«Сам сабе я гуду, сам сабе весел буду» — такім іранічным эпіграфам пачынаў свой «Дыярыуш» Самуэль Маскевіч, гусар Вялікага Княства Літоўскага, родам з Сэрвачы, што ў цяперашнім Карэліцкім раёне.

Яго дзённік, прысвечаны паходу на ўсход і перабыванню ў Маскве ў 1609—1612 гадах. Яго ў ліку іншых помнікаў мемуарнай літаратуры выдала «Беларуская навука» ў кнізе «Дыярыушы XVII стагоддзя (1594—1707 гады)».

Таварыш гусарыі Рэчы Паспалітай, каля 1620 года. Таварышамі называлі шляхціцаў, якія на заклік ротмістра гусарскай харугвы прыходзілі да яго з невялікімі атрадамі слугаў-пахолкаў.

Таварыш гусарыі Рэчы Паспалітай, каля 1620 года. Таварышамі называлі шляхціцаў, якія на заклік ротмістра гусарскай харугвы прыходзілі да яго з невялікімі атрадамі слугаў-пахолкаў.

Гэта гісторыя вялікай вайскова-палітычнай авантуры, пабачаная з гушчыні падзей,

іх непасрэдным удзельнікам, чалавекам назіральным, адкрытым, з выразным пачуццем гумару.

Усходнюю суседку Рэчы Паспалітай у пачатку XVII стагоддзя трэслі палітычныя катаклізмы. Кіроўная дынастыя Рурыкавічаў выгасала, мяняліся цары, бунтаваў народ. Частка маскоўскага баярства, пастрыгшы ў манахі непапулярнага цара Васіля Шуйскага, была згодная зрабіць новым маскоўскім уладаром Уладзіслава Вазу, сына Жыгімонта. Ён падаваўся меншым злом, чым «тушынскі вор», самазванец Ілжэдзмітрый ІІ. Баярскі ўрад нават пусціў у Маскву да прыезду каралевіча Уладзіслава ліцвінска-польскі гарнізон.

Аднак Жыгімонт ІІІ з нейкіх прычынаў не давяраў сыну: ён хацеў кіраваць Масковіяй сам, прычым кіраваць як заваяванай краінай… Не будзем пераказваць тое, што можна прачытаць у Вікіпедыі. Варта адзначыць толькі, што для Рэчы Паспалітай гэта ў перспектыве скончылася палітычнай паразай, крывавым «Патопам» сярэдзіны стагоддзя, з якога краіна ледзьве выплыла, ніколі не акрыяўшы канчаткова… Але гэтая «вялікая» гісторыя толькі вяршэчкам кранае «Дыярыуш» Маскевіча.

Дзённікі таго часу захавалі мала эмоцый.

Можна толькі здагадвацца, што рабілася ў душы 25-гадовага гусара, які «развітаўшыся ў Сэрвачы з дабрадзейкай пані маці, адправіўся з атрадам у Маскву».

Паход пачаўся аблогай Смаленска, куды кароль прывёў дванаццаць тысяч войска. Сярод іх, у складзе гусарскай харугвы, быў і Самуэль Маскевіч.

 

«За свавольства пасадзілі на кол»

Дзённік Маскевіча не лінейны, там ёсць адступленні, забяганне наперад, элементы аналітыкі, як сказалі б мы сёння. Вось, напрыклад, добрае адлюстраванне тагачасных нораваў: шляхта ідзе на вайну, каб нажыцца, а пасля без ніякіх пакутаў сумлення кідае свайго караля:

«Яго міласць кароль прыбыў пад Смаленск з надзвычай пышным і прыгожым войскам, як з жаўнераў, так і з дворскіх ды панскіх атрадаў, якіх было нямала, а таксама валанцёраў. Усё войска налічвала 12 000, апрача пяхоты, запарожскіх казакоў і літоўскіх татараў.

А якую карысць і паслугу атрымаў ЯМ кароль ад тых атрадаў і валанцёраў, тое спазналі на сабе літоўскія краі і Белая Русь, дзе яны прычынілі вялікую шкоду пераходамі з месца на месца; спазнала і найманае войска, якое даволі хутка пачало галадаць, бо захопленае быдла часта і вялікімі статкамі яны пераганялі праз мяжу. Спазнаў і сам кароль, якога яны пакінулі з адным найманым войскам і, не затрымліваючыся, з вялікім палонам і здабычай вярнуліся назад».

