Лічбы сведчаць пра тое, што беларусы апраўдваюць пэўныя формы гвалту ў адносінах да дзяцей. Згодна з даследаваннем, больш за 30% бацькоў лічаць фізічнае пакаранне неад'емнай часткай правільнага выхавання. Амаль палова ўпэўненая, што каб дзіця стала паспяховым, яго трэба не толькі заахвочваць, але і караць. Больш за 35% лічаць, што калі бацькі не караюць сваіх дзяцей, то псуюць іх.

На думку сямейнага псіхолага Рамана Кручкова, гэтыя лічбы вельмі аптымістычныя, таму што на справе ўсё значна больш сумна.

«Абсалютная большасць бацькоў у той ці іншай меры прымяняюць альбо прымянялі фізічнае пакаранне. На мой погляд, у нашай краіне, у нашых рэаліях гаворка ідзе амаль пра 100% бацькоў, бо многія з тых, хто прымяняе фізічны гвалт у адносінах да сваіх дзяцей, не лічаць гэта гвалтам — для іх гэта норма.

Шмат хто не ведае асаблівасцяў перыядаў сталення і патрэб сваіх дзяцей. Дзеці часам растуць як трава, прадастаўленыя самі сабе. Бацькі лічаць, што калі яны забяспечылі, апранулі і накармілі дзіця, то яны ўжо выканалі свае бацькоўскія абавязкі», — тлумачыць Раман.

Сярод магчымых наступстваў прымянення фізічнага пакарання псіхолаг вылучае замкнутасць дзіцяці, ад чаго ў выніку пакутуюць бацькі.

Раман Кручкоў заўважае, што дзіця звычайна засвойвае тыя мадэлі паводзінаў, тыя каштоўнасці, якія яму транслююць бацькі. Калі ж яно вырастае, то транслюе гэта на сваю сям’ю, бо папросту не ведае альтэрнатыўных варыянтаў.

На думку псіхолага, перарваць гэты ланцуг можна знутры, калі хтосьці з бацькоў зразумее, што тое, як выхоўвалі яго, няправільна і, больш таго, небяспечна.

«Трэба ўлічваць, што гэта праблема сістэмная, гэта праблема каштоўнасцяў і камунікацыі. Сёння дзіця цалкам прадастаўленае бацькам. Калі бацькі яго не забілі ці не нанеслі цяжкіх цялесных пашкоджанняў, пра якія стала вядома, то ніякай адказнасці за фізічны гвалт яны, па вялікім рахунку, не панясуць, — тлумачыць Раман Кручкоў.

Псіхолаг дадае, што пры гэтым увядзенне дадатковых механізмаў абароны дзяцей рэзка крытыкуецца многімі бацькамі, якія лічаць, што «калі я нарадзіў, то гэта маё» і, адпаведна, «магу рабіць, што хачу».

Адказаць, як правільна выхоўваць дзіця, Раман Кручкоў не бярэцца.

«Я не ведаю, як трэба. Больш за тое, я баюся людзей, якія гатовыя даць адказ на гэтае пытанне. У кожным выпадку свой шлях. Але можна казаць абсалютна дакладна, што трэба выхоўваць не з пазіцыі сілы, а з пазіцыі любові. Калі бацькі напоўненыя любоўю, ім ёсць што даць. Калі ж яны заводзяць дзіця дзеля чагосьці, напрыклад кватэры, альбо проста таму, што так адбылося, то тады мы маем тое, што маем», — кажа псіхолаг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?