У чым сэнс

Гульцы спаборнічаюць за званне самага паспяховага археолага. Яны даследуюць раскоп — шматпластовае модульнае поле — і шукаюць ды вывучаюць артэфакты. Для гэтага археолагам трэба пільна сачыць за сваімі фінансамі, бо якія раскопкі без грошай? Важна не разгубіцца ў гумарыстычна-пераменлівых умовах, якія ствараюць каля сотні адмысловых картак, што суправаджаюць любое дзеянне.

Крыху падрабязней пра правілы

Уявіце, што вы — маладыя археолагі. Акадэмія навук адправіла вас у камандзіроўку на Палессе. Вядома, што ў гэтым месцы ёсць нешта гістарычна важнае, і ваша задача — адшукаць скарбы.

Поспехі вызначаюцца тым, наколькі глыбока вы змаглі даследаваць раскоп. Сам раскоп падзелены на пласты, а пласты — на квадраты. З аднаго боку на іх намаляваная ці трава, ці зямля, а вось з іншага на некаторых хаваюцца артэфакты.

Кожнаму ўдзельніку гульні напачатку даецца адмысловы планшэт, які ён можа запаўняць сваімі знаходкамі.

Для капання прадугледжаны спецыяльны рыштунак: рыдлёўка, шуфлік, вядро. Гэтыя рэчы трэба набыць, бо без іх да раскопу няма сэнсу ісці. Але наяўнасць рыштунку не гарантуе, што вы здолееце адкапаць скарб.

Існуе адмысловая калода раскопак, з якой перад тым, як арандаваць рыштунак, вы мусіце выцягнуць картку. І калі раптам там напісана «пайшоў дождж — адпраўляйцеся на заробкі», то трэба ісці «на заробкі» — у вёску, напрыклад, каб дапамагчы старым. Варыянтаў развіцця падзей шмат — не засумуеце.

Калі ж вам пашчасціла і вы ўжо адшукалі артэфакт, мусіце пісаць пра яго навуковы артыкул. Для гэтага таксама існуе адмысловая калода, на картках якой паказана, колькі вы зарабілі жэтонаў поспеху. Пяць жэтонаў сабралі — пераходзіце на наступны ўзровень. Агулам сем узроўняў: хто дайшоў, той і перамог.

Хто і як гэта прыдумаў

«Палескіх археолагаў» прыдумала фалькларыст, этнограф Юлія Бажок.

«Мы з сябрам, мастаком Максімам Гінтавым, яшчэ гадоў пяць таму вельмі хацелі стварыць нейкія беларускія гульні. Ну і выдумлялі, што гэта можа быць. Потым, летам 2013 года, мы паехалі на раскопкі на Палессе ў Петрыкаўскі раён валанцёрамі. Праз месяц пасля вяртання я падумала, што можна зрабіць гульню пра археалогію, пра раскопкі. І ўжо праз тыдзень прынесла прататып гульні на нашы пасядзелкі», — прыгадвае Юлія.

Дарэчы, на раскопках валанцёры пазнаёміліся ды пасябравалі з Аленай Касюк, супрацоўніцай Акадэміі навук, якая займаецца археалогіяй. Менавіта яна кантралявала, каб у гульні была гістарычная дакладнасць. Алена падбірала артэфакты з Палесся адпаведна пласту, кожны з якіх сімвалізуе пэўны перыяд часу. Верхні пласт — 18 стагоддзе, далей Сярэднявечча, Жалезны век і Каменны век. Кожная знаходка ў гульні адабраная навукоўцамі і правераная беларускімі, нямецкімі і польскімі археолагамі.

Працэс удасканалення гульні расцягнуўся на два гады. Юлія дадае, што падыход быў вельмі сур’ёзны: на пэўным этапе матэматычную мадэль «Палескіх археолагаў» пралічвалі праграмісты. Карцінкі маляваў Максім Гінтаў, а Юлія пры гэтым уключала злоснага крытыкана і вельмі ўважліва адбірала для гульні кожную з іх. А вось такі выгляд, які гульня мае цяпер — творчасць дызайнеркі Ксеніі Каліноўскай.

Дзе ўзяць

Займець гульню можна, замовіўшы асобнік праз Талаку. Кампанія па збору сродкаў праз краўдфандынг скончыцца праз некалькі дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?