Слова «свавольства», пад якім Маскевіч разумее адсутнасць дысцыпліны, а часам і проста сумлення, часта будзе трапляцца ў яго дзённіку. Яно, паводле Маскевіча, было адной з прычын стратэгічнай паразы ліцьвінаў і палякаў у Масковіі. Напрыклад,

за свавольства жыхары маскоўскага гарадка Рослаўя садзяць на кол Тамаша Надольскага — шляхціца, прызначанага кіраваць горадам пасля здачы каралеўскаму войску. І не відаць, каб гэты факт выклікаў у Маскевіча абурэнне.

 

Маскоўскія прымхі

«У пытанні веры сярод простага люду пануе вялікае невуцтва, — адзначаў пратэстант-кальвініст Маскевіч.

— Калі кароль падышоў да Смаленска, навакольны люд пачаў уцякаць з быдлам у лясы, беручы з сабой з дому і абразы, на якія ўскладае празмерныя спадзяванні. Таму калі нашыя, шукаючы ў лесе спажывы, натрапілі на іх і адабралі быдла,

яны, гневаючыся на абразы, на знак ганьбы паразвешвалі іх на дрэвах дагары, кажучы: «Мы молімся вам, а вы нас ад Літвы не ўбераглі».

Маскевіч пасмейваецца з маскоўскіх прымхаў, але ў іншым месцы дзённіка гэты асвечаны прадстаўнік заходняй культуры сам мала лепшы. Напрыклад, усур’ёз апісвае выпадак, як па пана Бразіцкага прыехалі два д’яблы на фурманцы чацверыком, каб везці яго ў пекла. Або піша пра «зачараваны агонь»: «Пахолкі падпалілі адзін дом, які ніяк не хацеў узгарацца (я ўпэўнены, што агонь быў зачараваны, бо і другім, і трэцім, і дзясятым разам было тое самае): тое, чым падпальвалася, згарае, а дом — цэлы».

 

Дзеючы звыш чалавечай натуры

Чым былі цяжкаўзброеныя гусары ў тагачасным войску Рэчы Паспалітай? Нечым накшталт танкавых аддзелаў ХХ стагоддзя. Гэта яны жалезным кулаком разбівалі варожыя шэрагі. Гэта іх слава грымела ад Швецыі да Турэччыны. Маскевіч паказвае, як насамрэч выглядала служба ў гусарскім аддзеле.

«Ішлі мы з ачоленай ротмістрам харугвай да таго вялебнага Рослаўя праз лясы-балоты, дзе рэдкая птушка пралятае; там ад празмернага мноства жамяры (а колькі розных дробных мушак!) дохлі нашыя коні. Пераплылі мы дзве ракі. Заняўшы Рослаўе мы, насуперак чаканням, не знайшлі вялікай спажывы і за высілкі нашы не атрымалі ўзнагароды».

Адзнакай маскоўскага паходу было тое, што ўвесь час даводзілася сутыкацца з істотна большым колькасна варожым войскам:

«Процьма незлічоная, страшна на яе было глянуць пры мізэрнай лічбе нашага войска!

Гетман, звярнуўшыся да нас і падаўшы прыклады несмяротнай славы, загадвае рушыць на непрыяцеля; следам капланы, раз’язджаючы па палках, дабраслаўляюць…

Хай тыя распавядуць падрабязней, хто толькі назіраў, а мне было цяжка, бо свой пот аціраў…»

 «Няма на што спадзявацца, толькі ў ласцы Найвышэйшага заставалася вікторыя, які па Сваёй святой міласэрнасці паспрыяў нашым людзям, бо ў частых бітвах і сутычках з непрыяцелем паменшаў наш рыштунак і аслабелі сілы; коні нашы знясілелі, а воі, несупынна б’ючыся — ад золку летняга дня да абеду — па 5 гадзін, збылі ўжо і моц, і ахвоту, дзеючы звыш чалавечай натуры.

Тое найбольш нас трымае, што перабываем пасярод непрыяцельскай зямлі і маем перад сабой такі тлум лютага ворага, ад якога немагчыма адбіцца, у якога нельга ўпрасіць літасці — спадзяванне было толькі на Божую ласку, удачу ды ўласныя рукі. Часта паўтараючы гэта адзін аднаму, дадавалі мы сабе ахвоты і адвагі».

