Распаўсюджаны міф пра тое, што апазыцыя страшна адарваная ад народу цалкам аспрэчвае сваім прыкладам глыбачанін Яраслаў Берніковіч. Ужо за першыя тры дні працы ініцыятыўная група лідэра нацыянальнага кола з Глыбокага сабрала тысячу подпісаў. Уся кампанія праходзіць выключна на беларускай мове.

«Для мяне самога такі пасьпяховы пачатак кампаніі быў шокам, — дзеліцца ўражаньнямі Яраслаў. — Згадваю, што нават падчас прэзыдэнцкіх выбараў мы зьбіралі за Домаша і Мілінкевіча ў лепшым выпадку 1300—1500 подпісаў за месяц. А сёлета вось такая актыўнасьць».

У ініцыятыўную групу Яраслава Берніковіча ўваходзяць 28 чалавек, хаця, па прызнаньні самога актывіста, подпісы зьбіраюць далёка ня ўсе. Дый з трох раённых цэнтраў выбарчае акругі — Глыбокага, Докшыц, Вушачы — актыўная праца вядзецца толькі ў Глыбокім.

У Вушачу пасьля шостай вечара прыяжджаюць сябры ініцыятыўнай групы з Наваполацку. Хочуць выставіць пікет і ў Докшыцах. На сёньняшні дзень за патэнцыйнага кандыдата на мандат у Палаце прадстаўнікоў сабрана каля 3600 подпісаў — найлепшы вынік у краіне. Кандыдаты‑лукашэнкаўцы далёка адстаюць.

«Гэта ўжо ня першая мая выбарчая кампанія, але такая зычлівасьць і спагада з боку людзей назіраецца ўпершыню. Падчас абыходу кватэр амаль кожны імкнецца выказаць сваю падтрымку», — працягвае Я.Берніковіч.

Актывіст ужо балятаваўся на парлямэнцкіх выбарах у 2004 годзе. Першапачаткова яго кандыдатуру ЦВК не зарэгістраваў, бо Берніковіч не пазначыў ганарару за публікацыю ў часопісе ў памеры 2 тысяч рублёў. На гэтым кандыдат ад Дэмакратычных сілаў рук ня склаў, і дамогся такі рэгістрацыі. Паводле ярмошынскіх зьвестак, Берніковіч на тых выбарах набраў каля 10% галасоў і заняў другое месца, саступіўшы Васілю Хролу.

Сёлета ў Яраслава Берніковіча супернік на выбарах ад улады — старшыня Віцебскага аблвыканкаму Віктар Андрэйчанка. «У мяне часта пытаюцца, чаму Андрэйчанка ідзе менавіта па Глыбоцкай акрузе? Адказваю на гэта, што мне шукалі годнага канкурэнта», — жартуе Берніковіч.

Пры канцы пытаюся, ці ёсьць спадзяваньні, што можа перамагчы ў акрузе. «Усякае бывае. Каб не спадзяваўся, то і не ішоў бы», — адказвае Яраслаў.

Зьміцер Панкавец

Яраслаў Берніковіч нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Варанцы (Глыбоччына). Скончыў Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Служыў на Далёкім Усходзе (1987—1993). Працаваў на розных пасадах у Глыбокім. У Партыі БНФ ад 1999 году.

Глядзі яшчэ:

Павал Севярынец: «Чым гэта пахне».

Камэнтар рэдакцыі. Пра Берніковіча, выбары і «няздольную» эліту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0