі. Таму ў маштабах Расеі гэтыя 10 мільярдаў ператвараюцца ў 200 мільярдаў. Гэта больш, чым Расея зарабляе на продажы нафты», — гаворыцца ў сюжэце, аўтаркай якога з'яўляецца Кацярына Кібальчыч.

Сярод экспертаў сюжэта — Мікола Статкевіч.

Першы канал сцвярджае, што ў беларускіх СМІ кожны тыдзень выходзяць навіны пра «дрэнных расейцаў»:

«Расея з'яўляецца сур'ёзнай пагрозай рэальнай вайны для Беларусі». Відэа тэлеканала «Белсат» (Польшча). Гэты тэлеканал выглядае як беларускі і вяшчае на беларускай мове, але на самой справе належыць ураду Польшчы і рэдакцыя знаходзіцца ў Варшаве. Менавіта тэлеканал «Белсат» вось ужо некалькі гадоў распавядае, што Расея плануе захапіць усю беларускую тэрыторыю. Пра расейскае ўварванне распавядаюць і іншыя беларускія журналісты. Прычым загалоўкі як з адной метадычкі: «Расея летам увядзе войскі ў Беларусь».

Рэдакцыя сайта «Хартыя-97» таксама знаходзіцца ў Польшчы, і гэта адзін з самых папулярных рэсурсаў. Усе беларускія выданні, акрамя дзяржаўных, відавочна або таемна падтрымліваюцца заходнімі грантамі».

«Аляксандр Лукашэнка дазваляе развівацца русафобіі, падсумоўвае Кацярына Кібальчыч. — Аднымі зніжкамі на газ гэты працэс не спыніць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0