У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску сёньня разьбіралі справу Юрыя Лыншы — хлопца, які ішоў на чале калёны 26 лютага, калі ў Віцебску адбываўся «Марш недармаедаў».

Юры жыве ў Менску, у віцебскіх дэмакратычных колах пра яго ніхто ня чуў. Таму на «маршы», кажуць мясцовыя актывісты, яны былі зьдзіўленыя, калі высокі незнаёмец з рыжаватай бародкай пачаў выгукваць «крычалкі»: «Не — дэкрэту нумар тры, Лукашэнка, сыходзь», «Баста!» і гэтак далей. Калі людзі рушылі па вуліцы Леніна ў цэнтар гораду, невядомы пайшоў на чале калёны. У інтэрвію 27-гадовы Юры Лынша казаў, што жыве ў Менску, у Віцебск прыехаў адмыслова, што зьбіраецца стварыць уласную партыю, што падзяляе погляды прадстаўнікоў апазыцыі.

Пасьля імпрэзы Юрыя Лыншу затрымалі на чыгуначным вакзале і адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Тут ужо была затрыманая каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец, яна памятае гэтага хлопца ў пастарунку:

«Мяне забралі ў міліцыю проста з крамы, таму ў мяне аказаліся з сабой харчы. І я прапанавала Юрыю паесьці. Мы размаўлялі, гэта быў адэкватны хлопец. На нас абаіх складалі пратаколы паводле артыкула 23.34. Сёньня ён выглядаў трохі дзіўна: прыйшоў у суд з пабітым тварам. Праўда, патлумачыў, што гэта да справы адносін ня мае — што яго зьбілі за нейкія пазыкі. Судзьдзя Алеся Жарыкава перад разборам справы згадала, што сёлета ён прыцягваўся да адказнасьці пяць разоў — у тым ліку за хуліганства, і гэта таксама трошкі насьцярожыла. Але тое што давялося пачуць ад яго ў залі суду, мяне проста шакавала. І гэта яшчэ надта мякка сказана!»

За «Марш недармаедаў» на хлопца склалі пратакол паводле часткі 2 артыкула 23.34 — як на арганізатара несанкцыянаванай акцыі. Юры пачаў аспрэчваць гэта, расказаўшы суду абсалютна неверагодную для мясцовых жыхароў гісторыю:

«Я ня ведаю Віцебску, я прыежджы. Прыехаў раніцай, каб проста паглядзець горад. На вуліцы Фрунзэ мяне сустрэла жанчына год пад 50, у чырвона-карычневым паліто, і прапанавала зарабіць 50 рублёў. Сказала, што для гэтага мне трэба ўзяць бел-чырвона-белы сьцяг і вывучыць крычалкі для «Маршу недармаедаў». Я пагадзіўся, бо беспрацоўны. Яна накіравала мяне да ўнівэрмагу, дзе мяне сустрэў мужчына, які назваўся Аляксеем, ён даў мне бел-чырвона-белы сьцяг. У яго была вуда, мы пачапілі сьцяг і пайшлі да плошчы Перамогі, дзе зьбіраліся людзі».

Прысутныя ў залі суду людзі, якія прыйшлі падтрымаць Юрыя Лыншу, былі проста агаломшаныя: нічога падобнага ў Віцебску ня чулі.

Зьдзіўленьне прысутных стала яшчэ большым, калі судзьдзя прачытала пратакол затрыманьня. Аказваецца, пра «50 рублёў за ўдзел у акцыі» Юры Лынша казаў міліцыянтам яшчэ 26 лютага, адразу па затрыманьні.

Але на суд аповеды пра беднасьць і абяцаны заробак уражаньня не зрабілі: судзьдзя Алеся Жарыкава пакарала хлопца арыштам на 15 сутак. Гэтаксама як і іншых віцяблян, якіх міліцыя залічыла ва ўдзельнікі несанкцыянаваных імпрэзаў у Дзень Волі і 26 сакавіка.

Але ніхто з тых, каго раней вінавацілі за ўдзел у розных акцыях, ні разу не спасылаўся на нейкіх уяўных асобаў, гатовых заплаціць за выхад са сьцягам, абураецца Тацяна Севярынец:

«Нічога падобнага ў Віцебску ніколі не было! Словы Юрыя прагучалі як абраза ўсёй віцебскай дэмакратычнай супольнасьці! Вядома, гэта поўная лухта і выдумкі, што за ўдзел у акцыях нехта плаціць. Чаму ж міліцыя не шукае таго «Аляксея», які раздае сьцягі? Або жанчыну, якая абяцае першаму стрэчнаму 50 рублёў? Ясна, што гэта хлусьня! Але навошта так хлусіць хлопцу, які ішоў пад нашым сьцягам? Бел-чырвона-белы сьцяг — для кожнага беларуса гэта сьвятое, а Юры яго зганьбіў!»

Сам Юры Лынша пасьля суду заявіў журналістам, што ўсё прыдумаў — і пра жанчыну, якая абяцала заплаціць, і пра мужчыну, у якога ўзяў сьцяг. На пытаньне, навошта ён гэта зрабіў, адказаў каротка: «Так было трэба. У мяне складаныя жыцьцёвыя абставіны. Калі мяне затрымалі 26 лютага, то ў міліцыі на мяне націснулі». У той жа час, па ягоных словах, гісторыю з жанчынай, якая прапанавала яму 50 рублёў за бел-чырвона-белы сьцяг і «крычалкі», ён прыдумаў сам.

Дзіўным для актывістаў падалося і тое, што пасьля суду Юрыя Лыншу не забралі «на суткі» канвойныя міліцыянты. Пасьля працэсу да яго прыехаў начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса, і яны пра нешта доўга размаўлялі ў будынку суду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?