Грузінскія вайскі абрынулі агонь на Цхінвалі

Грузінскія вайскі абрынулі агонь на Цхінвалі

 Грузінскія вайскоўцы на пазыцыях у Паўднёвай Асеціі

Грузінскія вайскоўцы на пазыцыях у Паўднёвай Асеціі

Уначы з чацьвярга на пятніцу грузінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыі, што ад 1992 году не падпарадкоўваліся Тбілісі. Гэтаму папярэднічаў тыдзень узаемных абстрэлаў і абвінавачваньняў.

Напярэдадні апэрацыі прэзыдэнт Грузіі Міхаэл Саакашвілі выступіў з поўным драматызму заклікам да спыненьня канфлікту і аднаўленьня цэласнасьці Грузіі.

У тэлезвароце ён прапанаваў лідэрам Паўднёвай Асеціі «неадкладна спыніць агонь і распачаць перамовы». Ён паабяцаў ім аўтаномію ў складзе Грузіі і сказаў, што Расея магла б выступіць гарантам такой аўтаноміі.

Ніякага адказу з Цхінвалі, вядома, не было — асяціны ўжо 16 гадоў настойваюць на аддзяленьні ад Грузіі і пераходзе ў склад Расеі.

За некалькі хвілінаў да поўначы Грузінскае ТВ абвесьціла аб пачатку «апэрацыі па аднаўленьні канстытуцыйнага парадку».

Паводле зьвестак грузінскага тэлебачаньня, войскі Грузіі рыўком занялі 11 сёлаў і вышыні над Цхінвалі.

Асяцінскія пазыцыі былі зьмятыя. Зацяты бой разгарэўся толькі ў паўднёвай частцы гораду, дзе супраць грузінскіх войскаў адкрыта выступілі расейскія міратворцы. Ужываліся танкі і артылерыя.

Інфармацыя з поля баёў даходзіла супярэчлівая. Мяркуючы па ўсім, грузінскія вайскоўцы сваім агнём цалкам зьнішчылі абарончую інфраструктуру Паўднёвай Асеціі. Грузінскія войскі паказалі, што іх баяздольнасьць рэзка вырасла за апошнія гады.

У Цхінвалі жыве каля 30 тысяч чалавек — прыкладна як у райцэнтры памерам з нашу Бярозу.

У цэлым падаецца, што грузінскі рэйд застаў Крэмль зьнянацку.
Шапказакідальніцкія настроі зьмяніліся ў Маскве некаторай разгубленасьцю. Мядзьведзеў не рэагаваў на сытуацыю. І толькі прэм'ер Расеі Пуцін заявіў уранку ў пятніцу, што «агрэсія Грузіі атрымае адказ».

Пад абед з боку мяжы да Цхінвалі рушыла калёна расейскай бранятэхнікі ў складзе ста адзінак. Спачатку Пуціным было заяўлена, што на танках і бронемашынах на падмогу асяцінам рухаюцца «добраахвотнікі». Аднак пасьля Паўночнакаўкаская вайсковая акруга абвесьціла, што гэта групіроўка расейскіх войскаў, выпраўленая на падмацаваньне міратворчых сілаў.

Пры набліжэньні расейскае калёны грузінскія часткі адышлі ад Цхінвалі.
Калі 14-й гадзіны дня грузінскія часьці вярнуліся на свае пазыцыі ў раёне гораду Горы.

Перад будынкам штабу расейскіх міратворцаў засталіся дагараць два грузінскія танкі, падбітыя зранку расійскімі часьцямі, што пастаянна дысьлякаваліся ў Асеціі, маючы статус міратворцаў. Вядома, што сярод расейскіх вайскоўцаў таксама ёсьць забітыя і параненыя.

Сам горад палыхае, пажары ніхто ня гасіць. У жорсткіх баях разбураная большая частка жылога фонду. Колькасьць ахвяраў невядомая, але пэўна, што гаворка ідзе пра дзясяткі чалавек.

Грузія таксама зьвінаваціла Расею ў парушэньні паветранае прасторы. Паводле зьвестак Грузінскага ТВ, расейскія самалёты бамбілі пазыцыі грузінскіх войскаў у Горы і вайсковую базу Вазіяні пад Тбілісі — на якой базуюцца таксама амэрыканскія вайсковыя інструктары. Грузія заявіла аб зьбіцьці двух расейскіх самалётаў, аднак інфармацыя не была пацьверджаная дакумэнтальна. Пад вечар зьявілася інфармацыя, што

расейскія самалёты нанесьлі новы ўдар па вайсковай базе ў горадзе Марнэулі на поўдзень ад Тбілісі. 4 чалавекі загінулі.

