Каб «сесці на суткі», яму давялося самому ехаць у суд і патрабаваць азнаёміць яго з матэрыяламі ўласнай справы. Там Андрэй Стрыжак даведаўся, што пастанова аб ягоным арышце з 17 сакавіка знаходзіцца ў Раённым аддзеле ўнутраных спраў, паведамляе praca-by.info.
Андрэя Стрыжака знялі з віленскага цягніка ў Маладзечне ў пятніцу, фота з фэйсбука Вікторыі Фёдаравай
Гомельскага актывіста Незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Андрэя Стрыжака 17 сакавіка суд завочна арыштаваў на 10 сутак за «несанкцыянаваны мітынг» (стыхійны сход на ганку суда Цэнтральнага раёна ў Гомелі: 21 лютага зала пасяджэнняў не змясціла ўсіх тых, хто прыйшоў на суд «дармаеда» Аляксандра Сямёнава супраць падатковай). Андрэй Стрыжак накіроўваў ліст пра тое, што знаходзіцца за мяжой, аднак суд не палічыў гэтую прычыну істотнай для пераносу пасяджэння. Касацыйная скарга таксама не прывяла да перагляду пастановы суда.
Калі 15 красавіка Андрэй Стрыжак вярнуўся ў Беларусь, ён звярнуўся і ў Цэнтральны РАУС Гомеля, і ў раённы аддзел міліцыі, але там не знайшлі адпаведных дакументаў.
І толькі калі 17 красавіка актывіст запатрабаваў у судзе Цэнтральнага раёна матэрыялы справы, высветлілася, што пастанова знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС. З'явіўшыся туды па сваёй волі, Стрыжак накіраваўся адбываць адміністрацыйны арышт 10 сутак.
Сваё жаданне адбыць арышт, нягледзячы на адсутнасць ініцыятывы праваахоўных органаў, актывіст пракаментаваў для praca-by.info:
— Калі я цяпер не адседжу гэтыя дзесяць сутак, то яны будуць вісець нада мной дамоклавым мечам. Мяне змогуць арыштаваць у любы момант: напрыклад, пры выездзе за мяжу. Гэта не «яўка з павіннай»: я працягваю лічыць арышт парушэннем маіх правоў: на свабоду сходаў, свабоду слова, на справядлівы суд — і буду абскарджваць пастанову суда ў міжнародных органах.
На знак пратэсту супраць парушэння сваіх правоў Андрэй Стрыжак абвясціў галадоўку.
