9 траўня: затрыманьні на флэшмобах

Менскіх студэнтаў Віталя (юркаледж), Алену (БНТУ), Андрэя (БДЭУ) затрымалі міліцыянты і супрацоўнікі ў цывільным падчас віншаваньня вэтэранаў у парку Горкага: ад іх патрабавалі паказаць дазвол на акцыю. У апорным пункце ў іх праверылі дакумэнты ды адпусьцілі праз 15 хвілінаў.

У Магілеве чатырох маладых сацыял-дэмакратаў (Сьвятлана і інш.), якія меліся віншаваць вэтэранаў, затрымалі за бел-чырвона-белыя стужкі й значкі «Свабода». Пратаколаў затрыманьня не складалі.

Увечары міліцыянты затрымалі 22 удзельнікаў флэшмобу, якія меліся прайсьці з запаленымі сьвечкамі ад цырку да Плошчы Перамогі, каб ушанаваць памяць вэтэранаў.

10 траўня: «Жыве Беларусь» на шыльдзе пасольства ў Маскве

Стала вядома, што крымінальная справа аб зьнікненьні Юр’я Захаранкі падоўжаная да 24 чэрвеня.

У Маскве 23-гадовы грамадзянін Беларусі Іванюковіч на шыльдзе пасольства Беларусі ў Расеі на Марасейцы напісаў чорным маркерам «Жыве Беларусь!» і «БТ хлусіць». На яго завялі крымінальную справу за «вандалізм», але адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. Хлопец працуе тэхнолягам у сталярнай кампаніі.

Каля плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) у Менску затрыманы старшыня АГП Анатоль Лябедзька: яго завезьлі ў міліцыю перад акцыяй памяці Юр’я Захаранкі. Перад акцыяй затрымалі Юлію Гарачку, а таксама моладзевую актывістку Любоў Кучынскую. Гэтую АМАПаўцы зьбілі, ды так, што яна трапіла ў шпіталь з гіпэртанічным крызам. Падчас самой акцыі затрыманыя Барысевіч, Грышэня, Зьміцер Панфілаў, Крысьціна Шацікава, Тацяна Дзядок, Вольга Жураўлёва, Генадзь Колтун, Сяргей Лысы, Канстанцін Вусянок, Зьміцер Шаўлюкевіч, Саблюкевіч, Андрэй Кім, Віталь Сімановіч, Аляксандар Савін, Павал Паўлоўскі.

11 траўня: суды за ўлёткі, ператрус у Хільмановіча

У Гомелі 20-гадовая моладзевая актывістка Аксана Сергіенка, арыштаваная на 15 сутак за распаўсюд 1 траўня ўлётак у абарону правоў працоўных, абвесьціла галадоўку. Яе засудзілі 6 траўня за «хуліганства».

У Віцебску 11 траўня пачаўся працэс супраць журналіста Вадзіма Баршчэўскага. Яго судзяць за знойдзеныя 31 сакавіка ў аўтамабілі 25 тыс. улётак «Народны кантроль» пра падзеі на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) у Менску. Суд, аднак перанесены на 22 траўня, бо не прыйшлі міліцыянты-сьведкі.

У кватэры ў гарадзенскага праваабаронцы й журналіста Ўладзімера Хільмановіча адбыліся ператрусы, санкцыяваныя пракурорам Менскай пракуратуры ў рамках крымінальнай справы «Партнэрства». Супрацоўнікі КДБ канфіскавалі кампутарную тэхніку й дакумэнты ГА «Фонд імя Лява Сапегі». Пасьля гэтага іншая група супрацоўнікаў КДБ запатрабавалі, каб журналіст прысутнічаў на ператрусе іншай прыватнай кватэры (у рамках той самай справы), дзе таксама канфіскавалі кампутарную тэхніку, якая належала Хільмановічу й Віктару Сазонаву.

Супрацоўнік КДБ Андрэй Казганка спрабаваў уручыць берасьцейскай актывістцы Паліне Панасюк позву да сьледчага Ю.Гара. Дзяўчына не адчыніла дзьверы,а папрасіла паслаць ёй позву поштай.

Журналістцы «Газеты Слонімскай» Вользе Шынкевіч начальнік інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Слоніму і Слонімскага раёну Мікалай Дзегцяроў адмовіўся прадаставіць інфармацыю.

12 траўня: тры месяцы арышту Сасіму

У Баранавічах моладзевага лідэра Мікіту Сасіма прысудзілі да 3 месяцаў арышту за «ўхіленьне ад вайсковай службы». Да суду Мікіта адбыў 2 месяцы ў Баранавіцкім СІЗА, яму засталося дабыць за кратамі 1 месяц.

АМАПаўцы не давалі стаяць каля турмы на Акрэсьціна ў Менску дэмакратычным актывістам, якія прыйшлі сустрэць выхад зь вязьніцы Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Бухвостава, Зьмітра Дашкевіча. Пасьля сустрэчы былі затрыманыя Мацей Чысьцік, Тацяна Камкар, Уладзіслаў Петрушэнка, Ільля Богдан, Аўген Шадко, К.Вусянок, Дзяніс Апаровіч, Ірына Завадзкая, Аляксей Казулін, Наста Чахаўская, Саша Сайфуліна, Сяргей Сарока, Аляксей Мікульчык, Антось Каліноўскі, Крысьціна Сарпаева.

У Берасьці міліцыянты спынілі на вуліцы Андрэя Любенчука, на заплечніку якога была налепка «Свабода!»: у яго з заплечніка сканфіскавалі 58 такіх налепак і склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.

