Суд у горадзе Іўрэя паўночна-заходняга італьянскага рэгіёна П'емонт пастанавіў, што размовы па мабільным тэлефоне па тры-чатыры гадзіны ў дзень на працягу 15 гадоў прывялі да развіцця дабраякаснай пухліны мозгу ў кіраўніка адной з мясцовых кампаній, піша ВВС.

Разгледзеўшы пазоў, пададзены 57-гадовым Раберта Рамэа да сацыяльных службаў, суд палічыў, што яму належыць дзяржаўная пенсія за шкоднасць. Пры гэтым адвакаты сацслужбаў могуць абскардзіць гэтае рашэнне.

«Упершыню ў свеце суд прызнаў сувязь паміж некарэктным выкарыстаннем мабільнага тэлефона і пухлінай мозгу», — заявілі адвакаты бізнэсмена Рэната Амброзія і Стэфана Бертонэ.

Сам Рамэа пры гэтым далёкі ад таго, каб дэманізаваць сотавую сувязь: «У мяне не было выбару — мне неабходна было арганізоўваць працоўны працэс і гутарыць з калегамі ўвесь час — хоць у машыне, хоць дома — на працягу 15 гадоў».

«Але я веру, што нам варта ведаць больш аб тым, як карыстацца мабільнымі», — дадаў італьянец.

Па словах Раберта, ён упершыню адчуў нядобрае ў 2010 годзе, калі яму стала здавацца, што яго правае вуха вечна закладзенае. «На шчасце, пухліна была дабраякаснай, але цяпер я нічога не чую [гэтым вухам], бо мне выдалілі слыхавы нерв», — адзначае прадпрымальнік.

Запрошаны судом лекар ацаніў шкоду, нанесеную магчымасцям Рамэа ў ходзе лячэння, як істотную, у сувязі з чым суддзя пастанавіў выплачваць пацярпеламу па 500 еўра ў месяц са сродкаў нацыянальнага страхавога фонду Італіі.

Як адзначаюць навукоўцы, рызыка ўзнікнення пухлін ад недоўгачасовага выкарыстання мабільных тэлефонаў вельмі невялікая, аднак яна прысутнічае пры пастаянным выкарыстанні такіх прылад.

Пры гэтым спецыялісты заўсёды агаворваюцца, што тэхналогіі развіваецца вельмі хутка, і заклікаюць з асцярожнасцю рабіць высновы пра ўплыў смартфонаў і планшэтаў на арганізм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?