8 жніўня а 15:08 па беларускім часе ў Пэкіне пачнуцца 29-я Летнія Алімпійскія гульні. Напэўна, ад Масквы-1980 і Лос-Анжэлеса-1984, якія байкатавалі прадстаўнікі капіталістычнага і сацыялістычнага блёкаў адпаведна, ніводная іншая Алімпіяда не выклікала такой неадназначнай рэакцыі.

Тыбэцкая праблема

Нельга ж параўнаць сытуацыю чатырохгадовай даўніны, калі частка канадзкіх спартоўцаў абяцала не прыехаць на Гульні ў знак пратэсту супраць зьнішчэньня муніцыпалітэтам Афінаў бадзяжных жывёлаў, і сёлетнюю кітайскую Алімпіяду, байкот якой абмяркоўваўся ў вядучых краінах сьвету, ад Амэрыкі пачынаючы.

Асабліва востра такія галасы загучалі сёлета ў сакавіку, калі кітайскія ўлады жорстка задушылі ў Лхасе выступы прыхільнікаў незалежнасьці Тыбэту. Дарэчы, тыбэтцы, якія больш за паўстагодзьдзя пазбаўленыя незалежнасьці, прасочвалі ўвесь шлях перамяшчэньня па сьвеце алімпійскага агню. Спроба загасіць агонь рабіліся Лёндане, Парыжы, Сан-Францыска. Часта графік руху агню даводзілася трымаць у сакрэце.

У інтэрнэце ж пачалася акцыя «Запалі сьвечку за Тыбэт». Яе ініцыятары заклікаюць выказаць салідарнасьць з Тыбэтам, запаліўшы сьвечку 7 жніўня а 21:00 (па мясцовым часе). За дзень да пачатку Гульняў.

«Мы просім усіх ахвотных далучыцца да нас, — пішуць ініцыятары праекту www.candle4tibet.org. — У дзень адкрыцьця Алімпіяды запаліце сьвечку ў сваім доме, на працы ці ў іншым грамадзкім месцы. Пастаўце сьвечку на падваконьнік, на стол... туды, дзе іншыя змогуць пабачыць яе зьзяньне. Наша акцыя — гэта не пратэст супраць Алімпіяды, гэта падтрымка свабоды!»

8 жніўня арганізатары акцыі накіруюць лісты кіраўнікам дзяржаваў сьвету з падрабязнай інфармацыяй пра тое, колькі жыхароў іх краіны хочуць, каб Тыбэт стаў вольным.

Зрэшты, праблема Тыбэту не адзіная. Да байкоту Гульняў таксама падштурхоўвалі пастаянны ўціск правоў чалавека ў азіяцкай краіне, наступ на свабоду слова, падтрымка ўрадам Кітаю адыёзных дыктатур па ўсім сьвеце — КНДР, М’янмы, Зымбабвэ, Судану, Беларусі.

За байкот выступілі Amnesty International, «Рэпарцёры бязь межаў», старшыня Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг, некаторыя зоркі Галівуду.

Зрэшты, уявіць у сёньняшнім сьвеце байкот Алімпіяды досыць складана. Многія спартоўцы мэтанакіравана рыхтуюцца ўсе чатыры гады менавіта да гэтага старту. Тут варта пачытаць выказваньні трохразовага Алімпійскага чэмпіёна ў веславаньні, палітыка Ўладзімера Парфяновіча, які і сёньня вельмі шкадуе, што праз палітыку дзяржавы ня змог трапіць у Лос-Анжэлес.

Урэшце, байкоту ня будзе. Нават Джордж Буш пацьвердзіў, што будзе 8 жніўня ў Пэкіне. «Я магу гаварыць кітайскаму кіраўніцтву пра свабоду да Алімпіяды, падчас Алімпіяды, пасьля Алімпіяды — што я і раблю. Мне не патрэбная Алімпіяда, каб данесьці да кітайскага ўраду сваю пазыцыю», — растлумачыў Буш.

Плянуецца, што Пэкін наведае і Аляксандар Лукашэнка.

Афінскія паралелі

На гэты раз перад беларускімі фэдэрацыямі ня ставілі мэдальных плянаў. Нагадаем, што перад Афінамі Міністэрства спорту ўзяла расьпіску па мэдалях у кожным відзе спорту. Усяго было заплянавана 25 мэдалёў. Адзіным, хто адмовіўся падпісваць «плян» быў старшыня фэдэрацыі боксу Грыгараў. І, наўзьдзіў, баксёры замест аднаго мэдаля, які ставілі ў задачу, прывезьлі два. А сам Грыгараў стаў міністрам спорту, замяніўшы на пасадзе Юр’я Сівакова.

