Апошнім часам па сацыяльных сетках папаўзлі чуткі — нібыта міліцыя «ўзялася» за гульцоў гарадскога квэсту «Схватка». Меркаванні гучалі розныя: ці то «схватчыкі» карысталіся гульнёй для закладкі спайсаў, ці то для іншых справаў, звязаных з наркотыкамі. Таксама вагаецца лічба нібыта затрыманых: ці то іх двое, ці то чацвёра, ці то невядома колькі.

Некаторыя нават звязалі затрыманне са справай «Белага легіёна».

Насамрэч ногі ў гэтай гісторыі растуць з выпадку, які адбыўся пры канцы сакавіка. Тады на пустцы па вуліцы Прытыцкага ў Мінску затрымалі дваіх.

«Хлопец з дзяўчынай раскладвалі скруткі з забароненым рэчывам. У пары былі размеркаваныя ролі — адзін рабіў закладку, другі фатаграфаваў месца, куды паклалі наркотык, — паведамілі ў міліцыі. — Малады чалавек паспеў заўважыць аператыўнікаў і кінуўся праз пустку наўцёкі, на бягу выкідваючы з кішэні пакункі з наркотыкам. Калі яго дагналі, ён распавёў, што разам з дзяўчынай займаецца распрацоўкай і падрыхтоўкай квэстаў для адной вельмі буйной камерцыйнай кампаніі. Яны «выйшлі ў поле для рэкагнасцыроўкі», а аператыўнікі ўсё наблыталі. Маўляў, тое, што ён выкідваў нейкія пакуначкі з кішэняў, ім таксама падалося. Але тры пакуначкі з парашком белага колеру былі знойдзеныя міліцыянтамі ў кішэні хлопца пры надглядзе».

Прычым, як пазней стала вядома «Нашай Ніве», у міліцыянтаў на той момант ужо была аператыўная інфармацыя пра заняткі маладзёнаў.

Пакуначкі з кішэняў былі ідэнтычныя тым, якія малады чалавек выкідваў на бягу, запэўнілі ў УУС Мінаблвыканкама.

«Агулам праваахоўнікі знайшлі на пустцы каля 20 пакуначкаў з 30 г парашку — асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам альфа-PVP. Падчас ператрусу на кватэры дзяўчыны аператыўнікі знайшлі яе хлопца, раней судзімага за незаконны абарот наркотыкаў, і каля 1 г амфетаміну. Яго, па словах гаспадыні, яна ўжывала сама. Таксама дома ў дзяўчыны выявілася шмат сцэнарыяў розных квэстаў, большасць з якіх зводзілася да закладак і наступнага пошуку па каардынатах розных прадметаў», — агучвалі міліцыянты.

У дачыненні да закладнікаў заведзеная крымінальная справа за незаконны абарот наркатычных сродкаў. Цяпер ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення свободы.

Пазней высветлілася, што затрыманыя сапраўды маюць дачыненне да квэстаў. Хлопец і дзяўчына прапаноўвалі свае паслугі па арганізацыі квэстаў, займаліся гэтым дастаткова прафесійна і ўжо арганізоўвалі гульні для шэрагу кампаній.

Затрыманыя насамрэч вядомыя ў асяродку аматараў і прафесіяналаў, звязаных з квэстамі.

Затрыманую дзяўчыну завуць Яня Грыбава, ёй 30 гадоў.

Яня Грыбава.

Яня Грыбава.

Яна скончыла БДУ, вучылася на факультэце журналістыкі. Раней працавала піяр-менеджарам у гандбольным клубе «Дынама Мінск».

Хлопец, Мікіта Урадаў, вядомы сярод гульцоў пад мянушкай Снегавік. Яму 31 год. Мікіта скончыў Інстытут пагранічнай службы, займаўся спартыўным арыентаваннем.

Мікіта Урадаў.

Мікіта Урадаў.

Іван Марозаў, сузаснавальнік кампаніі «Гейм Рум», якая займаецца квэстамі ў Мінску, кажа, што для яго самога затрыманне Урадава й Грыбавай стала шокам: «Так, затрыманыя маюць дачыненне да руху «Схваткі», гулялі ў яе, распрацоўвалі сцэнары. Але ж падобным займаецца шмат людзей.

Я з імі таксама перасякаўся. Блізкімі знаёмымі не былі, але ж нават замаўляў гульні. Людзі звяртаюцца да нас, каб правесці нейкае карпаратыўнае мерапрыемства, а мы ўжо ці самі распрацоўваем квэст, ці шукаем на субпадрад знаёмых са «схваткавага руху», каго ведаем як добрых арганізатараў. Канкрэтна да Яны і Снега прэтэнзій ніколі не было, сваю працу яны выконвалі выдатна, — распавёў «Нашай Ніве» Іван. — Пра тое, што яны могуць быць звязаныя з наркотыкамі, падазрэнняў ніколі не было. Калі я даведаўся пра іх затрыманне, гэта стала шокам».

Прыкладна тое ж самае кажа і Яўген Шапашнікаў, арганізатар ужо легендарнага гарадскога квэсту «Схватка».

«Так, Яна і Мікіта былі гульцамі «Схваткі». Сяброўствам гэта не назавеш, але мы з імі працавалі над некалькімі праектамі квэстаў, — паведаміў «Нашай Ніве» Шапашнікаў. — Затрыманне было нечаканым. Я ніколі не чуў, што яны звязаныя з наркотыкамі. Мікіта ўвогуле быў спартоўцам, адным з найлепшых гульцоў у «Схватку».

Таксама ані Іван Марозаў, ані Яўген Шапашнікаў не чулі пра іншыя выпадкі, звязаныя з затрыманнямі «схватчыкаў». «Ніхто больш затрыманы не быў. Прынамсі, у Мінску, гэта я дакладна ведаю», — запэўніў Шапашнікаў.

Яўген Сачак, афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама, таксама паведаміў «Нашай Ніве», што ў апошні час больш не было затрыманняў, звязаных з гарадскімі квэстамі ці ўдзельнікамі падобных гульняў:

«Я не ўзгадаю за апошні час іншых затрыманняў, звязаных з квэстамі. Ды і гэтая навіна — здавалася б звычайнае затрыманне звычайных закладчыкаў, уся яе цікавасць менавіта ў гэтым моманце з квэстамі».

«Маё асабістае меркаванне такое: калі б было жаданне ў органаў абмежаваць актыўнасць схватчыкаў, то чаму б не выкарыстаць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах? Бо любы квэст па сутнасці «масавае мерапрыемства». І тое, што затрыманыя маюць дачыненне да квэстаў, яшчэ не падстава для канспіралагічных тэорый», — мяркуе Іван Марозаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?