Лідэры Аб'яднаных дэмакратычных сілаў вырашылі зьвярнуцца да кіраўніцтва беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё з прапановай арганізаваць шэраг палітычных дэбатаў па пытаньнях, якія зараз найбольш хвалююць грамадзянаў. Паводле апазыцыйных палітыкаў, зараз дзяржаўныя СМІ мэтанакіравана ігнаруюць выбарчую тэму, і ў людзей ствараецца ўражаньне, што ніякіх выбараў у Беларусі не адбываецца.

З прапановай зьвярнуцца да дзяржаўных тэле‑ і радыёканалаў выступіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Сваю ініцыятыву палітык агучыў 7 жніўня падчас паседжаньня Прэзыдыюму Палітрады АДС. Як адзначыў Анатоль Лябедзька, зараз тое, што ў краіне ідуць парлямэнцкія выбары адчуваюць толькі зборшчыкі подпісаў і тыя людзі, да якіх яны прыйшлі. Аднак насамрэч, гэта вельмі важная падзея, якая павінна хваляваць кожнага грамадзяніна Беларусі:

«Сёньня выбаршчыкі хочуць пачуць адказ на пытаньне: што прапануюць кандыдаты ў дэпутаты. Асабліва арганізаваных структур. Па сацыяльнай палітыцы, па будаўніцтве атамнай станцыі, па сыстэме адукацыі. Каб людзі рабілі сьвядомы выбар, яны павінны валодаць як мага большай інфармацыяй».

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што перадвыбарчыя дэбаты перавысяць рэйтынгі большасьці праграм беларускага тэлебачаньня, уключаючы і тыя, якія расказваюць гледачам «пра паездкі некаторых чыноўнікаў па рэгіёнах»:

«Калі б правесьці сацыялягічнае апытаньне ці рэфэрэндум, то за нашу прапанову выкажацца больш за 90 адсоткаў выбаршчыкаў. І гэта будзе абсалютна шчыра. Без усялякіх фальсыфікацый».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?