Магчыма, ёсць нейкая доля перабольшання ў аповедах, як 700 гусараў сутыкаліся з 4 тысячамі і перамагалі. Але ёсць і доля праўды. «Кожны гусар — хвалько, але не кожны хвалько — гусар», — казаў у свой час грузінскі князь на рускай службе Баграціён.

 

Крымгарад

Цікава апісвае Маскевіч уваход аддзелаў Рэчы Паспалітай у Маскву: «9 octobris,

мы ціха ўвайшлі ў Сталіцу, распусціўшы войска ў беспарадку, каб маскоўцы не даведаліся пра нешматлікасць нашага войска».

Пра сталіцу Масковіі (ён называе яе проста — Сталіца) Маскевіч піша з захапленнем. Яго ўражваюць багацце, размах, здольнасці тутэйшага люду.

Масква ў 1610. Тагачасны план.

Масква ў 1610. Тагачасны план.

«Кожны рамеснік — выдатны, вельмі добры і такі кемлівы, што хаця б нечага і ад нараджэння не бачыў і не рабіў зірнуўшы раз, так хораша зробіць, нібы на тым узрос,

і асабліва турэцкія рэчы: чапракі, збрую, сёдлы, шаблі, пазалочаныя рэчы — не горш як у самой Турэччыне…

…можна шмат пісаць, але немагчыма перадаць усё: як шмат крам, якіх налічваецца 40 000; які тут пануе вялікі парадак

(кожнаму купецкаму тавару адведзена асобнае месца, кожны рамеснік, нават найдрабнейшы, працуе ў краме, нават цырульнік голіць у сваёй краме)».

Усё гэта пайшло агнём. «Усчалася барацьба спачатку ў Кітайгарадзе, дзе хутка выразалі купецкі гандлёвы люд», — напіша ён праз нейкі час.

Беларуска-польскія аддзелы асталяваліся ў Крамлі, які Маскевіч паслядоўна называе Крымгарад: «Царскія палаты знаходзяцца ў Крымгарадзе. Кожны цар, заняўшы пасад, перабудоўвае палаты на свой густ, разбурыўшы ранейшыя».

У слове «Крымгарад» спалучаюцца цюркскі і славянскі корані («крым» — абарона, роў, умацаванае месца). Сімвалічна: тыя ж карані ляжаць у аснове маскоўскай дзяржавы.

Правіянт у абмен на хлусню

Маскевіч часам маралізуе, але не спрабуе прыхарошваць сябе. Напрыклад, шчыра апісвае, як падманваў маскоўскага баярына Галавіна:

«Я ж ведаў у Жамойці ўдаву Галавіну… была яна жонкай яго роднага брата, які перабраўся з Масквы. Гэтая аказія дала мне падставу пазнаёміцца з ім: прыдумаўшы шмат такога, што магло б прыдацца для завязвання такога знаёмства, адправіўся да яго.

Там не хацелі мяне і ў вароты ўпусціць, пакуль не сказаў, што маю нешта распавесці яму пра брата, які ў Літве. Масковец быў дужа рады, распытваючы то пра маёнткі, то пра жыццё-быццё, то пра ацалелых дзяцей. Я ж, нічога не ведаючы, выдаваў свае выдумкі за дакладныя звесткі. Ад таго часу мы пакуміліся і пасябравалі, што прынесла мне вялікую выгоду,

бо я часта бываў з таварыствам у яго на абедах; апрача таго, ён пастаянна дастаўляў мне правіянт — усё, што б ні прывозілася яму з поместья».

Сваё сяброўства два рыцары паставілі вышэй за дзяржаўныя інтарэсы сваіх краін:

«Падчас даверлівых размоў я папрасіў яго папярэдзіць мяне, калі раптам маскоўцы ўздумаюць бунтаваць; ахвотна мне тое паабяцаў, папрасіўшы наўзамен таксама папярэдзіць, калі нашыя нешта задумаюць».

Часта сённяшнія інтэрпрэтатары гісторыі забываюцца, што этнічны ці дзяржаўны нацыяналізм — досыць нядаўнія з’явы. А да таго былі станы і касты:

«Мы пасылалі чаляднікаў за Волгу па правіянт. Праз тры тыдні прывезлі нам вялікае мноства правіянту. Тады ж чаляднікі прывялі да мяне малога хлопчыка, званага Патапам. Я назваў яго Язэпкам і аддаў вучыцца на цымбалах». Прасцей кажучы, Маскевіч прыдбаў сабе новага раба-музыку.