Са словаў Саакашвілі, ахвяры ёсьць і ў Горы, дзе расейскія самалёты нанесьлі ўдар па жылых кварталах і рынку.

Расія пайшла на беспрэцэдэнтны крок — паслала войскі ў суседнюю краіну, пасьля таго як дыпляматычныя крокі Крамля сустрэлі халодную рэакцыю Захаду. Рада бясьпекі ААН не прыняла ніякага рашэньня па сытуацыі ў Паўднёвай Асеціі. Тэрміновае паседжаньне было скліканае сёньня ўначы на просьбу Расеі, але іншыя сябры Рады не падтрымалі расейскіх прапановаў.

На паседжаньні Грузія цалкам усклала віну за абстрэлы на паўднёваасяцінскі бок. Гэта заявіў на Радзе Бясьпекі ААН сталы прадстаўнік Грузіі пры ААН Іраклі Аласанія. «Мы заклікаем лідэраў сэпаратыстаў спыніць ваенныя дзеяньні», — заявіў ён. Ён таксама заклікаў Расею спыніць правакацыі і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Грузіі.

Асяцінская армія складаецца зь мясцовых людзей, але таксама з добраахвотнікаў з Расеі. У Цхінвалі прыбыў таксама кіраўнік расейскай аўтаноміі Паўночная Асеція Таймураз Мамсураў.

Прадстаўнік Паўднёвай Асеціі ў Маскве запрасіў сёньня ў Расеі тэрміновай вайсковай дапамогі. Пасьля гэтага Пуцін у Пэкіне заявіў: «пачалася вайна».

Як вядома, Асеція раней прасілася ў склад Расеі. Гэта дало Тбілісі дадатковыя падставы лічыць, што яно мае справу не з аўтанамісцкім рухам, а з закамуфляваным расейскім умяшаньнем.

ЗША і Эўрасаюз заклікалі неадкладна спыніць баявыя дзеяньні.

Спроба Тбілісі аднавіць свой кантроль над Паўднёвай Асеціяй стала першым значным выпрабаваньнем для новага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. І, трэба сказаць, што ад заяваў ён ухіляўся, галоўным голасам Расіі заставаўся Пуцін.

Па атрыманьні навіны аб бамбёжцы базы Вазіяні і ўступленьні расейскай бранятанкавае калёны ў Асецію Міхаэл Саакашвілі зьвярнуўся да ЗША з просьбай аб падтрымцы.

«Хачу зьвярнуцца да міжнароднай супольнасьці і да Расійскай Фэдэрацыі з заклікам — неадкладна спыніць бамбёжку Грузіі. Грузія не была ініцыятарам гэтай канфрантацыі, але Грузія не адступіцца сваёй тэрыторыі, — заявіў у чарговым тэлезвароце Саакашвілі. Ён аб'явіў таксама мабілізацыю рэзэрвістаў. — Мы баронім Грузію і нашу будучыню», — заявіў ён. «Тое, што адбылося, гэта вынік гістэрычнае мілітарысцкае прапаганды, разгорнутае расейскімі тэлеканаламі», — заявіў прэзыдэнт Грузіі, заклікаўшы Расею «супольнымі намаганьнямі спыніць гэтае шаленства».

Памочнік камандуючага сухапутнымі войскамі Расеі палкоўнік Канашанкоў, які знаходзіцца ў Паўднёвай Асеціі, заявіў увечары, што «грузінскія войскі знаходзяцца ў зоне паражэньня агнявых сродкаў 58-й арміі».

Увечары Грузія абвесьціла, што адклікае свае часткі з Іраку ў сувязі з ваеннай пагрозай краіне.

СМІ Расіі і Грузіі поўняцца прапагандысцкімі матэрыяламі на тэму канфлікту.

Так на нашых вачах яшчэ адзін рэгіён споўз да крывавага канфлікту.

Беларусь захоўвае нэйтралітэт у ацэнках сытуацыі. Старшыня камісіі па міжнародных справах савету рэспублікі нацыянальнага сходу Мікалай Чаргінец сёньня заявіў, што канфлікт можа быць вырашаны толькі праз скліканьне саміту СНД. Ён ня стаў ускладаць адказнасьць за праліцьцё крыві на якісьці адзін бок. МЗС Беларусі заклікаў да неадкладнага спыненьня агню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?