Што пра эканамічны шантаж Беларусі піша расейская прэса?

Газэта «Коммерсантъ» са спасылкамі на свае крыніцы ў расейскім урадзе надрукавала 12 траўня матэрыял, у якім сьцьвярджаецца, нібыта Ўладзімер Пуцін падпісаў даручэньне спыніць субсыдыяваньне беларускай эканомікі з разьлікам на тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі не застанецца выйсьця з сыстэмнага эканамічнага крызісу і ён сам папросіцца ў Расею.

«Коммерсантъ» піша, што Масква рыхтуецца да шырокамаштабнага націску на Менск: на газавым, нафтавым, электрычным, хімічным (калійным), мэталапракатным, харчовым і іншых накірунках. Вынікам яго мусіць стаць стварэньне адзінай дзяржавы на ўмовах Масквы. На газавым кірунку Расея настойвае на кантролі «Газпрому» над беларускімі газаправодамі. Пры гэтым афіцыйна ўжо некалькі разоў пацьверджана, што цана на газ у наступным годзе для Беларусі вырасьце ў кожным разе.

Згодна з інфармацыяй «Коммерсанта», Пуцін загадаў «прыняць вычарпальныя меры» з мэтай спыненьня датацыяў Расеяй беларускай эканомікі, а таксама рээкспарту й кантрабанды расейскіх тавараў (перадусім энэрганосьбітаў) праз тэрыторыю краіны. І – галоўнае – правесьці рэвізію ўсіх дамоваў, што рэглямэнтуюць расейска-беларускія адносіны.

Пра тое самае паведамляюць у аўторак «Новые известия»: «Над прэзыдэнтам Беларусі зноў згушчаюцца хмары. Узмацняецца ціск з боку Масквы, што пагражае падвысіць цану на газ і спыніць субсыдыяваньне беларускай эканомікі… Цэнтральныя расейскія СМІ апошнімі днямі разгарнулі цэлую піяр-кампанію на тэму спыненьня фінансавых і іншых ўліваньняў у беларускую эканоміку. У Менску ж гэтыя сыгналы заўважаць не жадаюць. Ня выключана, што пры страце расейскай падтрымкі Лукашэнка можа зьвярнуцца да рыторыкі нацыянальнай апазыцыі. Маўляў, абаронім наш сувэрэнітэт ад імпэрскай Расеі!»

Больш за ўсё Расея губляе на г.зв. «схаванай» форме рээкспарту праз экспарт нафтапрадуктаў у Беларусі. Беларусь ня сплачвае экспартных мытаў пры пастаўках нафты (у адрозьненьне ад расейскіх заводаў), а нафтапрадукты прадаюцца па эўрапейскіх цэнах. Атрымліваецца, што губляе расейскі бюджэт, а беларускі, наадварот, напаўняецца. Агулам Беларусь экспартуе 13 млн тон нафтапрадуктаў у год, сярод якіх каля 60% прыходзіцца на даччыныя структуры расейскіх кампаніяў, якім таксама выгадна гэтая схема, паведамляе «Коммерсант».

«З павышэньнем цэнаў на газ і спыненьнем субсыдыяваньня нафтавага экспарту, – робіць вывад «Коммерсант», – Масква нанясе па А.Лукашэнку сур’ёзны палітычны ўдар, і Менск альбо будзе вымушаны пайсьці на ўмовы Масквы, альбо апынецца перад пагрозай моцных эканамічных і сацыяльных ператрусаў». А словамі крыніцы газэты ў Крамлі, «адзіны спосаб для Беларусі атрымліваць газ па ўнутрырасейскіх цэнах – гэта ўваход у склад Расеі».

«Беларусь ў канструктыўным ключы папярэдзілі, што мы будзем выходзіць на стандартныя ўмовы паставак газу», – цытуе расейскі «Інтэрфакс» свайго суразмоўцу «з расейскіх урадавых колаў» з расейскіх урадавых колаў, які падкрэсьлівае, што «разьлік за газ было б весьці нашмат прасьцей, калі б у Беларусі й Расеі існавала адзіная валюта».

Менш канкрэтна, але ня менш жорстка выказаў афіцыйную пазыцыю «Газпрому» для радыё «Эхо Москвы» прэс-сакратар кампаніі Сяргей Купрыянаў: «Нам трэба зразумець, якія крокі ў гэтым годзе Беларусь зробіць для «Газпрому» для здавальненьня нашых эканамічных патрэбаў».

«Время новостей» падкрэсьлівае, што «прапанова «Газпрому» не знайшла належнага водгуку ў Менску, які згодны толькі на 11-адсоткавую індэксацыю газавых цэнаў. А калі ўлічыць, што намесьнік старшыні праўленьня «Газпрому» Аляксандар Разанаў прапанаваў распачаць размову пра пераход на эўрапейскі ўзровень цэнаў для Беларусі са 150 даляраў за тыс. кубоў (у тры разы больш, чым цяпер), дык прапановы Менску выглядаюць як зьдзек».

А газэта «Ведомости» ў аўторак піша, што для самой Расеі нізкія цэны на энэрганосьбіты могуць стацца вялікай праблемай, бо «Эўракамісія прапанавала СГА лічыць унутраныя цэны на энэрганосьбіты для расейскіх вытворцаў забароненай субсыдыяй». І настойваць на іх павелічэньні пад пагрозай недалучэньня Расеі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. У гэтым годзе для расейскіх кампаніяў газ каштуе $43,12 за 1000 куб. м, а кантрактная цана для Эўропы – каля $250.

Тымчасам «Газета»паведамляе пра вялікі міжнародны скандал, зьвязаны са схемай спажываньня газу Ўкраінай, што канчаткова перакрывае магчымасьць ажыцьцяўленьня аналягічнага сцэнару ў дачыненьні да Беларусі (гэта калі «Газпром» набывае газ фактычна ў сябе самога й перапрадае ва Ўкраіну па меншых цэнах, але валодае транзытам цэнтральнаазіяцкага газу). Мін’юст ЗША шукае валадароў паловы акцыяў кампаніі «РосУкрЭнерго», зарэгістраванага ў Швайцарыі, паведамляе «Газета» (другая палова належыць «Газпрому»). Гэта могуць быць маскоўскія чыноўнікі, піша газэта.

Нарэшце, газэта «Бизнес» 16 траўня аналізуе: ««Газпром» атрымаў ад Беларусі права адмовіцца ад будаўніцтва Паўночна-эўрапейскага газаправоду на карысьць другой чаргі газаправоду «Ямал–Эўропа», пад які ў Беларусі нібыта ўжо адведзеная зямля. На самай справе аптымізм Беларусі аднабаковы: "Ніякіх рашэньняў што да будаўніцтва другой чаргі газаправоду «Ямал–Эўропа» не прынята, больш за тое, перамовы нават і не распачыналіся», – заявіў газэце прэс-сакратар «Газпрому» Сяргей Купрыянаў.

Зьміцер Дрыгайла, Масква

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0