 

Жонку гаспадара трэба пацалаваць

Маскевічу ўдалося пабываць на вяселлі «ў значных вяльможаў» Масквы, якое ён падрабязна апісвае. «Жаніханне ў іх адбываецца амаль па-жыдоўску: юнак не бачыць дзяўчыны, іншы пабачыць толькі падчас шлюбу», — адзначае ён.

Маскавіты. Гравюра XVII ст.

Маскавіты. Гравюра XVII ст.

Таксама звяртае ягоную ўвагу строгая адасобленасць мужчын ад жанчын.

«Звычай там наступны: у асобным пакоі мужчыны, у асобным жанчыны.

У кожным вялікае мноства страў накшталт поліўкі; а падаюць стравы на патэльні, пастаўленай — дзеля зручнейшага падагравання стравы на вуголлі — на выбеленую з абодвух бакоў міску. Прынёсшы патравы, не ставяць на стол усе адразу, а паставяць і з’ядуць адну, затым — другую і трэцюю, і так да апошняй; тым часам прынесенае трымаецца ў руках».

Жанчыны адасобленыя не толькі за сталом. У маскоўскіх сем’ях жаночыя пакоі — закрытыя для чужых, як у мусульманаў:

«…яны публічна не канвексуюць з жонкамі і жанчынамі і не дазваляюць ім нідзе паказвацца на людзях, апрача царквы.

І таму кожны баярын, нават жывучы ў Сталіцы пры цары і маючы свой дом, павінен мець для жонкі царкву непадалёк ад дому, а на ўрачыстае свята едзе ў вялікую царкву, дзе адпускаюцца грахі. Туды едзе ў колымаге, закрытай з усіх бакоў…

Пакоі для жанчын размяшчаюць у тыльнай частцы свайго жытла… яны зачыняюцца ключом гаспадара, мужчын туды не пускаюць.

Калі гаспадар рады госцю ў доме, то загадвае з’явіцца жонцы і дзецям, якую замест прывітання абавязкова трэба пацалаваць, бо alias абражаецца».

Фіксуе ён і павевы тагачаснай жаночай моды: « Усе жанчыны наогул накладваюць бялілаў і лічаць, што гэты звычай прадпісаны верай; і ніводная не выйдзе на людзі не наклаўшы бялілы, уважаючы тое за смяротны грэх і ганьбу».

 

Сур’ёзныя людзі не танцуюць

«Падчас сваіх банкетаў не маюць ніякай музыкі для забавы, таксама смяюцца з нашых танцаў і лічаць танцы непрыстойным для пашанотнага чалавека заняткам.

Маюць камедыянтаў, або так званых шутов, якія забаўляюць іх то размаітымі маскоўскімі танцамі, часам вырабляючы як акрабаты, то надзвычай непрыстойнымі песенькамі, і яны, седзячы пры стале, маюць з таго забаву.

А часам, пераймаючы наш звычай, загадвалі граць на лерах; а тая лера накшталт скрыпкі, толькі замест смыка пасярэдзіне прымацавана колка:

адной рукой круцяць яго знізу і кранаюць струны, другой прыціскаюць клавішы, якіх на шыйцы з дзясятак… Аднак жа ўсё ў іх граецца і прыпяваецца на адну ноту.

Пра танцы нашыя кажуць так: ходзяць па пакоі, шукаючы, чаго не згубілі, удаюць вар’ятаў, а яшчэ больш блазнаў. «Шаноўны ж чалавек, — кажуць, павінен сядзець на сваім месцы і, пазіраючы на выкрунтасы шута, весяліцца, а не самому быць шутом для іншага».

Цікава, што чатырыста гадоў таму колавая ліра (лера) падалася Маскевічу дзіўным і цалкам маскоўскім музычным інструментам. У ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя лірнікі былі натуральнай беларускай з’явай.

Лірнікі ў Слуцку, пачатак ХХ ст.

Лірнікі ў Слуцку, пачатак ХХ ст.

«У прыстойнага чалавека забаляць вушы»

Гэта не адзіны раз, калі Маскевіч згадвае пра непрыстойныя песні. Яны былі звычайным элементам вялікіх свецкіх мерапрыемстваў:

«Потым з дальняга пакоя, дзе сядзяць жанчыны, выходзяць некалькі хораша прыбраных жанчын, якіх яны называюць дворянкамі (гэта жонкі іх слугаў), і становяцца пры дзвярах, пры канцы стала, дзе сядзяць госці, ды пачынаюць свае жарты ім на забаву: спачатку разнастайныя прыгаворкі, выкшталцоныя показкі, потым песенькі.