Сёлета Грыгараў кажа пра больш сьціплыя задачы — 17 мэдалёў і месца ў дваццатцы наймацнейшых краінаў сьвету. Калі так будзе насамрэч, то гэта будзе вялізны посьпех. Чатыры гады таму Беларусь з 15 мэдалямі разьмясьцілася на 26-м радку.

У Грэцыі ў нашай каманды было дзьве залатыя ўзнагароды — сэнсацыйная Юлія Несьцярэнка выйграла стомэтроўку, а ў дзюдо перамог Ігар Макараў, які стаў першым беларускім мужчынам, які выйграў золата Алімпіяды ў сувэрэннай беларускай гісторыі. Макараў у Кітай не адабраўся ўвогуле, разьлічваць на новыя подзьвігі ад Несьцярэнкі таксама не выпадае. На што ж тады разьлічваць беларусам?

Беларускія шанцы

Многія сыходзяцца ў меркаваньні, што тры першыя радкі нам ужо забясьпечаныя. Тут найчасьцей называюцца прозьвішчы кідальніка молата Івана Ціхана (які можа давесьці да інфаркту нават Лукашэнку, як выказаўся кіраўнік дзяржавы на провадах каманды ў Пэкін), цяжкаатлета і рэкардсмэна сьвету Андрэя Рыбакова (дарэчы, роднага брата былога кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова), а таксама вечна маладой Кацярыны Карстэн у акадэмічным веславаньні (яна ўжо выйгравала на Алімпіядах двойчы — у Атлянце і Сіднэі).

Сапраўды, уявіць сытуацыю, што нехта з гэтай тройкі застанецца без мэдалёў, фактычна немагчыма. А ў Ціхана ёсьць яшчэ не абы-які напарнік — Вадзім Дзевятоўскі, які ў любы момант можа зьмяніць Івана на верхняй пазыцыі п’едэсталу.

Як заўсёды, найбольшая колькасьць узнагародаў будзе разыгрывацца ў лёгкай атлетыцы. Шанцы беларусаў там таксама ня кепскія. Найперш гэта зьвязана кідальнікамі і штрухальнікамі. Апроч мужчынскага молата, пра які мы ўжо казалі, асабліва добрыя пазыцыя выглядаюць у жаночым ядры, дзе нашу краіну прадставяць Надзея Астапчук, Натальля Харанека і Яніна Карольчык. Дарэчы, алімпійская чэмпіёнка Сыднэю Карольчык ускочыла ў апошні вагон, пасьля дыскваліфікацыі Юліі Леанцюк. Іронія заключаецца ў тым, што сама Карольчык некалі была вымушаная сысьці з спорту праз допінгавы скандал.

Андрэй Міхневіч (муж Натальлі Харанекі) і Юры Бялоў павінны годна праставіць Беларусь у штурханьні ядра, а Эліна Зьверава і Ірына Ятчанка — у кіданьні дыску. Ёсьць асьцярожныя надзеі на жаночыя эстафэты 4 па 100 і 4 па 400. Відавочна, што не павінен застацца ўбаку ад мэдальных разборак і дзесяціборац Андрэй Краўчанка. У ягоным выпадку галоўнае, каб не падвялі нэрвы.

У цяжкай атлетыцы добрыя пэкінскія пэрспэктывы адкрываюцца перад юным барысаўцам Андрэем Арамнавым. Мо мэдаль зачэпіць нехта і зь дзяўчат.

У вэляспорце спадзяваньні найперш на нашу прыму Натальлю Цылінскую, якая яшчэ ні разу і не была алімпійскай чэмпіёнкай. Хаця ёсьць яшчэ таленавіты Васіль Кірыенка, які выступіць у гонцы па пунктах.

Зусім кепскія справы ў некалі беларускім відзе — спартовай гімнастыцы, дзе на мэдаль прэтэндуе толькі Дзьмітры Касьпяровіч (ня блытаць з былым палітвязьням) у апорным скачку. У мастацкай гімнастыцы за бронзу можна будзе зачапіцца толькі ў камандных спаборніцтвах.