Кіраўніцу РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Тацяну Процьку ня выпусьцілі ў Бэрлін для выступу пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі: дазвольны штамп у пашпарце скасавалі, канфіскавалі гадавы даклад БХК, відэафільм пра выбары прэзыдэнта й іншыя матэрыялы.

У Жлобіне затрымалі 5 моладзевых актывістаў з Жлобіна й Гомеля (Эдвард Зелянкоў і інш.), якіх зьвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.

Суд Першамайскага раёну Менску апраўдаў лідэра БСДГ Станіслава Шушкевіча, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі 1 траўня.

Падчас флэш-мобу з марозівам на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) у Менску затрыманыя каля 10 удзельнікаў.

Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску адмовіла Вячаславу Сіўчыку ў пачатку крымінальнай справы па факце яго выкраданьня і замаху на забойства, абгрунтаваўшы гэта адсутнасьцю грамадзка небясьпечнага дзеяньня.

У Бабры затрымалі мастака Алеся Пушкіна: яго падазраюць у абліваньні фарбай помніка савецкаму сьмершаўцу Васілю Чабатарову, які запомніўся жыхарам Бабра ў вайну як падпальшчык хатаў. Дома ў Пушкіна правялі ператрус, сканфіскавалі кнігі Зянона Пазьняка, падшыўку «Нашай Нівы», часопіс «Arche». Выпусьцілі мастака толькі 15 траўня.

14 траўня: затрыманы Палубятка

Падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня дзяржаўнага сьцяга і герба ў Мастах міліцыянты затрымалі актывіста БСДП (Г) Язэпа Палубятку за распаўсюд улётак (з выходнымі зьвесткамі) у падтрымку зьняволенага Акляксандра Казуліна. 5 афіцэраў міліцыі адмовіліся складаць на Палубятку пратакол, пагадзіўся шосты – маладзенькі лейтэнант.

У Салігорску моладзевыя актывісты ўзьнялі нацыянальны сьцяг. Міліцыянты ў цывільным затрымалі сьведку акцыі Ўладзімера Гарэлікава й трымалі яго ў пастарунку 4 гадзіны, удзельніка акцыі Ўладзімера Шылу спрабавалі затрымаць.

15 траўня: Леванеўскі на свабодзе

АГП на 15 траўня атрымала каля 20 адмоваў на просьбу даць памяшканьне, каб правесьці 28 траўня чарговы Х зьезд партыі. У крайнім разе партыя гатовая правесьці зьезд па-за межамі краіны.

Гомельскіх актывістаў АГП Андрэя і Кацярыну Толчыных адміністрацыйная камісія Савецкага раёну аштрафавала на 5 базавых велічыняў кожнага за распаўсюд 24 красавіка ўлётак пра забарону аблвыканкамам чарнобыльскага мітынгу з удзелам Аляксандра Мілінкевіча. Паседжаньне камісіі адбылося завочна, пастанову Толчыны атрымалі поштай.

Кіраўніцтва калёніі «Віцьба-3» адмовілася перадаць палітвязьню Сяргею Скрабцу лекі ад алергіі.

Аляксандру Казуліну выстаўленае канчатковае абвінавачаньне: яго вінавацяць у злосным хуліганстве 2 сакавіка й арганізацыі вулічных беспарадкаў 25 сакавіка. Палітыку пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Суд Гомельскага раёну адмовіў актывісту прафсаюзу РЭП Аляксандру Еўсейчуку ў пазове на абарону гонару і годнасьці на адрас дырэктара аўтапарку №1 Хадакоўскага. Прафсаюз падаў доказы абразаў Хадакоўскага на адрас Еўсейчука, аднак суд прыняў бок адказчыка. Адна зь сьведак з боку дырэктара на судзе заявіла, што ў яе чацьвёра дзяцей, што яна хоча працаваць у аўтапарку, таму нічога гаварыць ня будзе.

Выйшаў на волю пасьля двух гадоў зьняволеньня палітвязень Валеры Леванеўскі.

У Віцебску на 1 б.в аштрафавалі моладзевага актывіста Віталя Броўку, абвінавачанага ў дробным хуліганстве. Паводле гэтага абвінавачаньня Броўку й ягонага сябар Антона Эрдмана ўжо каралі: 23 сакавіка іх затрымалі ў Менску, прывезьлі пад канвоем у Віцебск, дзе яны былі 3 сутак у ізалятары.

Пачаўся судовы працэс за «зьнявагу работніка міліцыі» над віцебскім моладзевым актывістам Сьцяпанам Цішуціным: яго затрымалі 14 траўня, склалі пратакол за дробнае хуліганства і зьмясьцілі ў ІЧУ. На судзе Цішуцін запатрабаваў адваката. Судзьдзя пагадзілася даць яму час на пошук абаронцы, але міліцыянты зноў завезьлі яго ў ізалятар. Тады Цішуцін зьвярнуўся з хадайніцтвам пра выклік дадатковых сьведкаў, і працэс быў перанесены на 17 траўня.

Ня змог дабіцца аднаўленьня на працы праз суд звольнены 17 сакавіка актывіст КХП БНФ Кастусь Кашэль – супрацоўнік дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемтва «Ўнікаштмэт БДУ».

Актывіст Свабоднага прафсаюзу Юры Рыжкоў 24 сакавіка звольнены, па словах кіраўніцтва, за неналежнае выкананьне абавязкаў, але з афіцыйнай фармулёўкай «па дамоўленасьці бакоў» (працаваў грузчыкам у краме «Надзея» ў Менску). Падчас кампаніі адміністрацыя крамы двойчы папярэджвала яго за агітацыю на працоўным месцы.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0