Аднак ад слухання ўсяго, што гаворыцца і спяваецца, у прыстойнага чалавека забаляць вушы, бо ні пра што іншае не гавораць, ні пра што іншае не спяваюць, як толькі пра самае распуснае, самае брыдкае і самае бессаромнае. Дужа падабаецца ім тое, і такая вялікая з таго ім радасць!»

 

«Гісь, гісь, гісь!»

Сярод дзіваў Масквы наваградскі шляхціц апісвае ізвозчіка. «На замкавым рынку заўсёды стаяць да 200 ізвозчіков, то бок мужыкоў з аднамеснымі санямі, у якія ўпрэжаны адзін конь. Калі хтосьці мае патрэбу кудысьці паехаць, бо места раскінулася шырока, то палічыць за лепшае заплаціць грош, як ісці пешшу: фурман нясецца як шалёны і голасна не перастаючы крычыць: «Гісь, гісь, гісь!», а народ расступаецца перад ім.

Маюцца вызначаныя месцы, дакуль давозіць за грош, і, даехаўшы туды, стаяцьме, пакуль не дасі яму яшчэ адзін».

 

Выпіў? У турму!

Маскевіч абвяргае некаторыя пазнейшыя стэрэатыпныя ўяўленні пра маскавітаў. Напрыклад, яго маскавіты зусім не п’юць:

«Трымаюцца поўнай цвярозасці, строга патрабуючы яе ад вяльможаў і грамады. П’янства забаронена, таму па ўсёй Масковіі няма корчмаў, нідзе не прадаецца ні піва, ні гарэлка…

А каго ўгледзяць п’янага, таго адразу кідаюць у бражную турму. Праз некалькі тыдняў можа быць адпушчаны пасля заступніцтва». Калі чалавек трапляўся падшафэ другі і трэці раз, яго лупцавалі бізуном. А як не дапамагала — маглі і згнаіць у турме.

Нашы продкі паўстаюць з дзённіка Маскевіча большымі п’яніцамі, чым маскоўцы.

Вось як ён апісвае абставіны смерці свайго брата Даніэля, з якім разам служыў у Маскве: «Брат, пан Даніэль, якога за ўвесь час перабывання ў Сталіцы ні разу не падводзіла здароўе, як толькі перайшоў мяжу, адразу занядужаў. Хворы прыехаў у Сэрвач да пані маці і хворы вярнуўся ў войска; з тае хваробы ўжо і не выбраўся… Прычына яго смерці бачыцца мне ў перамене паветра: ужо быў абвыкся ў Маскве, здароўе яго не падводзіла. Магчыма таксама, што падарваў здароўе гарэлкай, і вось якім чынам. Перабываючы ў Барысаве, за дзве мілі ад Мажайска… будаваў ён сабе шалаш.

На ўлазіны пры закладцы жытла прыйшлі да яго таварышы… і так спачатку пілі патроху, а потым — па паўкварты адным махам; неўзабаве ўсе зваліліся з ног.

Застаўся толькі брат і нейкі Нядзведскі з роты Каліноўскага, які прапанаваў, што ў выпадку, калі адзін з іх занядужае, другі, мацнейшы, мае пра яго клапаціцца і трымаць напагатове цырульніка і ксяндза.

І так напіліся абодва, што той зваліўся як мёртвы… пратрымаўся да заўтра, але душа ледзь у ім ліпела… цырульнік застаў ужо нябожчыка, якога брату давялося і хаваць. Хоць сам застаўся жывы, але тое страшэннае піццё не магло не падарваць яму здароўя».

 

Навукамі займацца нельга, каб не быць разумнейшым за цара

Агулам, строгасць маскоўскіх законаў звяртала на сябе ўвагу.

«Кожны, хто едзе ўначы без агня, уважаецца за злодзея, здрадніка або шпіёна. Каго зловяць, адразу кідаюць у турму, з якой рэдка хто выходзіць».

Дзіка выглядала ў вачах Маскевіча і мясцовая адукацыйная палітыка, цесна звязаная, як часам бывае, з дзяржаўнай ідэалогіяй: «Таксама не існуе там ніякага занятку навукамі, бо яны забаронены. А ўсё дзеля таго, каб не знайшоўся хтосьці мудрэйшы за цара, каго мір (то бок грамада) прыняў бы за Гаспадара, пагардзіўшы папярэднім, бо ў іх мір можа многае».