Асаблівыя надзеі будуць зьвязаныя ў нас з мужчынскай шпагай, хлопцы ўпершыню прабіліся ў гэты від камандай. Упершыню на Алімпіядзе сыграюць і нашы баскетбалісткі. Іхны турнір увогуле павінен стаць галоўным упрыгожваньнем пэкінскіх Гульняў для Беларусі.

Хочацца верыць, што Валодзя Самсонаў нарэшце зможа зламаць супраціў кітайцаў у настольным тэнісе, а Віцы Азаранцы хопіць сілаў у тэнісе вялікім.

Зусім мізэрныя шанцы ў нашых у водных відах спорту. Хіба што Герасіменя ці Хахлова прынясуць сюрпрыз у плаваньні ці Дар’я Роменская — у скачках з трампліну.

У вольнай і грэка-рымкай барацьбах нашу краіну прадставяць фактычна толькі выхадцы з Каўказу, але можа нехта выстраліць і зь іх. У боксе надзея на Віктара Зуева, які ў Атэнах заваяваў срэбра.

Зрэшты, як той Піліп з канапель можа выскачыць і нехта з тых атлетаў, каго не адносяць да фаварытаў. Гэта ж Алімпіяда, а на ёй розныя цуды ўзьведзены ў ранг нармальнай зьявы.

«Чыстае» паветра і блякаваныя сайты

Плянуецца, што алімпійскі агонь на галоўнае арэне Гульняў загарыцца 08.08.2008 а восьмай вечара ў восем хвілін і восем сэкунд, а калі пашанцуе, то і ў восем дзесятых сэкунды. Такая вось магія лічбаў.

Ужо сёньня вядома, што пэкінская Алімпіяда стане самай дарагой у гісторыі. На яе было выдаткавана 40,5 мільярда даляраў.

Мала хто сумняецца, што ЗША будзе вымушаная аддаць верхні радок мэдальнай табліцы гаспадарам. Занадта ўжо магутна выглядае кітайская зборная, у якой фактычна няма слабых месцаў.

Цырымонію адкрыцьця Алімпіяды на стадыёне «Птушынае гняздо» наведаюць каля 160 тысяч чалавек.

Пайшлі кітайцы на саступкі і ў інтэрнэт-сфэры, хаця яшчэ за месяц да пачатку ніякіх зрухаў у гэтым пытаньні не было. Пасьля доўгіх перамоваў прадстаўнікоў НАКу і кітайскіх уладаў, было прынятае рашэньне, што журналісты змогуць карыстацца сусьветнай павуцінай без абмежаваньняў. Блякавацца будуць толькі тыя сайты, якія «арыентаваныя супраць нацыянальных інтарэсаў Кітаю».

Стала чысьцейшым і пэкінскае паветра. Гэта адбылося пасьля таго, як арганізатары Алімпіяды прынялі рашэньне аб часовым закрыцьці ў кітайскай сталіцы будоўляў і фабрык. Таксама адбылася рэарганізацыя дарожнага руху. У пэўныя дні на трасы Пэкіна могуць выяжджаць толькі машыны з цотнымі нумарамі, у іншыя — зь няцотнымі. За парушэньне такой пастановы чакаецца досыць істотныя пакараньні. Хаця спартоўцы ЗША і Новай Зэляндыі ўсё адно носяць у Пэкіне адмысловыя маскі, якія абараняюць дыханьне ад атрутных рэчываў.

Алімпіяда — гэта ня толькі галы, пункты, сэкунды. Часта гэта перамогі над самім сабой. Чаго толькі варты 60-гадовага аўстралійца Лоры Левэра, дэбютуе на Гульнях у конным спорце.

Не забываемся таксама, што адразу пасьля сканчэньня асноўных Алімпійскіх гуляў пачынаецца Параалімпіяда. Спаборніцтвы людзей моцных духам, якія не скарыліся і хваробе і не засталіся зь ёй сам-насам, а сталі рабіць сапраўдныя подзьвігі.

Ад 8 да 24 жніўня нас чакае тры тыдні бескампраміснай барацьбы, якую мы пабачым на дзяржаўных тэлеканалах, а таксама «Эўраспорце».

У Старажытнай Грэцыі была традыцыя, калі падчас правядзеньня Гульня спыняліся ўсе войны і канфлікты. Як бы файна было, каб такая традыцыя адрадзілася і сёньня, бо Гульні ж сапраўды аб’ядноўваюць нацыі і кантынэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?