Беларусь будзе моцнай апорай для Кітая ў Эўропе. Аб гэтым 7 жніўня ў Пэкіне заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй КНР Ху Цзіньтао.

«Большых сяброў, чым Беларусь, у Эўропе ў вас няма. Мы і ў далейшым будзем праводзіць палітыку так, як праводзілі апошнія 10‑15 гадоў. Мы будзем моцнай апорай — я аб гэтым сёньня публічна заяўляю», — падкрэсьліў кіраўнік Беларусі.

«Мы гатовы для кітайскага народу зрабіць усё, каб вы маглі дастойна прадставіць свае інтарэсы на эўрапейскім кантынэнце. Таксама публічна хачу прапанаваць вам больш сур’ёзна заняцца гэтым напрамкам супрацоўніцтва аж да стварэньня сумеснай групы для прапрацоўкі адпаведных пытаньняў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі з радасьцю ўспрынялі вестку аб тым, што КНР выйграла права прыняць XXIX Алімпійскія гульні. Ён таксама дадаў, што Кітай зрабіў вельмі шмат для таго, каб правесьці Алімпіяду на дастойным узроўні.

Ху Цзіньтао падзякаваў Беларусі за падтрымку Кітая ў ходзе падрыхтоўкі да Алімпіяды. У прыватнасьці, старшыня КНР асабліва адзначыў той факт, што Лукашэнка ў красавіку сёлета выступіў з сур’ёзнай заявай у падтрымку кітайскага боку, калі ў міжнароднай супольнасьці некаторыя палітычныя сілы спрабавалі блякаваць пэкінскую Алімпіяду.

Ху Цзіньтао выказаў гатоўнасьць абмеркаваць на перагаворах пытаньні двухбаковага ўзаемадзеяньня, а таксама абмяняцца думкамі па шырокаму колу праблем.

7 жніўня Аляксандр Лукашэнка таксама наведае Алімпійскую вёску, дзе пройдзе цырымонія ўзьняцьця беларускага сьцяга.

Кіраўнік дзяржавы ўручыць дзяржаўныя ўзнагароды тром беларускім спартсмэнкам — членам нацыянальнай каманды па акадэмічнаму веславаньню: Кацярыне Карстэн, Юліі Бічык і Натальлі Гелах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?