А наступная гісторыя, якую расказаў яму баярын Галавін, можа быць і пра Скарынавы кнігі, згодна з легендай, спаленыя ў Маскве:

«Распавядаюць, за таго Тырана (Івана Жахлівага), што наш купец прывёз туды воз муніцый — пра тое я чуў ад баярына Галавіна. Загадаў цар частку тых кніг прынесці да сябе (на іх думку, былі яны замудрыя, бо і сам цар нічога ў іх не разумеў): баючыся, што людзі пачнуць у іх разбірацца, загадаў даставіць усё да сябе ў замак і, заплаціўшы колькі хацеў купец, кінуў у агонь.

Іван Жахлівы выкупіў заходнія кнігі, якія збіраўся спаліць.

Іван Жахлівы выкупіў заходнія кнігі, якія збіраўся спаліць.

Асобныя з іх давялося мне пабачыць у Галавіна, які распавёў, што меў роднага брата, вельмі здольнага да замежых моў, але яму нельга было навучацца ім publice, таму тайна трымаў немца, якіх у Маскве нямала».

А сённяшнія рэпетытары яшчэ скардзяцца, што ім цяжка жывецца.

 

Сусанін з Вішанкі

Водгулле яшчэ адной легенды знаходзім у Маскевіча. Пазнаеце самі:

«Схапілі мы ў вёсцы Вішанка (пад Мажайскам) старога селяніна і ўзялі яго за правадніка, каб абысці Волак. Ён правёў нас у мілі ад Волака, дзе стаяў моцны непрыяцель, а ўначы знарок павярнуў да Волака. Былі мы ўжо менш як за вярсту ад яго, але на шчасце сустрэлі Рудскага, які, правёўшы да самых сцен Волака таварышаў, адпраўленых са Сталіцы, вяртаўся ў Рузу, дзе стаяў са сваёй казацкай ротай. Ён развярнуў нас, бо мы ледзь не прыйшлі ў рукі непрыяцеля па сваёй волі. Селяніну знялі галаву, але страху нішто не аплаціць!»

Іван Сусанін ды і толькі, адно што «палякі» насамрэч шукалі дарогі не ў Маскву, а дадому, скончыўшы маскоўскую службу.

 

Вам добрая ваша воля, а нам — наша няволя

Маскевіч фіксуе розніцу палітычных сістэм Рэчы Паспалітай і Масковіі, якая з часам аформілася ў цывілізацыйную розніцу між Захадам і Усходам у стаўленні да правоў асобы. Вось толькі цывілізацыйная мяжа за чатырыста гадоў пасунулася на захад за кошт беларускіх земляў…

«У гутарках з імі нашы ўслаўлялі волю, раілі дамагацца яе, з’яднаўшыся з намі.

Але яны адказвалі проста: «Вам добрая ваша воля, а нам — наша няволя. Ваша воля, — казалі, — гэта сваволя, бо ў вас багаты прыгнятае бяднейшага, ён можа пазбавіць яго маёмасці і забіць яго самога. І перш, чым па вашым законе даможашся справядлівасці, праміне больш дзесяці гадоў; а іншага і не пакараеш.

У нас, — кажа, — найбольшы баярын не можа нічога зрабіць найбяднейшаму, бо па першай скарзе цар мяне ад яго ўратуе. А калі сам цар прычыніць мне якую несправядлівасць, то яму дазволена як Богу: ён і карае, і мілуе.

Мне лягчэй зносіць пакаранне ад цара, уладара ўсяго свету, чым ад свайго брата».

 

Солнце праведное, светіло руское

Маскевіча да глыбіні душы ўразіла стаўленне маскоўцаў да свайго цара: «Яны ўпэўненыя, што ў цэлым свеце няма пад сонцам больш вялікага манарха, чым іх цар, якога ніхто і ніколі не адолее, і таму называюць яго солнце праведное, светіло руское». Як тут параўнаць з норавамі шляхты Рэчы Паспалітай, якая патрабавала ад караля грошай за службу:

«6 ianuarii — паводле наказных лістоў — заканчваўся тэрмін нашай службы. Даручылі мы сваім прадстаўнікам паведаміць да гэтага часу ЯМ каралю пра нашу адмову ад далейшай службы і ўносіць пратэстацыі ў гродскія суды, што больш не можам служыць, што не ў прыродзе чалавека цярпець голад, холад, без грашовага забеспячэння і надалей супрацьстаяць ворагу».

Наўрад ці маскоўскія ваяводы маглі сабе дазволіць такую вольнасць у стаўленні да «свяціла».

 

«Давалі нам дыхту»

Па меры разгортвання канфлікту досыць мірнае суіснаванне з маскоўцамі змянілася вайсковымі дзеяннямі проста ў Сталіцы і каля яе сценаў. Шляхецкая «сваволя» адыграла ролю ў азлабленні маскоўцаў супраць беларуска-польскіх аддзелаў, хоць за яе і каралі жорстка, па законах тых часоў:

«Быў нейкі Блінскі. Той, напіўшыся, стрэліў некалькі разоў у абраз Найсвятой Багародзіцы, намаляваны на муры… Яго асудзілі на смерць і, адцяўшы рукі, кінулі ў вогнішча і спалілі на стосе перад той самай брамай.

…Таксама адзін пахолак гвалтам звёў дачку ў баярына, які вяртаўся з ёю і жонкай з лазні… Калі вінаватага судзілі ў коле, некаторыя патрабавалі асудзіць яго па нашым законе на смерць, аднак Бабоўскі ўнёс прапанову судзіць згодна з маскоўскім правам… Яго высеклі кнутом на вуліцы, а хлоп і рады, што галавы не адсеклі; маскоўцы таксама засталіся задаволеныя».

Калі Масква паўстала супраць «літвы», пачаліся баі проста на вуліцах. Маскевіч апісвае, як масквічы крэатыўна выкарыстоўвалі барыкады:

«У Белым горадзе нам быў аказаны моцны супраціў… паздымалі з вежаў палявыя гарматы і, расставіўшы па вуліцах, давалі нам дыхту.

Толькі мы кінемся на іх з коп’ямі, а яны мігам загародзяцца, маючы напагатове сталы, лаўкі, драўляныя калоды. Мы, жадаючы выманіць іх з загароды, удаём адступленне, а яны, несучы ўсё тое ў руках, прасоўваюцца за намі.

І толькі западозраць, што нашыя разварочваюцца на іх, імгненна перагародзяць усю вуліцу і з-за тых загародак б’юць з ручніц, а мы нічога не можам ім зрабіць. Тым больш адусюль — зверху, з акон, з-за платоў — цалялі па нас то з самапалаў, то каменнем».

 

Механіка вайны

Агулам, тактыцы вайсковых дзеянняў прысвечаная не адна старонка дзённіка. Яны дапамагаюць уявіць логіку дзеянняў вайсковых прафесіяналаў таго часу, папросту «улезці ў галаву» чалавеку XVII стагоддзя:

«Калі было загадана адступаць, Кавальскі, які нёс харугву, чалавек адважны, не зважаючы на малы experient, замест таго, каб развярнуць каня на месцы (а ўслед за ім тое павінны быў зрабіць кожны таварыш і пахолак, і тады заднія шэрагі пайшлі б на непрыяцеля, а пярэднія засталіся б ззаду, пры харугве, для зручнейшага адпору непрыяцелю, калі б той пайшоў у атаку), развярнуў усю шарэнгу на вачах непрыяцеля, які, думаючы, што мы адступаем, акрыяў духам і рынуў усім натоўпам за намі. Наш харужы паварочваецца да іх, даем трохі непрыяцелю прачуханца. Але што з таго, калі ўвесь натоўп сунецца на нас, а харугвы, якія павінны былі нас узмацніць, спешна адступаюць і ніхто нават не азірнецца?..

У той бітве з нашай харугвы было забіта 5 таварышаў, а Захарыю Заруцкага ўзялі ў палон. Пахолкаў палегла з дзясятак».

А колькі такіх выпадкаў было абгаворана за куфлем у наваградскай карчме ветэранамі тых паходаў!

Як во гэты досыць брутальны кур’ёз:

«Таварышы перабраліся да нас у Крымгарад. Казацкі ротмістр Рудніцкі абраў сабе ў цэйхгаўзе пусты склеп, порах з якога быў ужо скарыстаны; хочучы там пасяліцца, загадаў хлопцу прынесці свечку, каб агледзецца, ці нельга дзе раскласці агонь, бо ўжо надыходзілі халады.

І як толькі ўпала іскра, мігам заняліся рэшткі пораху, што нападалі там на зямлю, — было іх амаль на пядзю, бо порах тут складваўся амаль сто гадоў, ад часу пабудовы склепа, які ніколі не вычышчаўся. Выбухам выкінула ўсіх, хто там быў, лікам 18; больш за ўсіх пацярпеў сам Рудніцкі, якога не маглі сабраць па кавалках.

Але двое з іх ліку засталіся цэлыя і здаровыя: хоць іх высока падкінула, але на зямлю яны ўпалі без цялесных пашкоджанняў».

 

Фатальная капуста

Вайна вайной, а есці хочацца. Згадкі пра тое, што і як елася і пілося ў Масковіі — сярод самых каларытных у дзённіку.

Во як Маскевіч апісвае адзін з паходаў па правіянт для маскоўскага гарнізона:

«Мы стаялі на самым беразе Волгі, у вёсцы, што называлася Родня.

У мясцовых сялянаў не было іншай павіннасці, акрамя пастаўкі капусты на царскую кухню. Таму амаль у кожнага мы знайшлі па 2—3 закладзеныя кадушкі бялюткай капусты, і такой харошай, якой у нас знойдзеш рэдка або і зусім не знойдзеш: квашаная качанамі, з анісам і каляндрай, настолькі смачная, што мы не маглі ёй задаволіцца.

Але тая капуста выйшла нам бокам: даведаўшыся, што мы стаім без аховы, маскоўцы напалі на нас сярод белага дня, лыжнікі і вершнікі».

Лыжнікі асабліва даліся ў знакі: па глыбокім снезе дзейнічаць супраць іх конна было цяжка, давялося ўцякаць.

Маскоўскія лыжнікі. Гравюра з трактата падарожніка Герберштэйна.

Хворых чаляднікаў Маскевіча, якія не маглі бегчы, «адна добрая маскоўка схавала іх у лазні пад пол». І яе суайчыннікі іх не знайшлі.

 

Кодэкс марадзёрства

Пытанне вайсковай здабычы было адным з галоўных для тагачасных ваякаў. Існавалі пэўныя правілы, згодна з якімі падраздзяленне дзяліла захопленае. Інакш ваякі перарэзалі б адзін аднаго.

«Ужо да вечара першага дня мяцяжу не засталося ніводнай цэлай крамы. Адны біліся, а іншыя рабавалі, таму ўсе павінны былі зносіць рэчы на майдан. Усе таварышы і рота пахолкаў, па прынятым у войску парадку, складалі ў коле прысягу перад тым таварышам, які быў абраны прадаваць рэчы (а ў кожным палку быў асобны майдан). У нас быў Андрэй Русецкі, таварыш нашай роты. Быў вызначаны наступны парадак продажу тых рэчаў: кожны таварыш меў права купіць рэч за палову цаны ад той, што даў бы купец або шынкар.

Хто-ніхто, нават і з таварышаў, хоць і прысягалі, не аддавалі ўсяго, за што некаторых Госпад Бог моцна пакараў».

Тое-сёе назапасіў і Маскевіч, аднак усё яго дабро — золата і каштоўныя камяні і трохі жэмчугу — «забраў д’ябал»:

«Паклаўшы гэта ў малую шкатулу, што стаяла пад ложкам, я адправіўся з таварыствам насустрач пану літоўскаму гетману, які збліжаўся да Сталіцы; тым часам пахолак майго брата пана Даніэля, немец Якаб, украў гэта ўсё ў мяне разам са шкатулай і прабраўся праз мур, да маскоўцаў.

…Тое, чым быў гатовы ахвяраваць, пакідаючы яго ў паходах на вазах, а на пастоі ў клеці, падалей ад сябе — усё ацалела, нават доўгі адзежны куфар, складны ложак, з якім я аб’ездзіў усю Масковію і якія вывез у цэласці. А вось што лепшае — засталося там», — уздыхаў, пэўна, пішучы, гусар.

Маскевіч быў у ліку тых, хто, абурыўшыся, што кароль не плаціць за службу, склаў канфедэрацыю і пайшоў з Масквы дамоў.

Лёс збярог яго: таварышы, што засталіся ў Маскве, зведалі страшны голад.

Самуэль пражыў больш як 60 гадоў, у роднай Сэрвачы фундаваў уніяцкую царкву, быў земскім пісарам, навагрудскім падваяводам, напісаў «Дыярыуш»… Але не раз і не два, відаць, прахопліваўся ўначы, прысніўшы сваю маладосць і маскоўскі паход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?